Пракапеня заснаваў EPAM, Чыж — кіраўнік ПВТ. DeepSeek і ChatGPT адказваюць на наіўныя пытанні пра беларускае ІТ
DeepSeek тэсціруюць усе, каму толькі хочацца, параўноўваючы яе магчымасці з уменнямі старэйшых і даражэйшых таварышаў. Мы таксама паспрабавалі, задаўшы кітайскай мадэлі і ChatGPT простыя пытанні пра ІТ-галіну ў Беларусі. Вось што атрымалася.
Назаві самы моцны бок беларускай ІТ-індустрыі
Абодва чат-боты адказалі разгорнута і па справе.
Паводле версіі кітайскай мадэлі, гэта «высокі ўзровень тэхнічнай адукацыі і кваліфікацыі спецыялістаў». Нейронка згадала, што Беларусь «мае даўнія традыцыі ў галіне матэматыкі, праграмавання і інжынерыі, закладзеныя яшчэ ад часоў СССР», гэта і дазволіла краіне стаць «адным з вядучых цэнтраў распрацоўкі праграмнага забеспячэння ва Усходняй Еўропе».
DeepSeek таксама пералічыла пяць аспектаў гэтага пункта:
- Сістэма адукацыі (тут нейронка згадала БДУІР і БДУ, якія «рыхтуюць высакакласных спецыялістаў у галіне ІТ»; упор на фундаментальныя веды і перамогі беларускіх студэнтаў на міжнародных алімпіядах);
- Вопыт у аўтсорсінгу і распрацоўцы софту (у гэтым месцы DeepSeek згадала EPAM Systems, Wargaming і Viber);
- Культура інавацый і стартапаў (згаданыя Viber, Maps.me і MSQRD, а яшчэ ПВТ, які дае льготы)
- Адаптыўнасць і ўстойлівасць (у гэтым месцы мадэль згадала пра палітычныя і эканамічныя крызісы і вырашыла, што яны для беларускай ІТ-галіны нічагусенькі не значаць: «Нават пасля падзей 2020 года і адтоку часткі спецыялістаў за мяжу, ІТ-сектар працягвае заставацца адной з самых дынамічных галін эканомікі Беларусі»).
- Міжнароднае прызнанне (тут DeepSeek плюхнула лёстачак распрацоўшчыкам і кампаніям, якія «вядомыя сваім прафесіяналізмам і якасцю працы» і наогул супрацоўнічаюць з Google, Microsoft і SAP).
Увогуле, самы моцны бок беларускай ІТ-індустрыі — гэта людзі, робіць высновы нейронка — «высокакваліфікаваныя, матываваныя і здольныя вырашаць складаныя задачы спецыялісты». І ставіць румяны смайлік пры канцы.
У ChatGPT да смешнага падобная структура адказу: тэзіс, аргументы, выснова і румяны смайлік замест кропкі.
«Самы моцны бок беларускай ІТ-індустрыі — гэта яе інжынерная школа і высокі ўзровень тэхнічных спецыялістаў», сцвярджае мадэль і прыводзіць доказы:
- якасная тэхнічная адукацыя (БДУІР, БДУ, ГДТУ, Гродзенскі ўніверсітэт);
- моцныя інжынерныя кадры (маўляў, у краіне сфармавалася культура моцных распрацоўшчыкаў);
- гістарычна развітая аўтсорс-мадэль (гэта заслуга кампаній накшталт EPAM, Itransition, Oxagile, Qulix Systems, LeverX).
- крэатыўнасць і адаптыўнасць (ChatGPT хваліць айцішнікаў за тое, што яны развіваюць кар’еру, нягледзячы на палітычныя і эканамічныя крызісы і пры гэтым захоўваюць сувязь з беларускім ІТ-кам’юніці. Прыклады паспяховых прадуктаў: Flo Health, PandaDoc, Wargaming, Viber).
