«А ў мяне ж ужо была нармальная праца». Гісторыя пра спробу ўваходу ў шведскае ІТ праз будоўлю і «ПТВ»
Беларус з дыпломам лінгівстычнага вну расказвае, як уладкавана «вышэйшая прафадукацыя» ў Швецыі і чаму цяпер цяжка знайсці вакансіі ў Cloud і Cybersecurity.
Беларус з дыпломам лінгівстычнага вну расказвае, як уладкавана «вышэйшая прафадукацыя» ў Швецыі і чаму цяпер цяжка знайсці вакансіі ў Cloud і Cybersecurity.
У Беларусі Леанід* атрымаў вышэйшую адукацыю ў МДЛУ, але калі пераехаў у Швецыю, вырашыў увайсці ў ІТ. На спецыяліста па ІТ і кібербяспецы ён вывучыўся ў шведскай Yrkeshögskola, што літаральна можна перакласці як «прафесійнае вучылішча». Дарэчы, для афіцыйнага англамоўнага перакладу выкарыстоўваецца тэрмін Higher Vocational Education (HVE, «вышэйшая прафесійная адукацыя»). Як туды трапіць, ці цяжка вучыцца і якія перспектывы адкрывае такі дыплом?
Чаму Швецыя
— У Беларусі я вучыўся ў МДЛУ. Яшчэ студэнтам двойчы ездзіў у ЗША, але заставацца там не захацеў. Тым не менш, пасля заканчэння ўніверсітэта мне было цікава паспрабаваць пажыць у іншай краіне. Я глядзеў у бок Германіі і Скандынавіі, і выбраў у выніку Швецыю. Тут жылі знаёмыя, у якіх можна было спыніцца на першы час.
Ужо тут я пазнаёміўся з асобай, якой трэба была дапамога ў бізнесе. Ён прапанаваў спрабаваць працаваць разам і дапамог аформіць працоўнае запрашэнне і дакументы. Але нашы працоўныя адносіны не склаліся, і мне давялося шукаць нешта іншае.
Як перайсці ад фізічнай працы да тэхнічнай у адной і той жа кампаніі
Праз знаёмых я трапіў у будаўнічую сферу. Фізічная праца не была для мяне чымсь новым. Яшчэ з падлеткавага ўзросту амаль кожнае лета я працаваў з бацькам, каб самому зарабіць на нейкія рэчы. Пазней падпрацоўваў і падчас вучобы.
З часам унутры кампаніі з’явілася магчымасць перайсці да больш тэхнічнай працы. Я дадаткова вучыўся, пачаў займацца электронікай, сістэмамі кантролю доступу, наладкай абсталявання, пошукам няспраўнасцяў. Паступова звычайная будаўнічая праца адышла на другі план, а тэхнічная стала асноўнай. У гэтай кампаніі я працаваў амаль дзесяць гадоў.
Думаю, таму мой пераход у ІТ пачаўся не зусім з нуля. Я змяніў галіну, але звычка працаваць з тэхнікай, шукаць няспраўнасці і разбірацца, чаму сістэма не працуе, з’явілася значна раней.
«Прафвучылішча»
Я даўно хацеў атрымаць шведскую адукацыю. Мясцовая адукацыя тут мае практычнае значэнне: яна адкрывае больш варыянтаў для далейшага прафесійнага росту, а працадаўцу прасцей зразумець, што менавіта ты вывучаў і якога ўзроўню ў цябе падрыхтоўка.
Каб паступіць, мне давялося спачатку закрыць усе неабходныя прадметы шведскай гімназіі: шведскую, англійскую, матэматыку, праграмаванне і яшчэ некалькі прадметаў. Гэта значыць, пераход на ІТ-рэйкі пачаўся задоўга да першага дня самога ІТ-навучання.
Жаданне пайсці ў ІТ я ўсвядоміў, калі зразумеў, што ў маёй ранейшай працы мне ўжо не так цікавая ўстаноўка абсталявання. Значна больш мне падабалася разабрацца ў сістэме: куды ідзе сігнал, чаму прылада страціла сувязь, дзе праблема — у сетцы, канфігурацыі, жалезе ці ў чымсь яшчэ.
