Дапамажыце dev.by 🤍
Падтрымаць

«Нават у Швейцарыі танней, чым у нас». Глядзім на самую багатую дзяржаву ЕС вачыма праграміста з Віцебска

Аб сваім жыцці і працы ў Люксембургу распавядае Senior Software Engineer з Беларусі.

11 каментарыяў
«Нават у Швейцарыі танней, чым у нас». Глядзім на самую багатую дзяржаву ЕС вачыма праграміста з Віцебска

Аб сваім жыцці і працы ў Люксембургу распавядае Senior Software Engineer з Беларусі.

Не так проста знайсці на карце свету развітую краіну без прыкметнай прысутнасці беларускіх айцішнікаў. На devby ужо ёсць аповеды беларусаў з Швейцарыі і розных штатаў ЗША, з Канады, ААЭ і Аўстраліі — не кажучы ўжо пра звыклыя Літву, Польшчу, Ізраіль, Чэхію, Германію ці Іспанію.

Пры гэтым у сацсетках практычна няма беларускіх ІТ-спецыялістаў з мікрадзяржаў у Заходняй Еўропе — Манака, Сан-Марына, Андоры і Ліхтэнштэйна (калі раптам гэта вы — калі ласка, напішыце нам у @devby_insight_bot — гэта ананімна).

Але як мінімум аднаго мы ўсё ж знайшлі. Як беларусу родам з Віцебска жывецца і працуецца ў Вялікім Герцагстве Люксембург (таксама часам адносяць да мікрадзяржаў) — адной з самых багатых краін свету з колькасцю насельніцтва крыху больш за Гомель і памерам з Салігорскі раён? Распавядае Аляксей Патапаў, Senior Software Engineer у невялікай люксембургскай кампаніі Neofacto.

Беларускі старт: «Такіх зарплат фізічна не бывае»

— Увогуле я быў матэматыкам. У школе ўдзельнічаў у матэматычных алімпіядах, і проста натуральным чынам трапіў на мехмат БДУ ў 2009 годзе. Аднойчы мы сядзелі ў пакоі нашага пятага інтэрната БДУ, адпачывалі — і знаёмы хлопец кажа, што ў яго зарплата $1000. Гэта была нейкая неверагодная лічба, мая мама ў гэты момант у Віцебску зарабляла добра калі $400. Я яму кажу: «Ты хлусіш, гэта немагчыма». — «Чаму?» — «Таму што такіх зарплат фізічна не бывае». І ён мне расказаў, што ёсць такая штука — праграмаванне. 

Выявілася, што мне яно вельмі лёгка давалася. У дадатак у нас быў вельмі класны малады выкладчык практыкі, нядаўні выпускнік мехмата па прозвішчы Стэльмах. Прывіў цікавасць да праграмавання і на другім курсе дапамог сабраць пэўнае партфоліа, падрыхтаваў да сумоўяў.

Аляксей Патапаў у Люксембургу. Фота апавядальніка

І пасля другога курса я ўладкаваўся на першую працу, на паўстаўкі, у ITA — адзін з тымлідаў сышоў з IBA са сваім кліентам і зрабіў сваю кампанію, класічны для Беларусі сцэнарый. У кампаніі было 12 чалавек, мы працавалі для банка з ПАР. Так у 2011 годзе з зарплатай у $150 пачалася мая кар’ера.

Праз паўгода працы на такіх умовах я прыйшоў да свайго дырэктара і кажу: «Прывітанне, дырэктар, хачу больш грошай. Тут, аказваецца, хлопцы зарабляюць больш, чым $150». А ён адказвае: «Я табе больш плаціць за тую ж працу не магу, але ты можаш больш працаваць — і тады атрымаеш больш грошай». Я стаў працаваць ужо па 30 гадзін у тыдзень за $225 — і хадзіць на сумоўі да іншых працадаўцаў.

Але на трэцім курсе зразумеў, што ёсць сур’ёзная праблема: я ўвогуле не размаўляў па-англійску. Apple, people — гэта быў мой максімум. Прыйшлося за паўгода яго вывучыць, і летам пасля трэцяга курса я знайшоў новую працу на поўную стаўку. З’ехаў з інтэрната, і апошнія два гады навучання ва ўніверсітэце працаваў па поўнай. Гэта было ўжо пачатак сапраўднай, дарослай кар’еры. Пасля трэцяга курса ўжо зарабляў тую $1000, пра якую калісьці распавядаў знаёмы.

Каля года я папрацаваў у SaM Solutions, і калі заканчваўся тэрміновы гадавы кантракт, мне адразу напісаў рэкрутар з іншай кампаніі. У Беларусі ўвогуле вельмі лёгкі гэты экспаненцыяльны рост на старце — прынамсі, у той час. Праграмісты рэдка затрымліваліся больш за два гады на адным месцы, да моманту заканчэння кантракта ў цябе была ўжо пара новых офераў.

Спачатку я трапіў у VRP, а потым у вельмі класную кампанію «Седан» — знаходзіліся ў «Купалінцы», іх кліентам была парыжская Telecom. У «Седане» я адпрацаваў тры гады, аж да заканчэння тэрміну размеркавання.

Пераехаць у Польшчу і выехаць з яе да таго, як гэта стала мэйнстрымам

31 ліпеня 2016 года ў мяне скончылася размеркаванне, і на 8 жніўня ў нас з жонкай ужо быў квіток у Польшчу ў адзін канец.

Ужо да моманту заканчэння ВНУ ў 2013-2014 мы разумелі, што будзем пераязджаць. Прыглядаліся, былі і экзатычныя варыянты. Але жонка вельмі хацела паступіць у магістратуру, а для навучання за свой кошт добрым варыянтам была якраз Польшча. Жонка HR, у Польшчы яна адвучылася на Master Degree in Human Exercise, што для яе еўрапейскай кар’еры аказалася даволі важным.

Пакуль жонка вучылася ў магістратуры, я знайшоў працу ў польскім офісе EPAM — тады яшчэ ноўнэйм-канторка на 80 чалавек. У адрозненне ад беларускага, польскі офіс тады яшчэ займаўся аўтстафінгам, і я хадзіў працаваць у офіс швейцарскага банка UBS. 

Жылі мы нядрэнна. Прыехалі ў 2016 годзе, купілі кватэру, у 2019 годзе з’явілася дзіця. А потым здарыўся ковід.

На той момант у Польшчы была такая праблема (думаю, як і цяпер): у цэлым дзяржаўная сістэма не заточана на замежнікаў. Супрацоўніцы ў аддзелах па працы з замежнікамі размаўляюць толькі на польскай. Чаканне КЧП лёгка расцягвалася на паўтара-два гады. 

У 2020 годзе трэба было атрымліваць трэцюю карту, і наступіла пандэмія. Нават без яе чэргі на чаканне карты расцягнуліся да двух гадоў. А з ковідам улады проста замарозілі гэтыя працэдуры цалкам. Ты нібыта легальна працуеш, і праца добрая. Але пакуль не атрымаеш карту — нават не можаш выехаць з краіны. Для мяне гэта непрымальна, опцыя падарожжаў для нас была адной з важных пераваг Польшчы.

