«Заробкі размарозілі не ўсім». Як маецца Exadel у Беларусі, Польшчы і Літве

Мы ўжо даведаліся, як працуецца супрацоўнікам EPAM, Wargaming, iTechArt, Andersen, iSsoft, IBA. Цяпер раскажам, як маецца Exadel.

80 каментарыяў
Змест

Глабальны штат Exadel налічвае 2800+ супрацоўнікаў (мяркуючы з інфармацыі на афіцыйным сайце). У кампаніі адкрыта 30 офісаў распрацоўкі ў 17 краінах.

У 2021 годзе Exadel набыла амерыканская інвестыцыйная кампанія Sun Capital (да гэтага кампанію беспаспяхова спрабаваў купіць EPAM).

Warning!

Гэты цыкл публікацый — падборка свежых водгукаў аб працы ў розных ІТ-кампаніях у 2022-2023 на рынку, што змяняецца. Тут няма інфармацыйных нагод. Гэта суб’ектыўны досвед і ўражанні супрацоўнікаў з розных офісаў, якія пажадалі выказацца.

Спадзяемся, кампаніі таксама знойдуць фідбэк карысным. Калі кампанія захоча даць каментары, мы дадамо яе пазіцыю.

Да вайны ва Украіне асноўны цэнтр распрацоўкі Exadel размяшчаўся ў Мінску. Тут працавалі 700 супрацоўнікаў, кампанія ўваходзіла ў топ-15 найбуйнейшых ІТ-бізнэсаў у Беларусі. Але ў 2022 годзе кампанія вырашыла перанесці хаб у Польшчу.

— Трагічныя падзеі ва Украіне прывялі да таго, што польскі філіял Exadel ператварыўся ў маяк для нашага пашырэння ў Еўропе, — заявілі ў кампаніі.

Exadel абвясціла аб маштабным пашырэнні польскага офіса і планах наняць да 2023 года каля 2 тысяч спецыялістаў. Прычына рэзкага павелічэння штату — жаданне кампаніі ўзмацніць свае пазіцыі ў ЗША, Еўропе і Лацінскай Амерыцы.

Адначасова Exadel перастала працаваць у Расіі. У Беларусі закрылася частка праектаў, многія заказчыкі адмовіліся ад далейшых праектаў з беларускім офісам. Супрацоўнікам у Беларусі прапанавалі рэлакейт у Польшчу і іншыя краіны.

Плюсы і мінусы працы ў Exadel (суб’ектыўныя меркаванні нашых чытачоў)

Плюсы

  • «Канкурэнтная зарплата, добрыя цікавыя праекты, аплата адукацыі (сертыфікаты, курсы)».
  • «Хапае добрых праектаў. Пры пераходзе табе могуць прапанаваць вельмі добрую зарплату. Разам з добрым праектам і камандай табе спадабаецца працаваць першыя год-паўтара. Потым сутыкнешся з руцінай унутры кампаніі і будзеш вырашаць для сябе, што рабіць далей. Але за год-паўтара ты можаш вырасці як спецыяліст і зрабіць крок насустрач сур’ёзнейшым кампаніям».
  • «Кампанія дае абсталяванне (нават для B2B)».
  • «Няма асаблівага трэкінгу, галоўнае — выконваць свае задачы на праекце».

Мінусы

  • «У кампаніі знікла атмасфера лямпавасці, калі кожны супрацоўнік быў важны. Сёння ты, а заўтра на тваім месцы будзе іншы».
  • «Кампанія можа паставіць цябе ў няёмкае становішча ў вырашэнні пытанняў падаткаабкладання».
  • «У 2022 годзе праз масавы наплыў людзей у польскую лакацыю не хапала HR, а польскія HR — гэта быў ціхі жах».
  • «Не ўсе эйчары ў Польшчы добра працуюць. Шмат скаргаў на доўгія адказы, ігнараванне, некампетэнтнасць. У беларускім офісе ўсё працавала дакладна, як гадзіннік, у Польшчы з гэтым пытанні». 
  • «Мне здаецца, кампанія перастаралася з колькасцю неінжынерных пазіцый, што адбіваецца на бюджэце, але не на разуменні, каму пісаць па хвалюючых пытаннях з вялізнага спіса людзей».
  • «Паказушнасць поспеху на таўнхолах. Менеджмент жыве ў свеце, дзе кампанія і ў AI, і ў JS ледзьве не найлепшая і г. д., збіраючы нейкія незразумелыя ўзнагароды, якія ніяк не мяняюць рэчаіснасці. Паказальны момант — з кожным таўнхолам людзей, якія хаця б заходзяць на іх, усё менш».
  • «Сыход з кампаніі спецыялістаў узроўню Senior».

