Зяць Трампа і саудаўскі фонд купілі Electronic Arts за $55 млрд
Амерыканскі выдавец відэагульняў Electronic Arts (EA) пагадзіўся на продаж прыватнаму кансорцыуму інвестараў за $55 мільярдаў. Калі ўгода будзе завершана, гэта стане найбуйнейшым у гісторыі выкупам кампаніі з выкарыстаннем пазыковых сродкаў (LBO).
Пакупнікамі выступаюць суверэнны фонд Саудаўскай Аравіі Public Investment Fund (PIF), фонд Affinity Partners Джарэда Кушнера і інвестыцыйная кампанія Silver Lake. Фінансаванне ўгоды забяспечаць $36 мільярдаў у выглядзе капіталу і $20 мільярдаў доўгу, прадастаўленага JPMorgan.
Для PIF гэта частка стратэгіі па ператварэнні каралеўства ў глабальны цэнтр спорту і гульнявой індустрыі. Фонд ужо валодае долямі ў Nintendo, Take-Two Interactive і Capcom, а цяпер атрымае кантроль над адным з найбуйнейшых выдаўцоў гульняў.
Угода прадугледжвае выкуп акцый EA па цане $210 за штуку — на 25% вышэй за каціроўкі да абвяшчэння. Акцыі кампаніі на навіне выраслі амаль на 5%, дасягнуўшы $202.
Пасля завяршэння ўгоды EA перастане быць публічнай кампаніяй. Штаб-кватэра застанецца ў Рэдвуд-Сіці (Каліфорнія), а пасаду гендырэктара захавае Эндру Уілсан. Закрыццё плануецца ў першым квартале 2027 фінансавага года, пасля ўхвалення акцыянерамі і рэгулятарамі.
Інвестары абяцаюць падтрымаць развіццё ключавых франшыз EA, уключаючы Battlefield 6, які рыхтуецца да запуску. Аналітыкі адзначаюць, што прыватная форма ўласнасці дасць выдаўцу больш свабоды для доўгатэрміновых і рызыкоўных інвестыцый.
Угода стала сігналам магчымага вяртання эпохі маштабных LBO, падзабытых пасля крызісу 2008 года. Для параўнання, папярэдні рэкорд — выкуп энергакампаніі TXU Energy за $45 мільярдаў у 2007 годзе — завяршыўся банкруцтвам ужо праз сем гадоў.
Читать на dev.by