У такой сітуацыі мы зноў сталі прыглядацца — сур’ёзна разглядалі Іспанію (але там былі такія ж праблемы з дакументамі), Швецыю, Швейцарыю. 

«Глыток свежага паветра»: Люксембург замест Уроцлава

Аднойчы ўвечары жонка сядзела на канапе, праглядала Instagram. І раптам кажа: «О, сяброўка прыкольную сторыс з Люксембурга скінула». Я адкрыў у LinkedIn лакацыю «Люксембург», выбраў першыя 30 вакансій, націснуў «падаць заяўку». І праз два тыдні ў мяне ўжо быў офер.

У ліпені 2020 года я атрымаў офер, а ў лістападзе мы ўжо пераехалі. З-за таго, што ў нас скончыліся карты пабыту, прыйшлося ехаць у консульства ў Варшаве, каб атрымаць візы. Мы думалі, гэта будзе нешта доўгае і страшнае, а атрымалася так: прыходзіш, цябе сустракае мілая жанчына, бярэ твой пашпарт і паперкі, ставіць табе ў пашпарт візу — і ты сыходзіш. 

Горад Люксембург, сталіца аднайменнага Вялікага Герцагства. Фота: Unsplash

На мой погляд, праблема Польшчы ў тым, што дазвол на працу і дазвол на знаходжанне — гэта два розныя дакументы. А ў Люксембургу гэта адзін працэс, што больш лагічна. Такога тэрміну, як «дэцызія» [рашэнне ўлад аб выдачы ці нявыдачы карты пабыту замежніку ў Польшчы] у Люксембургу проста не існуе: калі табе далі дазвол на працу, ты аўтаматычна атрымаў і права на знаходжанне. У параўнанні з Польшчай гэта было як глыток свежага паветра.

У Люксембургу мы зарэгістраваліся, запісаліся на здачу біяметрыі, здалі тэст на туберкулёз, неабходны новапрыехалым, і яшчэ нейкае медабследаванне. І нам аддалі нашы карты — усё гэта за месяц. 

Праца: «Тут банкі, банкі, банкі»

Зараз я працую ў невялікай кансалтынгавай кампаніі Neofacto. Гэта ўжо другі мой працадаўца ў Люксембургу.

Спачатку працаваў як Senior Java Software Engineer на Docler. Але аказалася, што ў Люксембургу вельмі важны «папяровы» досвед: як толькі мой стаж у LinkedIn «пераступіў» за 10 гадоў, адразу сталі пісаць розныя людзі з кансалтынгавых фірмаў. Таму што з такім стажам яны могуць «прадаць» цябе банкам вельмі дорага. А мне падабаецца фінтэх, і як толькі з’явілася магчымасць перайсці назад у банкаўскую сферу — я ёй скарыстаўся. Як у Польшчы я працаваў на EPAM, але хадзіў працаваць у банк UBS, так і тут я працую на Neofacto, але хаджу на працу ў Еўрапейскі інвестыцыйны банк.

Горад Люксембург. Фота: Unsplash 

Neofacto — гэта невялікая сямейная кампанія са 110 супрацоўнікамі. Але ў гэтым годзе 65-гадовы заснавальнік зрабіў кэшаўт — вырашыў, што ўжо стаміўся, і прадаў кампанію чэшскаму холдынгу. Цяпер Neofacto ўваходзіць у холдынг, але мы, кансультанты, пакуль не адчуваем розніцы.

Калі каго зацікавіць праца ў Neofacto, магу вас парэкамендаваць. Звычайна калі ў нас адкрываецца вакансія, на яе ўжо ў першыя тры дні прылятае 200-300 водгукаў. Не гарантую, што з маёй рэкамендацыяй вас возьмуць — але так на ваша CV дакладна хаця б паглядзяць. 

Фармат нашай працы вызначаюць начальнікі аддзелаў у банку. У мяне гэта два дні ў офісе, тры дні дома. Мне мой фармат зручны.  Ёсць хлопцы, якія заўсёды працуюць з офіса, ёсць тыя, хто пастаянна на аддаленцы.

Work-Life Balance у мясцовых айцішнікаў, як і паўсюль, залежыць ад кампаніі. У цэлым тут вельмі маленькі, вузкі айцішны рынак. Праграміст як прафесія — гэта не вельмі папулярна, іх у Люксембургу не вельмі шмат. З вялікіх хабаў тут ёсць хіба што Amazon і пара стартапаў. А ўсё астатняе — гэта фінансы, гэта значыць банкі, банкі, банкі. І ў іх Work-Life Balance у праграмістаў атрымліваецца добрым.

Імігранты і мясцовыя: «Беларус адчувае сябе як чалавек з незвычайнай экзатычнай краіны»

Сказаць, колькі ў маёй камандзе люксембуржцаў, а колькі прыезджых няпроста. Паняцце «люксембуржац» вельмі размытае. У класе майго дзіцяці, напрыклад, 25 дзяцей з 19 краін свету. Нацыянальная разнастайнасць тут проста шалёная. У камандзе на маім паверсе ёсць людзі многіх нацыянальнасцяў. З экзотыкі — хлопцы з Таіці, з Бразіліі, людзі з Маўрыкія.

Мова працоўных зносін у нас англійская. У краіне шмат людзей размаўляе па-англійску, а ў вёсках у асноўным на люксембургскай. Ну і школа на люксембургскай. Наша дзіця ўжо свабодна на ёй размаўляе — як і на рускай, англійскай і французскай. І гэта без усякіх дадатковых моўных курсаў. Люксембургская — гэта мова з базай нямецкай, але са своеасаблівым французскім акцэнтам. 

У цэлым моўных праблем тут няма. Акрамя люксембургскай, практычна ўсе размаўляюць па-англійску, па-французску, па-нямецку. Сярэдні чалавек тут размаўляе на чатырох-пяці мовах. Пятая мова — гэта часта партугальская, у Люксембург даволі шмат партугальцаў пераехала ў 70-х гадах. Калі чалавек ведае менш моў — гэта альбо нейкі незвычайны прыезджы, альбо супернеадукаваны чалавек.

Дарэчы, у Люксембургу мне спатрэбілася польская. Калі мы сюды пераехалі, я шкадаваў, навошта гэту польскую вучыў. Але тут у мяне начальнік паляк, і я кожны дзень з ім шмат размаўляю па-польску.

У Люксембургу цалкам звыклым выглядае пытанне «Адкуль ты?» Калі адказваеш «Я з Беларусі», у адказ можаш пачуць «Ваў, а дзе гэта, што за краіна? Раскажы!» У людзей проста жывая цікавасць і няма такога пагардлівага стаўлення, якое я адчуваў, калі жыў у Польшчы. (Гэта было даволі даўно, магчыма, зараз усё інакш.) У Люксембургу беларус адчувае сябе як чалавек з дастаткова незвычайнай, экзатычнай краіны. 