Беларусь

У Беларусі працуе 100 чалавек. Найманне замарожанае (у пераліку вакансій Беларусі няма ў спісе лакацый), таксама замарожаны і перагляд заробкаў.

Рэлакацыя

«У 2023 годзе праграму рэлакацыі згарнулі. Цяпер можна пераехаць у любую лакацыю, акрамя ЗША, але самастойна. Гэта азначае што, па-першае, ніякіх кампенсацый на пераезд ад кампаніі не будзе. Па-другое, у новай лакацыі мае быць праект для цябе. Проста так на бэнч рэлакаваць не будуць».

Праекты, найманне, звальненні

«Новыя праекты ў Беларусь не бяруць. Топ-менеджмент асцерагаецца, што ў выпадку нейкай эскалацыі цяперашнія заказчыкі наогул адмовяцца працаваць у Беларусі. Таму новыя праекты ідуць у Польшчу ды іншыя краіны.

Калі скончыцца мой праект, то мяне, хутчэй за ўсё, звольняць. На бэнчы, наколькі я ведаю, можна быць месяц, але потым звальняюць, бо імавернасць новага праекта для Беларусі нулявая. Я вырашыў пакуль працаваць, а потым або пераехаць у іншую лакацыю, дзе ёсць офісы Exadel, або пашукаць нешта ў Беларусі».

Перспектывы беларускага офіса

 «Офісы Exadel у абласных гарадах, наколькі я чуў, закрылі (на сайце кампаніі офісы ў абласных гарадах па-ранейшаму пазначаныя як дзейныя падраздзяленні кампаніі ў Беларусі — заўв.). Застаўся офіс толькі ў Мінску. Пакуль афіцыйная пазіцыя — не закрываць офіса. Але і развіваць яго таксама не будуць. Паступова праекты будуць заканчвацца, а колькасць людзей змяншацца».

Польшча

У Польшчы 5 офісаў Exadel: у Варшаве, Беластоку, Познані, Шчэціне, Гданьску. Нягледзячы на амбіцыйныя планы кампаніі павялічыць каманду да 2 тысяч чалавек, цяпер у польскіх офісах працуе каля 800 спецыялістаў.

— План, відавочна, праваліўся яшчэ летась. Першапачаткова ён быў вельмі амбіцыйны. І праблема тут не толькі ў праектах. У палякаў абсалютна іншы лад жыцця, яны не ўкладаюць столькі намаганняў у працу на найманай пазіцыі. Плюс у Польшчы шмат сваіх ІТ-кампаній, а каб з імі канкураваць, патрэбныя адпаведныя заробкі і адэкватны менеджмент, які разумее гэтыя рэчы.

З таго, што нам даносяць, кампанія больш нацэленая на атрыманне экспертызы ў самых актуальных напрамках і пошук новых кліентаў. 

І я б сказаў, што ў Польшчы няма ніякага «цэнтра распрацоўкі». Раней так — гэта быў Мінск/Беларусь. Калі рэзюмаваць, то ў Exadel справы абсалютна такія ж, як у іншых аўтсорсінгавых кампаній з беларускімі каранямі. 

Рэлакейт

У 2022 годзе Exadel рэлакавала супрацоўнікаў беларускага офіса ў новыя лакацыі, у тым ліку ў Польшчу. Кампанія дапамагала з афармленнем і падачай дакументаў на ДНЖ. У Варшаве ў супрацоўнікаў была магчымасць размясціцца ў спецыяльна арандаваным доме на час пошуку пастаяннага жылля. Таксама кампанія давала фінансавую падтрымку — да 3 тысяч долараў.