Маё рашэнне не было асабліва рацыянальным з фінансавага пункту гледжання. У мяне ўжо была стабільная праца, добрая пасада і нармальны заробак. Я разумеў, што ў новай прафесіі давядзецца ў нейкім сэнсе пачынаць нанова. І даход спачатку, хутчэй за ўсё, будзе меншым.
Ужо падчас вучобы ў мяне з’явіўся інтарэс да Cloud. Я ўбачыў у ім вельмі зручную кропку, у якой сыходзяцца інфраструктура, сеткі, identity, доступ, аўтаматызацыя, бяспека. Таму даволі рана вырашыў, што буду самастойна капаць менавіта туды. А Cybersecurity ўжо натуральна дадаўся зверху: цяжка займацца бяспекай, калі не разумееш саму інфраструктуру.
Маё навучанне ў адным са шведскіх інстытутаў, які рыхтуе па праграме Yrkeshögskola, доўжылася крыху менш за два гады. Яна было сфакусавана на ІТ і Cybersecurity.
Для чалавека з Беларусі сам фармат YH, думаю, можа падацца незвычайным. Гэта не ўніверсітэт у звыклым сэнсе. Тут значна менш акадэмічных прадметаў «на ўсялякі выпадак», затое значна больш таго, што мае дачыненне непасрэдна да абранай прафесіі. Навучанне full-time — прыкладна 40 гадзін на тыдзень. Але гэта не значыць, што ты пяць дзён сядзіш у аўдыторыі. Прыкладна два з паловай дні на тыдзень былі заняткі, а астатні час — самастойная праца, праекты, падрыхтоўка і праца ў групах.
Мне гэтая сістэма вельмі спадабалася. У ёй у цябе з’яўляецца выбар, наколькі глыбока ты хочаш ісці ў нейкім кірунку. Можна зрабіць абавязковае заданне і на гэтым спыніцца, а можна ўзяць тую ж тэму і выдаць на яе яшчэ два дні. Пабудаваць нешта самому, пачытаць дакументацыю, глыбей разабрацца.
Менавіта так я займаўся Cloud. Сам курс па воблачных тэхналогіях у нас быў даволі кароткім — каля двух месяцаў. Зразумела, што за такі час нельга атрымаць той аб’ём ведаў, які потым спатрэбіцца для сур’ёзных сертыфікацый і працы. Таму ўсё астатняе я ўжо давучваў сам.
Іншыя людзі ў групе выбіралі свае кірункі. Хтось больш уваходзіў у Information Security, хтось шукаў уразлівасці ў дадатках або займаўся іншымі тэхнічнымі галінамі.
Але ёсць у такой форме адукацыі і мінус. Нават пасля адбору ўзровень у людзей вельмі розны. Хтось ужо мае тэхнічныя веды і навыкі, хтось прыходзіць практычна без фундаменту. Пры гэтым базавыя рэчы ў такой школе часам праходзяць занадта хутка. Праз гэта можна навучыцца карыстацца інструментам, але не да канца зразумець, чаму ён працуе менавіта так.
Яшчэ адна вельмі незвычайная, але моцная частка YH — гэта практыка на рабочым месцы. У маім выпадку на практыкі сышло каля паўгода. Гэта значыць, гэта не нейкая двухтыднёвая азнаямляльная практыка ў канцы курса, а прыкметная частка самой адукацыі.
Дадам, што адукацыю ў YH я падмацаваў атрыманнем некалькіх профільных сертыфікатаў накшталт Azure Expert і AWS. Я стаўлюся да іх даволі прагматычна. Разумею, што яны не даюць працу, бо на інтэрв’ю ў мяне практычна ніколі не пытаюць: «Якія ў вас сертыфікаты?» Значна часцей пытаюць: «А што вы рабілі?», «Як вы гэта наладзілі?», «Што будзеце правяраць, калі гэта перастала працаваць?»