Вуліца ў Люксембургу. Фота: Unsplash

Замежнікаў у Люксембургу вельмі шмат. Кожны дзень на працу з Германіі, Францыі і Бельгіі сюды ездзіць амаль столькі ж людзей, колькі жыве тут пастаянна. А яшчэ сюды ездзяць на закупы. Люксембург — гэта вельмі багатая і, адпаведна, дарагая краіна. Але цыгарэты, тытунь і паліва тут танней, чым у суседзяў, і за гэтым сюды ездзяць таксама. Па гэтай жа прычыне Люксембург далёка наперадзе планеты ўсёй па спажыванню кавы на душу насельніцтва. Уся справа ў нізкіх ПДВ і акцызных зборах на гэтыя тавары. А ўздоўж межаў на запраўках яшчэ і прадаюць танны алкаголь. Немцы, бельгійцы і французы проста цэлымі багажнікамі гэта ўсё купляюць.

Людзі з постсавецкага рэгіёну ў Люксембургу таксама ёсць. Я гуляю ў падэл [спартыўную гульню, падобную да тэніса і сквоша] з трыма сябрамі — адзін з Адэсы, другі з Малдовы, трэці з Узбекістана. Гэтага хлопца бацькі прывезлі сюды яшчэ ў 1999, яго можна лічыць мясцовым. У маёй камандзе на працы ёсць дзяўчына з Беларусі, але яе мама таксама перавезла, калі яна яшчэ ў школе вучылася. 

Нейкай арганізаванай беларускай дыяспары ў Люксембургу я не ведаю. Тут у цэлым няма падзелу на беларусаў, украінцаў, расіян, казахаў. Ёсць не вельмі вялікая група людзей, якія размаўляюць па-руску. Ёсць рускамоўныя чаты, групы ў Facebook.

Пра саміх люксембуржцаў магу сказаць, што яны прыкметна прасцей, чым беларусы, ставяцца да многіх рэчаў. Напрыклад, да тых жа машын. Для іх гэта проста сродак перамяшчэння, нейкія драпіны на дысках тут нікога не турбуюць. І да жыцця ў цэлым яны ставяцца прасцей. Няма вось гэтага «дасягатарства». У мінулым годзе чытаў інтэрв’ю з мясцовай дзяўчынай, якая скончыла школу і здала выпускныя іспыты лепш за ўсіх у краіне. У яе спыталі: «Чым ты хочаш займацца далей, куды хочаш пайсці?» Я чакаў, што яна абярэ нешта кшталту вучобы ў якім-небудзь класным універсітэце ў Вялікабрытаніі. А яна проста хоча ісці працаваць у мясцовую камуну, аналаг беларускага сельвыканкама.

Няма ў іх нейкіх такіх амбіцый. Чалавек можа быць цырульнікам — і жыць шчасліва, у дастатку. І яму для гэтага не трэба рабіць чагосьці звышнатуральнага. Таму людзі рэальна любяць тое, што робяць. Настаўнікі, напрыклад, любяць вучыць дзяцей. Гэта прама відаць, ім падабаецца праводзіць час з дзецьмі. І кожны можа знайсці нешта такое, што ён любіць. І займацца гэтым без асцярогі, што ён неяк не так выглядае.

Гэта крута. Няма гэтага ўдзелу ў бясконцай гонцы, калі ты спрабуеш пастаянна чагосьці дасягнуць. Вядома, праца ў такім рэжыме ёсць і ў Люксембургу. Калі ты прыходзіш у карпарацыю, дзе восем з дзесяці супрацоўнікаў — экспаты, там цябе чакаюць і ўсе гэтыя палітычныя цёркі, і барацьба за пасады, за бонусы. Як і ў іншых краінах. Але ў цэлым ІТ-індустрыя — гэта такі сацыяльны ліфт, які дапамагае замежнікам убудавацца ў люксембургскае грамадства.

І пара слоў пра талерантнасць. Я не згодны з распаўсюджаным стэрэатыпам, паводле якога беларусы лічацца вельмі талерантнымі. Паспрабуйце нейкае цемнаскурае дзіця адправіць у школу дзе-небудзь у Бабруйску — і ўбачыце, што такое беларуская талерантнасць. У нашай мясцовай школе адну з дзяўчынак забірае мама ў ісламскай галаўной хустцы. У другога дзіцяці мама і тата — венгры. А ў трэцяга мама руская, а тата з Паўднёвай Афрыкі. І усе яны — кампанія майго сына, яго лепшыя сябры. 

У мяне ў доме жывуць сенегальцы, і рэшце абыякавая іх нацыянальнасць і расавая прыналежнасць. Тут жывуць настолькі розныя людзі, што ўсім без розніцы, хто ты: азіят, мусульманін, афрыканец. Адзінае — гэтым могуць пацікавіцца, каб цябе неяк не закрануць. У мясцовым футбольным клубе, дзе я гуляю, у асноўным люксембуржцы. І пасля гульні мы ідзём вячэраць. Звычайна замаўляюць нейкую аднолькавую страву для ўсіх, напрыклад, шніцэль. І вось у самы першы раз у мяне спыталі, ці не мусульманін я, бо мусульмане свініну не ядуць. Гэта, дарэчы, нядрэнна кажа пра тое, наколькі добра тут ведаюць пра нашы краі. Ну, а што, раз у Босніі ёсць славяне-мусульмане, чаму ім не быць і ў Беларусі?

Агулам, па рэальнай талерантнасці люксембуржцы дадуць вялізную фору беларусам. А яшчэ па адкрытасці і прыязнасці.

Зноў вярнуся да сваёй футбольнай каманды. Як я ў яе трапіў? Проста вечарам гуляў з сабакам, падышоў да футбольнага стадыёна (у нас, як і паўсюль у Еўропе, калі ў горадзе жыве больш за 500 чалавек, ёсць свой футбольны стадыён). Гляджу, а там гуляюць мужыкі ва ўзросце 40+. Я пачакаў, пакуль яны скончаць, падышоў і загаварыў з імі па-англійску: «Вось, толькі пераехаў сюды, шукаю, з кім у футбол пагуляць, можна з вамі?» І ў адказ: «Так, канечне, прыходзь». І ўсё, у наступны панядзелак я з імі гуляю.

Футбольны стадыён у Люксембургу. Фота апавядальніка

Прычым гэта не проста нейкі дваравы футбол. У Люксембургу футбалісты-аматары аб’ядноўваюцца ў клубы. Кожны панядзелак у нас гульня з іншай камандай. Распячаталі форму з маім прозвішчам, па полі мы бегаем з суддзёй, усё сур’ёзна. Рэгулярна пад крылом клуба і футбольнай асацыяцыі праводзяцца нейкія таварыскія турніры. Я нават ліцэнзію футбаліста сабе зрабіў, каб мець права гуляць і каб магчымыя траўмы пакрывала медыцынская страхоўка. Для гэтага трэба было прайсці медагляд і заплаціць сімвалічныя ўзносы, нешта каля 100 ці 150 еўра ў год.

Нагадаю, што ў гэты футбольны руш мясцовыя мяне без усякіх праблем прынялі, калі я проста ўвечары выгульваў сабаку.