Што праўда, дапамога выявілася не бязвыплатнай. Для ўсіх атрымальнікаў рэлакейт-бонусу ўводзілася абавязковая адпрацоўка ў кампаніі на працягу пэўнага тэрміну.

У выпадку датэрміновага звальнення з уласнай ініцыятывы супрацоўнік быў абавязаны вярнуць бонус. Калі ж супрацоўнік сыходзіў з ініцыятывы кампаніі, у гэтым выпадку грошы не вярталіся.

Першапачаткова тэрмін адпрацоўкі складаў 18 месяцаў. Але потым яго скарацілі да 9 месяцаў у сувязі з невялікай колькасцю ахвотных атрымліваць фінансавую дапамогу на такіх умовах, сцвярджаюць супрацоўнікі кампаніі. Пры гэтым «кампанія паведаміла, што ўсім, хто не бярэ бонусу, не будуць дапамагаць з легалізацыяй — падачай дакументаў на ДНЖ».

Акрамя таго, сама фінансавая дапамога, сцвярджаюць супрацоўнікі, насамрэч выявілася пазыкай, за атрыманне якой прыйшлося потым плаціць не толькі пэўны працэнт, але і падаткі. Некаторым прыйшлося такім чынам вярнуць каля 40% ад сумы бонусу.

— Для тых, хто працуе па B2B, любы даход абкладаецца падаткам, ці то бонус, ці то нешта іншае. У мяне пытанняў не ўзнікла. Пытанні былі ў тых, хто працаваў па umowa o pracę. Яны не чакалі, што прыйдзецца выплачваць вялікі падатак з бонусу.

— Бонус быў аформлены як пазыка. Таксама пры падпісанні дакументаў кампанія паведаміла пра абавязковую выплату interest rate — працэнта за карыстанне пазыкай, але ў выпадку датэрміновага сыходу з кампаніі. Але потым выявілася, што interest абавязаныя выплаціць усе. На момант выплат стаўка складала 16% ад усёй сумы.

Акрамя таго, з сумы пазыкі і працэнтаў за яго нам давялося таксама заплаціць падаткі + страхавыя ўнёскі. І пра гэта загадзя ніхто не папярэдзіў. У выніку з бонусу ў 2800 долараў мне давялося заплаціць больш за 1000 долараў.

Я думаю, кампанія распрацавала такую схему, каб сума фінансавай дапамогі была прывабнейшай. Хто пагодзіцца адпрацоўваць 1,5 года, як было першапачаткова, за 1600 долараў? А 2800 долараў ужо нядрэнная сума, калі ў цябе не вельмі вялікая зарплата і няма дастаткова грошай на пераезд. Але калі б я загадзя ведала пра ўсе выплаты, я б не брала бонусу. Асабліва з улікам таго, што ты звязваеш сябе забавязаннямі з кампаніяй.

Найманне

На сайце Exadel размешчана 13 вакансій (на момант публікацыі), у пераліку лакацый ёсць Польшча.

Некалькі вакансій з пазначэннем зарплаты размешчана на justjoin.it. У прыватнасці, Data / Service Architect кампанія прапаноўвае заробак у памеры 38-42 тысячы злотых нета па B2B-кантракце (9,5-10,5+ тысячы долараў). Амаль удвая ніжэйшая зарплатная прапанова для Middle DevOps Engineer — 16-17 тысяч злотых нета па B2B (4-4,3 тысячы долараў).

Праекты, бэнч

— У параўнанні з 2022 годам праектаў стала нашмат меней. Найманне невялікае, літаральна кропкава наймалі, бо шмат спецыялістаў на бэнчы.

Што тычыцца бэнчу, то ёсць джуны, якія сядзяць без праекта ад моманту пераезду, то-бок паўтара года, а ёсць тыя, каго звольнілі праз тры месяцы на бэнчы.