Як вынік, галоўны плюс беларускай ІТ-індустрыі ў тым, што яна арыентаваная на тэхнічнае майстэрства і высокую якасць распрацоўкі. Усмешачка.
Назаві самы слабы бок беларускай ІТ-індустрыі
У ChatGPT хутка знайшоўся адказ: «Гэта палітычная і эканамічная нестабільнасць, якая моцна ўплывае на бізнэс-асяроддзе і перспектывы росту». У расшыфроўцы чат расказаў пра санкцыі ў дачыненні да Беларусі, эміграцыю спецыялістаў і кампаній, недахоп венчурнага капіталу для стартапаў і рэпутацыйныя рызыкі — увогуле ўсё дарэчна, але без канкрэтыкі.
DeepSeek на гэтым пытанні зламалася і папрасіла try again later. Але праз некалькі хвілін усё ж выдала адказ: самая вялікая ўразлівасць — «гэта залежнасць ад вонкавых рынкаў і ўразлівасць да палітычных і эканамічных крызісаў».
Высвятляецца, арыентацыя на экспарт — гэта слабы бок беларускага ІТ. «Большасць кампаній працуюць з замежнымі кліентамі, што робіць іх уразлівымі да змен на глабальных рынках, санкцый і палітычнай нестабільнасці».
Іншыя праблемы галіны, паводле версіі кітайскай нейронкі, гэта
- адток спецыялістаў («прычыны — палітычная нестабільнасць, абмежаванні на свабоду перамяшчэння і прывабнейшыя ўмовы працы за мяжой»)
- абмежаваны ўнутраны рынак («гэта змушае кампаніі арыентавацца на экспарт, што павялічвае рызыкі»).
- А яшчэ — «непрадказальнасць рэгулявання і магчымыя змены ў заканадаўстве (напрыклад, падаткаабкладанне ПВТ)».
Выснова DeepSeek гучыць вельмі па-кітайску: высокая залежнасць ад вонкавых фактараў робіць ІТ-галіну ўразлівай да крызісаў. Для ўстойлівага развіцця трэба «дыверсіфікаваць рызыкі, развіваць унутраны рынак і ствараць умовы для ўтрымання талентаў».
Якая самая крутая ІТ-кампанія з беларускімі каранямі?
Абедзве нейронкі адказалі аднолькава — EPAM Systems. Аргументацыя ў іх таксама падобная.
Так, DeepSeek адзначыў глабальную прысутнасць і маштаб, высокі ўзровень тэхналогій і экспертызы, фінансавы поспех і ўстойлівасць, культуру і каштоўнасці. А яшчэ беларускія карані і ўплыў на краіну: маўляў, кампанія адыграла велізарную ролю ў станаўленні беларускай ІТ-індустрыі, стварыўшы тысячы працоўных месцаў і спрыяючы развіццю ІТ-адукацыі ў краіне. Як вынік, «EPAM — гэта не проста кампанія, а сімвал поспеху беларускай ІТ-індустрыі».
Паводле версіі ChatGPT, на першае месца EPAM выводзіць глабальны маштаб і прызнанне, даўгавечнасць і ўстойлівасць, рэпутацыя і якасць, а таксама ўплыў на эканоміку і ролю ў фармаванні беларускай ІТ-індустрыі. Кожны пункт расшыфраваны — даволі лагічна і праўдзіва.
Хто «шэры кардынал» беларускага ІТ?
Зусім іншая гісторыя пачынаецца, калі просіш скласці топ-10 уплывовых беларускіх айцішнікаў. Мы двойчы задавалі гэтае пытанне — да дыялогу пра моцныя-слабыя бакі белІТ і пасля. Вынік «да» быў жудасны/выдатны. Палову персон абедзве АІ-мадэлі выдумалі, другой палове прыпісалі чужыя заслугі. Быў і дзікі мікс паміж рэальнымі кампаніямі і фальшывымі імёнамі.