Мы ў Люксембургу жывём пяць гадоў. Вядома, сваімі для мясцовых мы не станем ніколі, сваім тут ужо будзе наша дзіця. Ты выходзіш з ім у пясочніцу — і размаўляеш з бацькамі іншых дзяцей. Хлопец з Фінляндыі, у яго жонка з Італіі, і яны вось тут жывуць. Вы вызначылі, што гэта ваш дом, і вы клапоціцеся пра яго. 

Улада: «Можаш сустрэць прэм’ер-міністра ў чарзе на касе ў магазіне»

Улада ў Люксембургу ў апошнія гады знаходзіцца ў руках блока сацыялістаў і дэмакратаў. Пры гэтым краіна — манархія, у якой пануе вялікі герцаг. У яго ёсць паўнамоцтвы, але ў асноўным фармальныя. Напрыклад, яго подпіс стаіць у дакуменце, якім мяне прымалі ў грамадзянства (да гэтага пытання вернемся крыху ніжэй). Яшчэ вялікі герцаг удзельнічае ў афіцыйных візітах і мае права памілаваць любога чалавека. Праўда, ні аднаго такога прэцэдэнту яшчэ не было. Наколькі магу меркаваць, манархіяй тут усе задаволеныя.

У мінулым годзе мы гулялі на выставе мясцовага МНС. У нейкі момант падымаю галаву і бачу, што насустрач ідуць вялікі герцаг, міністр абароны, міністр МНС, міністр эканомікі, нехта яшчэ і натоўп журналістаў вакол. І ніякай аховы. Яны спыніліся, я дзіця сфатаграфаваў з вялікім герцагам — і мы пайшлі далей.

Тут няма ўвогуле ніякага бар’ера паміж уладай і звычайнымі грамадзянамі. Калі мы здымалі кватэру, мы жылі на адной вуліцы з прэм’ер-міністрам, тады гэта быў Ксаўе Бетэль. Зараз у нас іншы прэм’ер-міністр пасля выбараў. Гэта такая, нармальная для Люксембурга сітуацыя, калі ты жывеш на адной вуліцы з прэм’ер-міністрам, можаш сустрэць яго ў чарзе на касе ў краме і завязаць размову: «Сёння такое змрочнае надвор’е, сонейка не хапае». І яны любяць гэтыя смол-токі, проста звычайныя такія мужчыны.

Наогул, крыху па-іншаму тут палітычная сістэма працуе. Ды і палітыкі ў прынцыпе тут не асабліва шмат зарабляюць. Як звычайны высокаўзроўневы «офісны планктон». Ніхто не ўспрымае іх як нешта звышнатуральнае. Проста людзі.

Кар’ера: «Тут вельмі цяжка пачаць»

Калі мы жылі ў Польшчы, адчувалі тое ж самае, што і ў Беларусі: калі чалавек тэхнічна развіваўся і падымаўся ў кар’еры, ён заўсёды з’язджаў. З Беларусі ў Польшчу, з Польшчы куды-небудзь далей. Гэта як такая бурбалачка у газаваных напоях — ты ідзеш-ідзеш уверх, а потым адлятаеш. І гэта нават не заўсёды звязана з кар’ерным ростам: ты часта бачыш, што калі ў чалавека расце maturity, ён, на жаль, бярэ і куды-небудзь з’язджае. У Люксембургу няма такога, што лепшыя людзі з’язджаюць, — наадварот.

Затое тут вельмі цяжка пачаць кар’еру. Наяўнасць 10 гадоў досведу — гэта вельмі важная рэч тут. І гэта адносіцца да любой прафесіі. Без досведу цябе адсякуць яшчэ на моманце рэсёрча.

Кансалтынг тут працуе ў асноўным праз публічныя тэндары, і заказчыкі выстаўляюць вельмі выразныя крытэрыі, праз якія рэгулятар проста не дазволіць пераступіць. Але цікава, што для пацверджання майго стажу тут ніхто ні разу не папрасіў якую-небудзь паперку. Калі я ўладкоўваўся ў UBS, там быў background check. Мне тэлефанавалі з Беларусі, з «Седана», і пыталіся: «Лёша, нам тут тэлефануюць са Швейцарыі, што ім казаць?» Гэта значыць, там правяралі папярэднія месцы працы. А тут быццам вераць на слова. Гэта выдатна, калі ў краіне працуе інстытут рэпутацыі.

Яшчэ дадам, што за сваю кар’еру ў Люксембургу ты адказваеш сам. У працадаўца няма інтарэсу ў тым, каб цябе расціць, ніхто за табой не бегае і не просіць вучыцца на нейкіх курсах, павышаць кваліфікацыю. Адказнасць за прафесійны рост ляжыць цалкам на табе, і гэта справядліва для любой прафесіі. Мясцовы рынак працы арыентаваны на працадаўца: тут пастаянна звальняюць людзей, і часта масава. І калі праз пару гадоў ты апынешся нейкім не такім, перастанеш задавальняць працадаўца — цябе проста звольняць.

Зп і фінансы: «Зарплаты растуць вельмі доўга і павольна»

Шалёна важным для твайго даходу ў Люксембургу будзе памер зарплаты, пра які ты дамовішся на старце. Звычайна Software Engineer стартуюць у межах ад 60 да 120 тысяч еўра ў год (брута). Недзе такой можа быць першая зарплата. І потым яе будуць вельмі-вельмі цяжка павялічваць.

Тут няма такога, як у Беларусі і ў Польшчы, калі ты раз у квартал прыходзіш да свайго рэсурсніка, кажаш, які ты малайчына, а ён табе прапануе зрабіць A, B, C і D, каб гэта даказаць. Яшчэ праз тры месяцы ты прыходзіш, кажаш, «Вось, я зрабіў», і ён дадае табе $200 да месячнай зарплаты. У Люксембургу зарплаты растуць вельмі доўга і павольна.

Затое тут ёсць дзяржаўная індэксацыя. Наколькі я памятаю, калі ў Беларусі адбываецца індэксацыя, зарплату падымаюць настаўнікам, дактарам, гэта значыць бюджэтнікам. У Люксембургу падчас індэксацыі зарплаты падымаюць і прыватнаму сектару. Гэта значыць, калі чалавек уладкаваўся на працу ў 2005 годзе на 50 тысяч еўра ў год, зараз ён толькі за кошт індэксацыі будзе атрымліваць дзесьці 120 тысяч еўра.

Зразумела, што індэксацыя толькі кампенсуе інфляцыю. Але калі ў нас у Еўрасаюзе былі праблемы ў 2023 годзе, у Люксембургу былі адразу тры індэксацыі зарплат, па 2,5% кожная. Адразу ўсім. Па-мойму, гэта вельмі шмат.

Падаткі ў Люксембургу могуць быць вельмі рознымі. Груба, яны плюс-мінус такія ж, як у Польшчы, каля 40% з усімі сацыяльнымі адлічэннямі. На практыцы ўсё складаней, тут прагрэсіўная шкала — напрыклад, з даходам менш за 45 тысяч еўра стаўка падатку будзе ўсяго 9%.

