ЕС укладзе €200 млрд у АІ-гонку з ЗША і Кітаем
Еўрапейскі саюз мае намер мабілізаваць €200 млрд (каля $206 млрд) для развіцця штучнага інтэлекту, каб умацаваць канкурэнтныя пазіцыі ў барацьбе з ЗША і Кітаем. Аб інвестыцыях абвясціла прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен на саміце AI Action у Парыжы ў аўторак.
ЕС выдзеліць €50 млрд у дадатак да €150 млрд фінансавання, якое ўжо плануе ўкласці ў сферу група прыватных інвестараў у рамках праекта European AI Champions Initiative.
«Мы хочам, каб Еўропа стала адным з вядучых АІ-кантынентаў, — адзначыла фон дэр Ляен, дадаўшы, што гэта мае на ўвазе паўсюднае ўкараненне АІ у жыццё чалавека. — Я занадта часта чую, што Еўропа адстае ў гонцы, у якой ЗША і Кітай сышлі далёка наперад. Я не згодна, бо АІ-гонка яшчэ далёка не скончылася».
У прэс-рэлізе гаворыцца, што гэта будзе найбуйнейшае дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў свеце, накіраванае на распрацоўку надзейнага АІ. У рамках яго плануецца паскорыць будаўніцтва так званых «гігафабрык» — буйных цэнтраў для навучання АІ-мадэляў.
Некалькі дзён таму прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон абвясціў, што ягоная краіна адкажа на амерыканскі мегапраект Stargate, уклаўшы ў штучны інтэлект €109 млрд. Усе гэтыя інвестыцыі дапамогуць развіццю ў Еўропе АІ-інфраструктуры, якая абумовіла з’яўленне такіх папулярных АІ-прадуктаў, як ChatGPT і DeepSeek.
У аўторак на парыжскім саміце віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс раскрытыкаваў зарэгуляванасць АІ-сферы ў ЕС, назваўшы мясцовы падыход «аўтарытарнай цэнзурай» і заявіўшы, што празмернасці заб’юць галіну ў рэгіёне. Ён заклікаў аслабіць рэгуляванне, калі Еўропа хоча дамагчыся поспеху ў АІ. Вядучы АІ-даследчык Meta Ян Лекун на тым жа саміце ў панядзелак адзначыў, што Еўропа і краіны, якія спрабуюць забараніць оўпэнсорсіць мадэлі дзеля палітычнай перавагі, здзяйсняюць «велізарную памылку». Ён лічыць, што калі Еўропа хоча развівацца ў АІ, мадэлямі трэба дзяліцца: «Калі вы праводзіце даследаванні скрытна, вы застанецеся ззаду. Астатні свет будзе выкладваць [мадэлі] у свабодны доступ і апярэдзіць вас. Менавіта гэта цяпер і адбываецца».
Читать на dev.by