Так, DeepSeek назваў Віктара Пракапеню заснавальнікам EPAM, Viber, Maps.me, Юрыя Мельнічка — заснавальнікам Gismart, Ігара Мамоненку — «былым топ-менеджарам EPAM, які пазней працаваў у IHS Markit».
Яшчэ ў яго топе апынуліся нейкія «Андрэй Аўраменка, адзін з ключавых кіраўнікоў EPAM», «Зміцер Ананьеў, сузаснавальнік Wargaming», «Аляксандр Чыж, дырэктар ПВТ», «Аляксандр Квасьнеўскі, адзін са стваральнікаў Viber».
На сумленні ChatGPT «Андрэй Адамовіч, сузаснавальнік і CTO кампаніі Flo Health», «Аляксандр Васілеўскі, заснавальнік Verv» і «Андрэй Касцючэнка, генеральны дырэктар BelPrime Solutions».
Зрэшты, іншыя імёны са спіса — Віктара Кіслага, Віктара Пракапеню, Сяргея Гвардзейцава, Яўгена Неўгеня, Міхаіла Дубакова — нейронка не выдумала і суаднесла з кампаніямі больш-менш правільна.
Аркадзя Добкіна, як ні дзіўна, з першай спробы не згадала ні тая, ні другая АІ-мадэль. На дакорлівае «ну што ж ты» ChatGPT стаў апраўдвацца, маўляў, Добкін «даўно жыве ў ЗША, і ўплыў яго на беларускі рынак аслаб, асабліва пасля падзей 2020 года і частковага сыходу EPAM з краіны».
Пасля разагрэву на тэму ІТ-галіны ў Беларусі амерыканская мадэль выправілася і выдала адносна адэкватны спіс уплывовых ІТ-персон. Добкіна яна ўжо паставіла на першае месца. Але пры канцы здзьмулася і зноў стала галюцынаваць, крыўдзячы Юрыя Гурскага.
ТОП-10 уплывовых беларускіх айцішнікаў, паводле версіі ChatGPT (увага! пункт 10 не адпавядае рэчаіснасці)
1. Аркадзь Добкін
- Роля: Заснавальнік і CEO EPAM Systems.
- Уплыў: Стварыў глабальную IT-кампанію, якая працягвае быць адным з лідараў на рынку аўтсорсінгу і распрацоўкі софту.
2. Віктар Кіслы
- Роля: Заснавальнік Wargaming.net.
- Уплыў: Распрацоўшчык адной з самых паспяховых гульняў свету — World Of Tanks, якая прынесла Беларусі міжнароднае прызнанне ў гульнявой індустрыі.
3. Міхаіл Дубакоў
- Роля: Заснавальнік Targetprocess і Fibery.
- Уплыў: Пасля продажу Targetprocess у 2021 годзе заснаваў кампанію Fibery, якая прыцягнула ўвагу інвестараў і стала важным гульцом на рынку кіравання праектамі.
4. Віктар Пракапеня
- Роля: Інвестар, заснавальнік VP Capital.
- Уплыў: Падтрымлівае развіццё стартапаў і тэхналагічных кампаній у Беларусі, актыўна інвестуе ў інавацыі.
5. Сяргей Гвардзейцаў
- Роля: Заснавальнік Itransition.
- Уплыў: Стварыў адную з найбуйнейшых аўтсорсінгавых ІТ-кампаній у Беларусі з глабальнай прысутнасцю.
6. Зміцер Карповіч
- Роля: Сузаснавальнік Oxagile.
- Уплыў: Oxagile — гэта паспяховая ІТ-кампанія, якая аказвае паслугі распрацоўкі софту для буйных міжнародных кліентаў.
7. Сяргей Марчук
- Роля: Сузаснавальнік Oxagile.
- Уплыў: Зрабіў значны ўнёсак у развіццё кампаніі і яе росту на міжнароднай арэне.