Плюс у Люксембургу вельмі добрыя падаткі на інвестыцыі. Калі ты купляеш і трымаеш актыў даўжэй, чым паўгода, гэта лічыцца доўгатэрміновай інвестыцыяй. І на прыбытак ад гэтай інвестыцыі падатак не плаціцца ўвогуле. Таксама з падаткаў можна вылічваць прыкметную частку даходаў ад дывідэндаў. І працэнты па іпатэцы. Так, здыманне кватэры на сям’ю з дзіцём абыдзецца дзесьці ў 2500 еўра, а месячны плацеж за кватэру кошам у 600 тысяч еўра па іпатэцы — каля 3000 (калі ў цябе нулявы ўласны ўклад). Але частку з гэтых 3000 можна вылічваць з падатковай базы, і ў выніку атрымаецца плюс-мінус столькі ж, колькі плата за арэнду.

Яшчэ можна адкрыць рахунак у прыватным пенсійным фондзе, зрабіць сэйф-акаўнт на кватэру… Фізасоба тут з падаткамі можа вельмі нядрэнна гуляць.

Я люблю фінансы, і для зберажэнняў актыўна выкарыстоўваю інвестыцыі. Займаюся гэтым не з дапамогай нейкіх банкаўскіх інструментаў, а самастойна, праз Interactive Brokers. Мяне гэта не стамляе, гэта як хобі. Калі чалавек любіць машыны, ён рэгулярна глядзіць, напрыклад, якія новыя рухавікі з’явіліся. А я гляджу, якія ETF паказалі сябе лепш ці горш. 

Сацыяльны статус: «Тут усе мараць стаць фермерамі»

Адзначу, што ў Люксембургу няма такога велізарнага разрыву паміж зарплатамі айцішнікаў і даходамі ў іншых галінах эканомікі, як у Беларусі. Увогуле, самыя багатыя людзі тут — гэта фермеры. Фермерамі тут мараць стаць. Усе фермеры — гэта мільянеры, і побач з кожным трактарам стаіць Porsche. Ёсць 8-10 сем’яў, якім належыць 80% зямлі ў Люксембургу, гістарычна яны тут гаспадары.

У маёй вёсцы я гуляю ў футбол з мясцовымі хлопцамі, якія тут яшчэ ў школе вучыліся. Хлопец працуе ў камуне, лісце збірае, снег чысціць, траву стрыжэ. У нас гэта быў бы нейкі падсобны рабочы ў сельвыканкаме, ці работнік Мінскзеленбуда. Зімой са сваёй сям’ёй ён ездзіць катацца на горных лыжах, летам на мора. У яго дом рынкавай вартасцю ў паўтара мільёна еўра, BMW трэцяй серыі. У чалавека зарплата 3-4 тысячы еўра чыстымі, а дом дастаўся ад бацькоў, бо ён тут усё жыццё жыве.

Аляксей у футбольнай форме свайго клуба. Фота апавядальніка

Калі нейкі разрыў тут і ёсць, ён, магчыма, адмоўны. Праграмісты тут — гэта сярэдні «офісны планктон», які нават не вылучаецца ў нейкую асобную касту. Мая жонка, як HR, калі захоча рабіць кар’еру, лёгка можа зарабляць у паўтара разы больш за мяне, як зараз зарабляе яе начальнік. HR, які зарабляе больш, чым праграміст — гэта норма для Люксембурга.

Вядома, у айцішнікаў у Беларусі пасля ўсіх абавязковых выдаткаў застаецца больш грошай. Менавіта жывых грошай, якія можна пакласці пад падушку. Але ў Беларусі іх няма куды траціць. Ты купіў кватэру, купіў машыну. Што з імі рабіць далей? Проста захоўваць — страшна. У выніку траціш на падарожжы — але з Люксембурга падарожнічаць лягчэй і прасцей.

Таму адказ на пытанне «дзе камфортней жывецца айцішніку — у Беларусі ці ў Люксембургу» залежыць не ад параўнання зарплат і свабодных грошай, а ад таго, у якім грамадстве ты хочаш жыць.

Паездкі: «Раніцай едзеш у Бельгію ў IKEA, па дарозе заязджаеш у булачную ў Францыі, а вечарам выскокваеш у DM у Германію»

Замежныя падарожжы — гэта, вядома, асобная гісторыя. Бліжэйшая да нас IKEA знаходзіцца ў Бельгіі, проста на мяжы. А бліжэйшы DM — у Германіі. Гэта значыць, раніцай ты прачынаешся, едзеш у Бельгію ў IKEA, па дарозе заязджаеш у булачную ў Францыі, а вечарам выскокваеш у DM у Германію. І ўсё за адну суботу. Але гэта, вядома, не падарожжа. Так, шопінг.

Дарожны знак на ўездзе ў вёску Шэнген у Люксембургу, у якой у 1985 годзе было падпісана Шэнгенскае пагадненне аб адмене пагранічнага кантролю паміж еўрапейскімі краінамі. Фота апавядальніка

Абмежаванні на сапраўдныя падарожжы накладвае школа. У Люксембургу лічыцца вельмі важным, каб дзеці не прапускалі заняткаў, таму што праз школу тваё дзіця робіцца люксембуржцам з мясцовымі каштоўнасцямі і з разуменнем таго, як людзі тут жывуць. З другога боку, гатэлі «прыстасавалі» сваю цэнавую палітыку да школьных адпачынкаў. Мы вельмі любім сямейныя гатэлі ў Аўстрыі. І выявілі, што калі ў звычайны час яны абыходзяцца ў 250 еўра за ноч, то падчас адпачынкаў — 700 еўра. Атрымліваецца, што калі ў вас няма дзяцей, вы зусім танна можаце ездзіць у любы час. А нам з дзіцём даводзіцца крыху падладжвацца. 

Для адпачынку і падарожжаў з дзецьмі Люксембург вельмі ўдала размешчаны. Ад нас дзве з паловай гадзіны язды да парыжскага Дыснейлэнда (тры гадзіны, калі з коркамі). У Дыснейлэнд насамрэч мы мяне вазілі, дзіця было апраўданнем — маўляў, вось яго вязем. Акрамя Парыжа, зусім побач Страсбург, там побач Еўрапарк, яшчэ адзін буйны парк атракцыёнаў. І вельмі прыгожая Галандыя. За сем гадзін можна даехаць да Аўстрыі і пакатацца на лыжах. Ці заехаць у Швейцарыю, гэта яшчэ бліжэй. У «крокавай» даступнасці ўся Германія. Яшчэ побач Бельгія з прыгожымі гарадамі, яе прырода вельмі падобная на беларускую. Калі едзеш паміж бельгійскімі вёскамі, адчуванне, што рухаешся па трасе Віцебск — Орша. 

Дадатковае задавальненне ад замежных падарожжаў з Люксембурга дапамагаюць атрымаць цэны. Амаль паўсюль у свеце танней, чым у нас. Ты прызвычайваешся да таго, што класны бургер каштуе 25 еўра, і вельмі радуешся, калі ён абыходзіцца нашмат танней.