У розных дэпартаментах сёння розны памер бэнчу. Колькі часу спецыяліст можа знаходзіцца на бэнчы, пакуль кампанія не вырашыць яго звольніць, залежыць, у прыватнасці, ад пазіцыі супрацоўніка. Пры гэтым у кампаніі ёсць ліміты на колькасць чалавек на бэнчы. 

Бэнч аплачваецца на 100%. Але нядаўна прайшла інфармацыя, што некаторых спецыялістаў адразу пасля трапляння на бэнч адправілі ў адпачынак за свой кошт на тры месяцы.

— Летась сітуацыя з праектамі пачала пагаршацца вясной. Цяпер у параўнанні з 2022 годам усё адназначна горш. Сітуацыя са звальненнямі прыкладна такая ж, як і ўсюды. Скончыўся праект, а новага няма — на мароз могуць адправіць даволі хутка. Бэнч ёсць і, наколькі я знаю сітуацыю, супрацоўнікі на B2B могуць сядзець на бэнчы каля месяца, а супрацоўнікі, якія працуюць па umowa o pracę, месяц-два.

Зарплата

— Пасля рэлакейту я папрасіла падняць мне заробак, і кампанія не адмовіла. Мой заробак вырас на 30% адносна мінскага. Ведаю, што ўсім, хто прасіў перагледзець, паднялі заробак хоць троху. Летась былі выпадкі зніжэння заробку і сыходу супрацоўнікаў у адпачынак за свой кошт.

— Ад мая мінулага года прыкладна да кастрычніка-лістапада кампанія замарозіла перагляд заробкаў. Потым перагляды вярнулі, але не для ўсіх — толькі для джуноў і тых, у каго запланаваны assessment.

Але перагляды мізэрныя. Пасля таго як мне паднялі заробак, я падумаў, што адбылася нейкая памылка. Зарплата вырасла ўсяго на 5%, хоць прыклаў намаганні для праходжання assessment на вышэйшую пазіцыю. Магчыма, гэта неяк звязана з праектам і заказчыкам, з якім ёсць праблемы, што кампанія даўно не можа вырашыць.

— У кастрычніку мінулага года ў рассылцы кампанія апавясціла супрацоўнікаў аб тым, што замарозка перагляду заробкаў афіцыйна скончаная. Але адначасова былі ўведзеныя новыя правілы датычна таго, каму змогуць павысіць, у якім парадку, а каму не. Атрымалася даволі непрыгожая канструкцыя, у якой, нават нягледзячы на станоўчыя моманты, ты апынаешся ў дзіўным становішчы.

Па-першае, было вельмі шмат супрацоўнікаў, якім перагляд заробкаў паставілі на паўзу вясной-летам. Не знаю дакладных лічбаў, але па адчуваннях дзесьці 30% ад усяго польскага офіса.

Па-другое, пасля таго, як ты ўсё ж такі апынаешся ў гэтай вялікай чарзе, даведаешся, што прыярытэт на старт хоць нейкага працэсу павышэння маюць сеньёрныя супрацоўнікі. Да гэтага дадаецца шмат незразумелых і не залежных ад цябе фактараў, праз якія табе могуць альбо адмовіць у запуску працэсу павышэння, хоць пад умовы ты пасуеш, альбо замарозіць гэты працэс на месяцы з любой падставы.

Але нават калі ты са скрыпам даходзіш да разыходжання з нагоды памеру павышэння зарплаты, кампанія не будзе разглядаць тваю прапанову. Табе прапануюць «сярэднюю на рынку па нашай ацэнцы». І табе трэба згаджацца, бо ніякіх іншых варыянтаў у цябе не будзе (хоць і ёсць магчымасць пачаць перапіску з менеджарам наконт нязгоды з перагледжанай сумай).

— Ходзяць чуткі па кампаніі, прычым з розных крыніц, што палякам плацяць у сярэднім на 30% больш, ніж спецыялістам з СНД. Не ведаю, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але ў сярэднім па палаце найманыя палякі тэхнічна горшыя. Гэта не значыць, што палякі ў кампаніі за прыгожыя вочы. Сярод іх ёсць і высокакваліфікаваныя работнікі, але часцей наадварот.