Але сертыфікаты добрыя як структура для навучання. Асабліва калі яны звязаны здачай складаных экзаменаў, дзе мала адной тэорыі. Даводзіцца адкрываць сервісы рукамі, наладжваць, памыляцца, перарабляць, будаваць праекты, каб веды ўтрымаліся ў галаве.
Думаю, што ў адным выпадку сертыфікаты прынеслі мне і практычную карысць, калі паказалі працадаўцу, што я ўжо даволі глыбока самастойна займаюся Cloud.
Дарэчы, я не заўсёды паказваю ўсе свае сертыфікаты ў CV. Для некаторых вакансій занадта доўгі спіс можа стварыць няправільнае ўражанне. Або проста адцягне ад таго, што працадаўцу сапраўды патрэбна.
Практыка
Шукаць практыку няпроста, асабліва калі хочаш займацца менавіта Cloud або Cybersecurity. Адна практыка ў мяне з’явілася з дапамогай школы. Другую я шукаў самастойна, таму што хацеў трапіць менавіта ў тую вобласць, якой збіраўся займацца далей. На пошукі сышло шмат сілаў: шукаў кантакты, рассылаў лісты, атрымліваў адмовы (або наогул не атрымліваў адказаў). Як аказалася, кампаніі не заўсёды гатовы браць практыканта, асабліва ў вобласці бяспекі.
Затое па выніку абедзве практыкі далі мне вельмі шмат. Самае карыснае было нават не ў канкрэтных тэхналогіях, а ў тым, што пачынаеш бачыць розніцу паміж навучаннем і рэальнай кампаніяй. У вучэбным праекце ты можаш рабіць амаль усё: у цябе ёсць правы, зразумелая архітэктура. Аж да таго, што можна выдаліць рэсурс і стварыць яго нанова.
У кампаніі існуюць свае традыцыйныя працэсы і звязаныя з імі абмежаванні. А яшчэ ёсць старыя сістэмы, розныя каманды. Плюс адказнасць. Рашэнне, якое тэхнічна здаецца самым прыгожым, далёка не заўсёды можна папросту ўзяць і ўкараніць. Вось гэтага разумення ніякі курс не дасць.
А што з працай?
Пасля вучобы і практыкі я ўзяў невялікую паўзу, і цяпер шукаю першую пастаянную працу ў ІТ.
Самая відавочная праблема тут — гэта неабходны камерцыйны досвед. Вельмі шмат вакансій у Cloud і Cybersecurity патрабуюць два, тры, часам чатыры гады досведу. У выніку ты можаш мець адукацыю, сертыфікаты, праекты і практыку, але ўсё роўна не пройдзеш праз гэты фармальны фільтр.
І тут з’яўляецца яшчэ адна рэч, якую я раней недаацэньваў, — ATS, аўтаматычны адбор кандыдатаў. У буйных кампаніях да жывога чалавека часам наогул цяжка дабрацца. Калі ў CV няма патрэбных гадоў досведу, пэўных ключавых словаў або дакладнага апісання профілю вакансіі, яно, хутчэй за ўсё, скончыць свой шлях яшчэ да размовы з рэкрутэрам.
Таму цяпер я стараюся шукаць і маленькія кампаніі, у якіх ёсць шанс, што CV прачытае чалавек.
Яшчэ адна праблема — гэта даволі высокая канкурэнцыя ў Стакгольме. Асабліва на папулярныя Cloud- і Security-ролі. Таму даводзіцца глядзець значна шырэй па назвах пасадаў: не толькі Cloud Engineer, але і IT-tekniker, Systemtekniker, Infrastructure, Microsoft 365, Operations.