8. Аляксей Макараў
- Роля: Сузаснавальнік Qulix Systems.
- Уплыў: Адная з вядучых беларускіх ІТ-кампаній, якая актыўна працуе ў галіне распрацоўкі софту і IT-кансалтынгу.
9. Аляксандр Арабей
- Роля: Сузаснавальнік Qulix Systems.
- Уплыў: Удзельнічае ў кіраванні кампаніяй і яе пашырэнні на міжнародныя рынкі.
10. Юрый Станкевіч
- Роля: Заснавальнік Flo Health.
- Уплыў: Распрацаваў адную з самых паспяховых праграм для жаночага здароўя — Flo, якая мае мільёны карыстальнікаў ва ўсім свеце.
А вось кітайская мадэль не здалася і паўтарыла сачыненне пра «заснавальніка EPAM Пракапеню» і «дырэктара ПВТ Чыжа».
Чаму айцішнікі ў Беларусі часта выкарыстоўваюць слова «галера»?
Спадзяваліся на смешныя адказы, але абедзве нейронкі манатонна патлумачылі, што гэта метафара цяжкай і часта манатоннай працы ў кампаніі і што яна суб’ектыўная.
DeepSeek дадала гістарычнага кантэксту пра прыкаваных ланцугамі весляроў і падсумавала, што «галеры» характарызуюцца высокімі нагрузкамі, адсутнасцю свабоды і нізкай аплатай працы. На думку кітайскай АІ-мадэлі, класічны прыклад «галеры» — гэта невялікія аўтсорсінгавыя кампаніі, якія працуюць з замежнымі заказчыкамі на ўмовах жорсткай канкурэнцыі.
А вось ChatGPT, наадварот, лічыць, што «галерамі» часцей з’яўляюцца стартапы або маладыя кампаніі, дзе «структура не зусім арганізаваная і супрацоўнікі вымушаныя працаваць звышурочна для дасягнення кароткатэрміновых мэтаў».
Аднак калі мы запатрабавалі прыклады беларускіх «галер», ChatGPT назваў не стартапы, а EPAM, IBA, Itransition, Ciklum і ISsoft. Прычым зрабіў гэта паліткарэктна: пералічыў пойнты, чаму кожную кампанію лічаць «галерай» і чаму гэта не так.
Дарэчы, ISsoft чат-бот суправадзіў паметкай, што кампанія нібыта паглынутая EPAM (гэта няпраўда). Адкуль інфармацыя пра ISsoft? — абурыліся мы і атрымалі шаблонныя прабачэнні: «Прабачце, я памылкова паказаў гэта на аснове няслушных звестак».
А вось DeepSeek не захацела называць прыклады «галер», затое ўпэўнена выключыла з «галер» EPAM і Wargaming. На яе думку, у «галерах» зп ніжэйшая, чым у EPAM і Wargaming.
На якую зп айцішнік можа нармальна пражыць у Мінску?
ChatGPT паставіўся да пытання адказна і пачаў лічыць. Праз хвіліну ён прапанаваў каштарыс выдаткаў і падсумаваў, што аднаму чалавеку хопіць 900-1500 долараў.
DeepSeek жа палічыў, што жыццё ў Мінску таннейшае. Напрыклад, аднапакаёвую кватэру можна зняць за $155-250, а на ежу можна выдаткоўваць на месяц $125-190 (на $50 больш, чым у версіі ChatGPT).
Уражанні
Абедзве нейронкі нядрэнна адказваюць на нескладаныя агульныя пытанні, але як толькі справа даходзіць да канкрэтных прыкладаў, імёнаў і дэталяў, абедзве галюцынуюць (прычым DeepSeek, здаецца, больш і да таго ж настойвае на сваёй праваце) або сыходзяць ад адказаў.
Выснова: dev.by усё яшчэ лепш расказвае пра беларускае ІТ, чым АІ.
Читать на dev.by