«Ты трымайся, ён проста такі чалавек». Як айцішнікі адстойваюць межы на працы

І ці павінна кампанія дапамагчы.
29 каментарыяў

«Кампанія спрацавала на 200%»

PM напісала ў лінкедзіне пра тое, як калега ў ІТ-кампаніі ў Нідэрландах буліў яе на працягу паўгода — яна паскардзілася эйчарцы, прыклаўшы скрыны перапісак і спіс сведак. 

Гісторыя:

Ёй дагэтуль складана працаваць з гэтым калегам, але яна ўпэўненая, што ў выпадку паўтарэння гісторыі «другога шанцу кампанія яму не дасць».

Заканчваецца пост парадай: нельга трываць парушэння межаў — крыўдзіцель проста так не зменіць сваіх паводзін. 

Пад пастом 150+ каментароў. Аўтарку падтрымліваюць. Наракаюць на тое, што «жорсткі адказ крыўдзіцелю можа быць пададзены як «яна занадта эмацыйная», «агрэсіўная» або «істэрычка». І дзякуюць за прыклад добрай працы эйчарак.

«Ну нічога, ты трымайся. Можаш таксама адказваць яму, як і ён табе»

Пра выпадак у сваёй кар’еры расказала Ганна (імя змененае) — арт-лід у беларускім офісе замежнай кампаніі.

Паўгода таму яна вымушаная была сысці з кампаніі, бо калега абражаў яе — на сазвонах і ў паведамленнях. 

Ганна сабрала доказы — і паказала перапіску кіраўніку і кіраўніку HR-каманды. Паводле слоў суразмоўніцы, тыя ведалі пра праблему. Раней праз яго звольніліся двое супрацоўнікаў, паведамляе Ганна: «Наогул, абразы былі па большай частцы ў бок жанчын. Хлопцаў ён асабліва не чапаў, але мог проста размаўляць як быдла. Сказаць, што ягоныя абразы гучалі па-сэксісцку, не магу».

— Кіраўніца спярша паабяцала з ім пагутарыць, але размовы не здарылася — яны з эйчаркай перакладалі гэтую адказнасць адна на адну, бо ён быў каштоўным супрацоўнікам, а адносіны з ім — вельмі асаблівымі. І ніводнай з іх не хацелася іх псаваць.

У выніку мне сказалі штосьці накшталт: «Ну нічога, ты трымайся, ён проста такі чалавек, унутры ж ён добры. Можаш таксама адказваць яму, як і ён табе». 

Само сабой, я адмовілася, аргументаваўшы сваю адмову тым, што выкананне правілаў этыкету і субардынацыі — аснова адэкватных працоўных адносін, і гэта поўная дзічына — апускацца да ягонага ўзроўню. Яны адказалі: «Малайчына, так трымаць!»

Ганна кажа, што сітуацыя стала апошняй кропляй, каб пачаць актыўна шукаць працу. Звальненне не стала сюрпрызам для астатняй каманды. «Праблема, калі CEO ў асаблівых адносінах з кімсьці з супрацоўнікаў, а астатнія павінны трываць і падладжвацца», — адзначае Ганна. 

Суразмоўніца кажа, што цяпер яна была б катэгарычнейшай і адразу пазначыла свае рамкі. І сышла б адразу, бо зразумела на ўласным досведзе: абяцанкі — гэта нішто, калі пытанне не вырашаецца адразу, яно не вырашыцца ніколі. 

— Калі ў кампаніі адсутнічае працоўны этыкет, я не змагу гэтага выправіць, дый не буду марнаваць зноў на гэта нервы. 

Мы шукалі таксама «мужчынскія» гісторыі пра парушэнні межаў, хамства з боку калег, спосабы з гэтым змагацца і рэакцыю кампаніі. Але з імі ніхто не прыйшоў. Калі вам ёсць што расказаць — пішыце ў каментарах. 

«Па рэакцыі адказных асоб можна многае зразумець пра кампанію. Гэтая рэакцыя можа вас расчараваць»

Фасілітатар, спецыяліст па ўнутраных камунікацыях і лід з 12-гадовым стажам Артур Райскі расказаў devby.io, як бараніць межы на працы і што рабіць, калі спрабуеш — але кіраўніцтва не хоча «ўлазіць у разборкі». 

— Вельмі спачуваю людзям, якія апынаюцца ў падобных сітуацыях. Напароцца на непрыстойных калег — гэта нешанцунак. На жаль, часам сыходзіць нямала часу на ўсведамленне таго, што з табой усё як мае быць, з сітуацыі ёсць выйсце, можна папрасіць дапамогі. 

На мой погляд, героі расказаных гісторый дзейнічалі слушна: калі вас крыўдзяць, трэба даваць адпор. Але абарона асабістых межаў патрабуе тонкай налады. 

  • З аднаго боку, імгненныя дзеянні ў адказ пры найменшым падазрэнні, што стаўленне да мяне — неадпаведнае, могуць быць паспешнымі. Чалавек мог няўдала выказацца або проста памыліцца. Ці наадварот, у вас можа быць недастаткова кантэксту для ацэнкі сітуацыі. 
  • З іншага боку, чакаць паўгода і цярпець знявагі ў свой адрас дакладна не варта: якой бы ні была праца, што б ні адбывалася ў жыцці — вы не заслугоўваеце такога стаўлення да сябе.

Так што калі вам не здалося, — дзейнічайце. Паназірайце за паводзінамі крыўдзіцеля. У якіх сітуацыях ён (яна) так паводзіцца, з кім. Паразмаўляйце з калегамі, каб супаставіць адчуванні. Але ўстрымайцеся ад плётак і падкопаў — пакуль вы спрабуеце абараніць сябе, а не нападаць на чалавека.

Набярыцеся сіл пагутарыць з крыўдзіцелем, раскажыце пра свае пачуцці, даведайцеся, як сітуацыя выглядае яго або яе вачыма. Не спрашчайце чалавека, не зводзьце ягоныя паводзіны да таго, што яго недалюбілі або яна проста хоча выслужыцца. Матывацыя і намеры людзей могуць быць складанейшымі — разабраўшыся ў іх, маеце шанец разам паправіць сітуацыю.

Калі чалавек не ідзе на кантакт, варта папрасіць дапамогі. Можна звярнуцца да каманды HR, псіхпадтрымкі, унутраных камунікацый, да лідоў або да топ-менеджменту. Не саромцеся іх турбаваць, не думайце, што даносіце на калегу. Гэтыя людзі адказныя за стварэнне камфортнай атмасферы. Разбірацца з канфліктамі — частка іх працы. 

Па рэакцыі адказных асоб можна многае зразумець пра кампанію. Гэтая рэакцыя можа вас расчараваць. Тады гэта будзе вельмі сумныя, але ўсё ж такі веды. І магчыма, падстава для таго, каб задумацца пра далейшую кар’еру ў гэтым месцы. Але пэўнасць і яснасць сітуацыі зніме з вас частку напружання і дасць энергію на дзеянні — напрыклад, знайсці для сябе працоўныя ўмовы, якіх вы заслугоўваеце. І гэта бясцэнна.

«Я токсік». Айцішнікі падзяліліся, чаму «токсікі — самыя патрэбныя людзі ў камандзе»
Па тэме
«Я токсік». Айцішнікі падзяліліся, чаму «токсікі — самыя патрэбныя людзі ў камандзе»

Читать на dev.by