Памятаю, як перад ад’ездам з Польшчы ўвечары мы купілі піцу за 17 злотых. У чатыры раніцы выехалі ў Люксембург, і наступным вечарам ужо тут купілі піцу за 17 еўра. Калі мы з Люксембурга адправіліся ў Швейцарыю, я ў першы раз у жыцці адчуў, што для мяне ў Швейцарыі ўсё танна.

Дадам, што сам Люксембург вельмі прыгожы. Я жыву ў раёне, які падобны на горную частку Чэхіі. У лесе ёсць маленькі такі рэгіён са скаламі. А побач прыгожая даліна з вінаграднікамі, мы любім туды ездзіць на пікнікі. У Люксембургу шмат лакальнага віна. Можна купіць бутэльку вельмі смачнага віна за 3-5 еўра.

Пейзаж у Люксембургу. Фота: Unsplash

Медыцына: «Спецыялістаў-медыкаў тут таксама не хапае, як і ў Польшчы»

У Люксембургу няма такога паняцця, як «дзяржаўная медыцына». Усе клінікі тут прыватныя і працуюць як незалежныя гаспадарчыя суб’екты. Пры гэтым ёсць абавязковая дзяржаўная страхоўка, якая пакрывае дарослым 80% кошту медыцынскіх паслуг, а дзецям — 100%. Калі ты ідзеш з дзіцём да тэрапеўта — гэта цалкам бясплатна. Зубы, усё што заўгодна — для дзяцей бясплатна.

Ёсць нейкія паслугі, якія дзяржаўная страхоўка не пакрывае ці пакрывае ў меншым аб’ёме. Для іх можна дакупіць прыватную страхоўку.

Спецыялістаў-медыкаў тут таксама не хапае, як і ў Польшчы. Месяцы тры прыёму можна чакаць спакойна. Дактары мала, дактары перагружаныя — у гэтым плане тут тыповая Еўропа. 

У Люксембургу раней увогуле не было свайго медыцынскага ўніверсітэта. Нібыта нейкая ВНУ адкрылася, але нядаўна. І сярод медыкаў таксама вельмі шмат замежнікаў. Доктар тут — гэта адна з топавых прафесій з сярэдняй зарплатай каля 200 тысяч еўра ў год. А ў вузкаспецыялізаванага доктара яна можа спакойна даходзіць і да паўмільёна. Быць доктарам у Люксембургу — гэта проста «ваў».

Пры гэтым медыкам тут вельмі цяжка легалізаваць свае дакументы. Некалькі маіх знаёмых спрабавалі прыехаць у Люксембург і пачаць працаваць. Ім для гэтага давялося прайсці пару колаў бюракратычнага пекла. Затое потым у цябе на ўсё жыццё будзе невычэрпная рака плацежаздольных пацыентаў. 

Ежа: «Зразумелі, што правільна прыехалі»

Неўзабаве пасля пераезду мы пайшлі на калядны кірмаш. І там даведаліся, што галоўная нацыянальная страва люксембуржцаў — гэта дранікі. Зразумелі, што правільна прыехалі. Тут іх называюць Gromperekichelcher, робяць тоўстымі, смажаць у фрыцюры і ядуць з яблычным пюрэ. Гэта не горш і не лепш, чым беларускі варыянт, проста па-іншаму.

Аляксей Патапаў з люксембургскімі дранікамі на калядным кірмашы. Снежань 2025 года. Фота апавядальніка

Яшчэ люксембуржцы ядуць шмат мяса. У нашай вёсцы вялікая сыраробня, шмат кароў — і шмат рознага і вельмі смачнага мяса.

Мясцовыя людзі вельмі любяць лакальныя прадукты і прама імі ганарацца. Калі ў краме побач будзе стаяць маянэз Heinz за два еўра і нейкі люксембургскі маянэз за пяць, дзевяць з дзесяці люксембуржцаў возьмуць мясцовы маянэз.

Жыллё і інфраструктура

Адразу пасля пераезду ў Люксембург мы жылі ў сталічным горадзе. А зараз купілі кватэру і жывём ужо не ў сталіцы, у паўгадзіны язды ад офіса. Кватэра плошчай у 80 квадратаў, на партэры, з маленькім садзікам. Такі люксембургскі «агародзік».

У нас з жонкай сярэднія па люксембургскіх мерках даходы. З якімі, зрэшты, цалкам даступна набыццё жылля ў іпатэку. Вядома, псіхалагічна гэта цяжка, калі ты бачыш такі вялікі доўг на рахунку. І да гэтага дадаюцца вялікія выдаткі на афармленне самой угоды. Мы куплялі кватэру з нулявым уласным укладам. Дакладней, мы проста адкрылі Saving Account для нерухомасці, і яго залічылі як першы ўклад (калі купляеш першае жыллё, можна так зрабіць). У прынцыпе, гэта было лёгка.

Але афармленне ўгоды ў натарыуса — гэта 20 тысяч еўра, плюс страхаванне жыцця, 10-15 тысяч у залежнасці ад узросту. Пераезд, мэбля і дробны рамонт — гэта яшчэ 10-15 тысяч у залежнасці ад твайго ладу жыцця. У выніку ты купляеш кватэру з нулявым укладам — але ўсё адно ад цябе патрабуецца 40 тысяч еўра мінімум.

Зараз мы жывём у маленечкім гарадку на 900 чалавек. Чаму мы выбралі гэта месца пасля адносна буйной сталіцы? Я зараз вам усё гэта расказваю і ў акно бачу школу, у якой вучыцца маё дзіця. Кожны дзень мы катаемся на самакаце — 300 метраў да школы і назад. Гуляю ў мясцовым футбольным клубе, шмат гуляю з сабакам. Яшчэ тут пастаянна праходзяць нейкія лакальныя мерапрыемствы для гараджан. Дзякуючы гэтаму ведаю ўжо ўсіх суседзяў. І з’яўляецца зусім іншае адчуванне: ты не проста тут жывеш, ты належыш гэтаму месцу. А ў буйным горадзе, асабліва калі ты жывеш у шматкватэрным доме, часта ты нават не ведаеш сваіх суседзяў.

Замак Буршэйд у Люксембургу. Фота: Unsplash

Жыццё ў такой невялікай краіне, як Люксембург, вядома, своеасаблівае. Тут вельмі моцная сувязь паміж людзьмі. Усе адзін аднаго ведаюць, гэта літаральна так. Мне гэта падабаецца, таму што дадае пачуццё бяспекі. Тут я не адчуваю сябе замежнікам. Люксембург мой дом, я сябе адчуваю тут камфортна. У Польшчы я сябе так не адчуваў.

Куды б ты ні пайшоў, заўсёды сустрэнеш знаёмых. Паедзеш, напрыклад, у Auchan у іншым канцы краіны — і ўсё роўна кагосьці сустрэнеш. Ці вось, напрыклад, мы замаўлялі торт на дзень нараджэння. Сфатаграфаваліся з гэтым тортам, жонка выклала фатаграфію ў Instagram і пазначыла дзяўчыну, якая гэты торт рабіла. І мая калега ў ліфце сказала, што ўбачыла ў інсце маю фатаграфію, таму што яна падпісана на гэту дзяўчыну. Што і не дзіўна — торты на заказ робяць чатыры чалавекі ва ўсёй краіне.