Ёсць яшчэ ролі, асабліва звязаныя з дзяржаўным сектарам, крытычнай інфраструктурай або павышанымі патрабаваннямі бяспекі, дзе праходзяць асобныя background- і security-праверкі. З маёй складанай міжнароднай біяграфіяй і некалькімі грамадзянствамі ўладкавацца на працу туды можа быць няпроста. Я папросту ўлічваю гэта пры выбары вакансій, стараюся загадзя разумець патрабаванні.
«Ты беларуска. Гэта праблема». Айцішніца ў Даніі прайшла праз трэш на працы з-за пашпарта. Затое цяпер дапамагае абараняць ад пагроз "Оземпік"
І яшчэ адзін фактар, важны для Швецыі — мова і зносіны. Тэхнічная роля тут часта адначасова і кліенцкая. Трэба не толькі вырашыць праблему, але і пагаварыць з чалавекам, растлумачыць рашэнне, задаць правільныя пытанні. Таму вашы soft skills і ўзровень шведскай рэальна ўплываюць на колькасць даступных вакансій.
Думаю, што пры змене прафесіі і маім позднім уваходзе ў ІТ прасцей за ўсё аказалася само навучанне. Калі тэхналогія табе сапраўды цікавая, сёння можна вельмі шмат засвоіць самастойна. Ёсць дакументацыя, Cloud-платформы, тэставыя асяроддзі, віртуальныя машыны.
Значна цяжэйшым аказаўся пераход са стану «я ўмею гэта рабіць» у стан «працадавец гатовы плаціць мне за гэта». Таму я б вельмі асцярожна ставіўся да ідэі змены прафесіі толькі таму, што «ў ІТ добрыя заробкі». Цяпер рынак ужо зусім не такі, якім яго апісвалі некалькі гадоў таму. Канкурэнцыя высокая. ШІ таксама мяняе рынак. І навічку даводзіцца доўга даказваць сваю каштоўнасць.
Але калі падабаецца сама тэхналогія — тады іншая справа. Пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што пераход можа заняць час. І што першая прапанова можа быць фінансава горшая, чым твая старая прафесія.
І яшчэ я б не рэкамендаваў збіраць сертыфікаты дзеля колькасці. Лепш адзін раз зрабіць добры праект і ўмець спакойна растлумачыць, што ты там пабудаваў, чаму выбраў менавіта такую архітэктуру і што давялося выпраўляць, чым паказаць дзесяць сертыфікатаў і не мець адказу на пытанне «што вы рабілі рукамі?» Калі ёсць магчымасць паўдзельнічаць у рэальным невялікім праекце, дапамагчы камусь, зрабіць нешта па-валанцёрску — выдатна. Калі няма, можна самому прыдумаць задачу і пабудаваць рашэнне ад пачатку да канца.
І, мабыць, самае важнае: змену прафесіі лепш успрымаць як доўгі працэс, а не як адно рашэнне. У мяне ён пачаўся яшчэ з дадатковых школьных прадметаў у Швецыі, потым было амаль два гады YH, самастойнае навучанне, сертыфікаты, праекты, дзве практыкі. І цяпер ідзе наступны этап, пошук пастаяннай працы.
Таму я пакуль і не магу расказаць гісторыю «як я паспяхова ўвайшоў у ІТ». Я ўсё яшчэ яе перажываю.
«Год шукаў працу». Як вытрымаць націск AI на польскім рынку — гісторыя фулстэк-QA
Андрэй* завочна вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным каледжы ў 2010-х, а цяпер працуе як Full stack QA Engineer на міжнароднага аўтсорсера ў Польшчы.
Абмеркавалі, ці перашкодзіла яму адсутнасць "вышкі" і як AI мяняе прафесію тэсціроўшчыка.
«А ў мяне ж ужо была нармальная праца». Гісторыя пра спробу ўваходу ў шведскае ІТ праз будоўлю і «ПТВ»
Беларус з дыпломам лінгівстычнага вну расказвае, як уладкавана «вышэйшая прафадукацыя» ў Швецыі і чаму цяпер цяжка знайсці вакансіі ў Cloud і Cybersecurity.
Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот
Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале
Обсуждение
Комментируйте без ограничений
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.
Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.