Літва

У кампаніі два падраздзяленні ў Літве — у Вільні і Клайпедзе. У каталогу літоўскіх кампаній rekvizitai.vz.lt ёсць інфармацыя толькі пра віленскі офіс Exadel. Тут на сёння зарэгістравана больш за 50 супрацоўнікаў. За апошні год каманда скарацілася на 10%+.

Exadel шукае новых супрацоўнікаў для працы ў Літве. Кампанія размясціла на сайце больш за 10 вакансій, дзе ў якасці лакацыі фігуруе Літва. Для працы ў віленскім офісе кампанія шукае інжынераў, распрацоўшчыкаў, CDO Assistant, Data / Service Architect.

За снежань мінулага года сярэдні заробак у віленскім офісе Exadel склаў 4,7 тысячы еўра (брута). Сярод літоўскіх ІТ-кампаній з беларускімі каранямі Exadel па ўзроўні сярэдняй зарплаты апынулася па-за межамі топа-10.


Чытачы, што для вас dev.by? 

  • Месца сустрэчы з супольнасцю? 
  • Крыніца навін пра ІТ Беларусі?
  • Крыніца любых навін?
  • Месца для дыскусіі?
  • Пляцоўка для адукацыі і абмену досведам?
  • Кар’ерны кансультант?
  • Можа, усё пералічанае вышэй? А, можа, нешта іншае?

А хто вы для dev.by?

Супольнасць людзей, якая развівае беларускую ІТ-індустрыю і робіць яе поўнай таленавітых праектаў, цікавых дыскусій і навін. Мы тут, каб трымаць вас у курсе гэтых прыгод. dev.by для нас — гэта ўсё пералічанае вышэй, а яшчэ — праца. Падтрымайце нашую рэдакцыю!

Вашыя грошы даюць нам магчымасць выплачваць заробкі журналістам, менеджарам, распрацоўшчыкам, прадзюсарам — усім тым, хто робіць dev.by. Засапорціць нас можна: 

— Праз Patreon

— Праз Donorbox (калі вы ў Беларусі)

— Крыптой, тут гаманцы

Дзякуй!

Exadel прапанавала «валюту» за добрыя водгукі ў інтэрнэце
Па тэме
Exadel прапанавала «валюту» за добрыя водгукі ў інтэрнэце
Exadel зніжае заробкі. Хаб цяпер у Польшчы, мінскі офіс паменшыўся ў 5+ разоў
Па тэме
Exadel зніжае заробкі. Хаб цяпер у Польшчы, мінскі офіс паменшыўся ў 5+ разоў
Не так і дрэнна. Як маецца IBA у трох краінах, дзе працуюць беларусы
Па тэме
Не так і дрэнна. Як маецца IBA у трох краінах, дзе працуюць беларусы
«Скасавалі рэлакейт-бонусы ў Польшчу». Як маецца каманда ISsoft / Coherent Solutions
Па тэме
«Скасавалі рэлакейт-бонусы ў Польшчу». Як маецца каманда ISsoft / Coherent Solutions
Lesta Games актыўна хайрыць Беларусі на пачатку 2024. Хто яшчэ
Па тэме
Lesta Games актыўна хайрыць Беларусі на пачатку 2024. Хто яшчэ
На рынку ІТ-вакансій у Беларусі зноў дно — пакуль самае глыбокае. Мы вымералі
Па тэме
На рынку ІТ-вакансій у Беларусі зноў дно — пакуль самае глыбокае. Мы вымералі
EPAM и другие хайрят в Польше, хоть и не так активно. Вот кого и на какие деньги
По теме
EPAM и другие хайрят в Польше, хоть и не так активно. Вот кого и на какие деньги
Каго шукаюць і якую зарплату прапануюць EPAM, Wargaming і іншыя ў Літве на пачатку 2024
Па тэме
Каго шукаюць і якую зарплату прапануюць EPAM, Wargaming і іншыя ў Літве на пачатку 2024

Читать на dev.by