Тут вельмі добра развіты грамадскі транспарт, ён цалкам бясплатны, чысты і прыходзіць своечасова. Маршрутаў даволі шмат, і жыць тут без машыны цалкам зручна. У маёй вёсцы многія бацькі прывозяць у школу дзяцей на машыне, таму што з дзіцём так зручней, і потым адпраўляюцца на працу ў горад на аўтобусе.

Без машыны лёгка можна дабрацца і да бліжэйшых крамаў. Праўда, розніца ў цэнах можа быць прыкметнай. У краме, якая працуе ў нашым гарадку, скрынка Raffaello каштуе 6 еўра, а ў краме ў Германіі ў шасці хвілінах язды — 2,50. Такая вось у нас у вёсцы люксембургская «Жабка» [польская сетка міні-маркетаў, цэны ў якіх часта прыкметна вышэй, чым у больш буйных гандлёвых аб’ектах].

Замак Віандэн у Люксембургу. Фота: Unsplash

Дадам, што існуе вельмі вялікая, фундаментальная розніца ва ўспрыманні новай краіны людзьмі, якія пераязджаюць «ад», і людзьмі, якія пераязджаюць «да». Калі я пераязджаў у Люксембург з Польшчы, я ні ад чаго не бег. У мяне не было ніякіх праблем у жыцці, гэта быў мой добраахвотны выбар, маё рашэнне. Я так хацеў. А потым пайшла хваля людзей, які пераехалі з-за пэўных падзей. Напрыклад, я дапамог пераехаць у Люксембург свайму аднагрупніку. Думаю, калі вы будзеце задаваць яму дакладна такія ж пытанні, адказы на іх могуць аказацца іншымі. 

Легалізацыя і планы на будучыню

Я жыву ў Люксембургу ўсяго пяць гадоў — і ўжо праходжу праз працэдуру атрымання грамадзянства. Раскажу, як выглядаў увесь гэты шлях.

Спачатку ў мяне была віза, атрымаць якую дапамог офер. Калі ты прыязджаеш у Люксембург, са сваім працоўным кантрактам адпраўляешся ў Міністэрства іміграцыі: «Добры дзень, вось гэты працадаўца хоча ўзяць мяне на працу». Як толькі працадаўца пацвярджае гэта, Міністэрства іміграцыі дае табе дазвол — і віза табе не патрэбна. У прынцыпе, калі б мая карта пабыту не была пратэрмінаваная, я мог бы даехаць да Люксембурга з Польшчы і без візы — але так была рызыка, што мяне спынілі б дзе-небудзь у Германіі. Фактычна візу я зрабіў проста для падстрахоўкі.

У Люксембургу мы атрымалі Blue Card, Residen Permit. Для яе прыйшлося на месцы дакласці неабходныя біяметрычныя дадзеныя, зарэгістравацца і прадаставіць свой адрас. Але гэта, як я ўжо расказваў, проста фармальнасць, сам дазвол робіцца імгненна.

За паўгода да таго, як скончыцца тэрмін тваёй карты, табе дасылаюць напамін пра гэта. І ты, калі ў цябе яшчэ ёсць праца, падаешся на працяг анлайн. Запаўняеш анкету, прымацоўваеш да яе працоўны кантракт, тры апошнія пэйсліпы [разліковыя лісты], цяперашнюю карту. І праз пару тыдняў табе прыходзіць ліст: «Прыйдзіце, калі ласка, зрабіць фатаграфію». Прыходзіш, робіш фатаграфію, праз 2-3 тыдні мяняеш свой стары пластык на новы і сыходзіш.

Калі мы пражылі ў Люксембургу пяць гадоў, у нас з’явілася права падавацца на пастаянны від на жыхарства. Але мы пайшлі крыху далей: здалі яшчэ іспыты па люксембургскай мове і гісторыі і падаліся на грамадзянства. Праўда, гэта працэдура даўжэйшая, трэба будзе восем месяцаў пачакаць пашпарт. Але ў астатнім усё дастаткова проста: каб атрымаць права прэтэндаваць на грамадзянства Люксембурга, дастаткова пражыць у краіне пяць гадоў і здаць іспыты.

Іспыт па гісторыі не вельмі складаны. У цябе ёсць выбар — праслухаць 20-гадзінныя курсы ці адразу ісці здаваць. У рускамоўнай супольнасці па руках ходзіць метадычка, якую чытаеш два вечары — і ідзеш на іспыт.

З мовай усё складаней. Курсы прайсці ўсё-такі давядзецца, і іспыт здаеш ужо пасля іх. У Люксембургу тры афіцыйныя мовы, і раней для грамадзянства можна было здаваць яшчэ французскую і нямецкую. Але некалькі гадоў таму (яшчэ да таго, як мы пераехалі) люксембургскай мове надалі асаблівы статус. І зараз для атрымання грамадзянства здаваць можна толькі яе. Яны зараз прасоўваюць сваю культуру, спрабуюць захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. «Мы не немцы і не французы, мы люксембуржцы», гэта для іх вельмі важна. У нейкай ступені гэта сітуацыя падобная да беларускай.

Ці будзем мы заставацца ў Люксембургу назаўсёды? Не заракаюся. Калі мы прыехалі ва Ўроцлаў, я не збіраўся з’язджаць з Польшчы. На самай справе я і з Беларусі калісьці не збіраўся выязджаць, але з часам меркаванне мяняецца. Калі ў чалавека ніколі не мяняецца меркаванне, гэта, напэўна, дзіўна. Можа быць, у мяне калі-небудзь зменіцца меркаванне і пра Люксембург. Але на дадзены момант — не. Гэта краіна мяне цалкам задавальняе як месца для жыцця.

Горад Люксембург. Фота: Unsplash

З беларускага жыцця мне тут не хапае вельмі смачных глазураваных сыркоў з пандай Полацкага малаказавода. Але магчыма, што гэты густ існуе толькі ў маёй галаве. Я доўга ўспамінаў пра Lay’s з крабам як пра нешта вельмі смачнае. Але нядаўна мне іх прывезлі, і аказалася, што гэта не вельмі смачна. Магчыма, гэта нейкія настальгічныя ноткі. Увогуле ў Люксембургу ёсць «рускія крамы», у якіх прадаецца, напрыклад, «Лідскі» квас. Цікава, што ва Ўроцлаве яго нельга было купіць, а тут без праблем.

Парады тым, хто плануе перабрацца ў Люксембург

Самае складанае тут — знайсці жыллё і знізіць узровень сваіх чаканняў. Звыклы разлік беларусаў на тое, што праграміст — гэта нешта асаблівае, тут не працуе. А пошук кватэры — гэта ў прамым сэнсе слова кастынг. Калі ты прыходзіш і кажаш, што хочаш зняць кватэру, а табе адказваюць: «Не спяшайся, вось табе спіс дакументаў, вось табе анкета, запоўні, вышлі, і мы табе праз тыднік можа быць адкажам».

Параўнайце гэта з тым, як вы здымаеце кватэру ў Мінску, прыходзіце, кажаце, што працуеце ў EPAM — і ўсё, вы адразу ў прыярытэце ў чалавека, які кватэру здае. Каму ён здасць кватэру — хлопцу з EPAM ці прадаўцу з нейкага аўтасалона? Адказ відавочны. А тут прадавец з аўтасалона можа быць лепш забяспечаны, чым любы праграміст. Я купляў нядаўна машыну і пагутарыў з такімі прадаўцамі. Адзін салон BMW у Люксембургу прадае за год 2500 машын, мяне гэтая лічба вельмі здзівіла. Прадаўцы пры гэтым атрымліваюць зарплаты без камісій — але і нават у такім выглядзе яны вельмі вялікія, па 5-7 тысяч еўра «чыстымі».

Занізіць чаканні варта яшчэ і пры куплі жылля. Так, тут можна купіць вялікі дом, такія дамы даступныя — але не для праграмістаў.

«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
Па тэме
«Прыязджаеш без офера — будзе цяжка». Сеньёр працуе ў швейцарскім банку. Вось як да гэтага ішоў
Чытайце таксама
P2P, SWIFT-пераводамі, наяўнымі. Як адпраўляюць грошы з Еўропы дадому
P2P, SWIFT-пераводамі, наяўнымі. Як адпраўляюць грошы з Еўропы дадому
P2P, SWIFT-пераводамі, наяўнымі. Як адпраўляюць грошы з Еўропы дадому
Абнавілі пад Новы год вечназялёную тэму грашовых пераводаў.
2 каментарыя
«Пакуль была праца, не адчувала сябе эмігранткай». Кім лічаць сябе тыя, хто з'ехаў — нядаўна і даўно
«Пакуль была праца, не адчувала сябе эмігранткай». Кім лічаць сябе тыя, хто з'ехаў — нядаўна і даўно
«Пакуль была праца, не адчувала сябе эмігранткай». Кім лічаць сябе тыя, хто з'ехаў — нядаўна і даўно
У праекце «Тамтэйшыя» даследуем самаідэнтыфікацыю беларусаў у эміграцыі. Ці ператварыліся яны ў замежнікаў і як падтрымліваюць сувязь з радзімай.
4 каментарыя
У чым розніца паміж «з'ехаць з Беларусі» і «прыехаць у Польшчу»? 25-гадовая інжынер EPAM напісала кнігу пра эміграцыю
У чым розніца паміж «з'ехаць з Беларусі» і «прыехаць у Польшчу»? 25-гадовая інжынер EPAM напісала кнігу пра эміграцыю
У чым розніца паміж «з'ехаць з Беларусі» і «прыехаць у Польшчу»? 25-гадовая інжынер EPAM напісала кнігу пра эміграцыю
25-гадовая настаўніца польскай мовы, якая нядаўна стала сістэмным інжынерам у EPAM, Дар’я выпусціла кнігу пра «калектыўны» досвед міграцыі. Яна так і называецца — «Я/Мы Эміграцыя», і ў ёй распавядаецца пра ўсё, што добра вядома кожнаму рэлаканту.
2 каментарыя
2025 амаль усё. На што мы (не) спадзяваліся і што (не) збылося
2025 амаль усё. На што мы (не) спадзяваліся і што (не) збылося
2025 амаль усё. На што мы (не) спадзяваліся і што (не) збылося
На 2025 год, здаецца, многія ўскладалі надзеі. Глабальныя — што настане мір, галіновыя — што крызіс у ІТ нарэшце скончыцца і з’явіцца праца, лакальныя — што беларусы выйдуць на свабоду. Кожны сам мае ацэньваць, наколькі яго надзеі апраўдаліся.
2 каментарыя

Хочаце паведаміць важную навіну? Пішыце ў Telegram-бот

Галоўныя падзеі і карысныя спасылкі ў нашым Telegram-канале

Обсуждение
Комментируйте без ограничений

Релоцировались? Теперь вы можете комментировать без верификации аккаунта.

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
0

.

Пользователь отредактировал комментарий 8 января 2026, 09:10

1

it-рота! слухай маю каманду: Фас!

2

Они сейчас заняты общением с иранскими протестующими, наверное.

hottaby422
hottaby422 Консультант в Сам себе буратино
0

у рашцы да 12га выходныя

Пользователь отредактировал комментарий 8 января 2026, 15:21

0

Про невозможную зарплату.. Был тоже в такой ситуации, только в моём случае 1700$. Мне тогда не верилось, что сеть какой-то сеньёр, зарабатывающий 1700 баксов. Вау, а такое бывает? - подумал я. Давно это уже было, а щас смешно, настольгия, однако)

toshnila
toshnila Consultant в Worldwide market
1

Так и не понял, в чём глоток свежего воздуха кроме легализации.
По опыту, во всех странах ЕС кроме Польши и Литвы ты получаешь решение о ВНЖ ещё до переезда в страну, а по приезду и устройству просто получаешь карточку.
Бывал в Люксембурге. Страна слишком тихая и спокойная и очень слабым рынком труда. Точнее, чтобы прожить с местными ценами тебе приходится работать только на местные компании. Работать на американские или британские компании без шансов, т.к. платить будут зачастую меньше.
По мне, так Польша со 100к евро в год на b2b намного лучше, чем Люксембург со 150-200к (минус налоги, расходы и останется меньше). Плюс нереальные цены на недвижимость, что о своём доме можно только мечтать (не все хотят в квартирах жить).
Люксембург хорош, если жить в Германии / Франции рядом и ездить туда на работу.

3faqt45
3faqt45 Meme officer в localhost
0

Евро гестапо синхронизирует европейские налоги для корпораций, и тогда Люксу хана.

Пользователь отредактировал комментарий 8 января 2026, 19:59

-1

пук

3faqt45
3faqt45 Meme officer в localhost
0

В пуке корпоративные налоги в 2х выше чем в Венгрии.
Посадить команду в каком нить Győr будет по деньгам сильно приятнее.
И с немецким в Венгрии неплохо. Для погонщиков 3 аэропорта рядом. А не как в плевке на карте, 3-4 часа до ближайшего большого хаба.
Но полубоги все равно будут визжать что там сырки невкусные.

Пользователь отредактировал комментарий 8 января 2026, 21:35

3

Один из самых если не самый интересный рассказ на этом ресурсе за последние пару лет, было очень приятно почитать, автор со своим жизненным путем и успехами может идти в пример к чему стоило бы стремиться. Спасибо за рассказ!
На фоне Люксембурга, Польша это деревня набитая маргиналами конечно.Польше нужно дать время, молодое государство только проходит свой путь, приятно слушать рассказы из богатых и цивилизованных стран. Действительно гонка присуща только в бедных странах и выходцам оттуда же. В Швеции похожий подход к жизни у местных, если ты работаешь и особо не важно где все у тебя будет хорошо.

Пользователь отредактировал комментарий 8 января 2026, 20:42

3faqt45
3faqt45 Meme officer в localhost
0

В 2024 году число HNWIs в Люксембурге сократилось на 7.5%.
На остров Эпштейна переехали?