Як айцішнік перакладае Psiphon, Ubuntu і гульні (вам захочацца перайсцi на беларускiя інтэрфейсы!)

Golang back-end распрацоўшчык Аляксандр Клюеў не мае профільнай лінгвістычнай адукацыі. Але ён адзін з тых, хто намагаецца перакласці ІТ-тэрміналогію на беларускую мову.

Пагаварылі з ім, чаму трэба ставіць родную мову на сваіх прыладах i з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца аматары-перакладчыкі.

9 комментариев

«Самая якасная тэхнічная беларуская мова зараз — у Google»

Аляксандр Клюеў апісвае сябе як беларускага палітычнага актывіста, сакратара «ЗБС — Задзіночання беларускіх студэнтаў», Golang back-end распрацоўшчыка і перакладчыка.

Праз сваю палітычную актыўнасць хлопец быў адлічаны з 4 курса спецыяльнасці «Штучны інтэлект» БДУІР і цяпер жыве ў Польшчы.

Яшчэ падчас вучобы ён пачаў цікавіцца акадэмічным мовазнаўствам і рабіць праекты, звязаныя з камп’ютарнай лінгвістыкай. На першым-другім курсе ўніверсітэта ён далучыўся да кола аматараў, якія перакладалі Telegram на беларускую. Там Аляксандр быў мадэратарам — мог зацвярджаць пераклад.

Але восенню 2020-га ў яго адбыўся вобшук, юнак з’ехаў з Беларусі, страціў доступ да свайго тэлеграм-акаўнта і прыпыніў актыўнасць.

Апошнія гады Аляксандр займаецца на грамадскіх пачатках перакладам шэрагу праграм на беларускую. Кажа, што пачаў рабіць гэта, каб «развіваць сваю мову», бо зараз з тэрміналогіяй на беларускай — вялікія праблемы.

— Samsung, Google і Microsoft зрабілі для беларускай ІТ-тэрміналогіі больш, чым усе дзяржаўныя інстанцыі разам узятыя. Я так разумею, што свайго часу нейкая перакладчыцкая кантора пачала складаць гласарый для Microsoft. Спачатку гэтым займаліся і жук, і жаба — там было ўсё даволі дрэнна. Але потым тэрміналогію пачалі выпраўляць. Цяпер нават ёсць база Microsoft, куды можна зайсці і паглядзець любы радок. Вельмі карысны інструмент, але трэба разумець, што ў Microsoft тэрміналогія трошкі ўжо састарэлая.

Самая якасная тэхнічная беларуская мова зараз — у Google. На жаль, простым карыстальнікам закрыты доступ да іх камерцыйнай дзейнасці. Але мы ўсё роўна карыстаемся некаторымі іх прадуктамі, бачым радкі на англійскай і беларускай і можам іх супаставіць.

Чаму не дадатак, а праграма

За плячыма Аляксандра — праца над перакладам VPN-сэрвісу Psiphon (далучыўся, бо «бачыў многа хібаў») і Ubuntu. Наконт апошняга хлопец кажа, што збольшага пераклад там няякасны, і яго трэба выпраўляць. Была нават створаная новая каманда, але праца заглухла праз тэхнічныя праблемы і пратэсты, якія тады пачаліся.

Зараз у працы — мінімалістычны рэдактар Typora і праграма Anki, якая выкарыстоўваецца для вывучэння слоў альбо нейкіх фактаў па картках.

— Я збольшага бачу сваю ролю ў тым, каб зрабіць як мага больш менавіта якасных перакладаў, — тлумачыць суразмоўца. — Чаму юзеры павінны выстаўляць у сваіх наладах беларускую мову? Каб ствараць вакол сябе прыгожае моўнае асяроддзе. 

Даволі часта сустракаюцца тэрміны, у якіх няма «нармальных адпаведнікаў у беларускай мове». У такім выпадку трэба рабіць тэрміналагічную працу — заходзіць у слоўнікі, супастаўляць мовы, вынаходзіць новыя тэрміны, якія будуць і зразумелыя карыстальніку і выглядаць нармальна ў праграме.

— Мой любімы прыклад — тэрмін, які ў беларускай мове ўсе ўжываюць няправільна: application. У нас часта перакладаюць не арыгiнальны тэрмiн, а яго рускамоўны пераклад — прыкладанне, дадатак, прыстасаванне, нават прылада (хаця па-руску прылада — гэта «устройство»). Але правільна з пункту моўнага гледжання — праграма. Бо application — скарачэнне ад application program.

Канешне, пад уплывам нашых суседзяў (у тым ліку з Польшчы і Украіны) у жывую беларскую мову могуць пранікаць словы «дадатак», «аплікацыя», і праз гэта пазней зафіксавацца ў слоўніках. Але гэта будзе проста ўплыў суседніх моў, а не паўнавартасны пераклад арыгіналу.

Гайд ад Аляксандра, як пачаць рабіць пераклады 

Звычайна заходзіш на сайт прадукту і шукаеш кантакты або спецыяльныя раздзелы з інструкцыямі для перакладчыкаў.

Калі няма раздзелу для перакладчыкаў — пішаш распрацоўшчыкам. Не ўсе пераклады open source, і могуць адмовіць даць радкі.

Калі open source, то:

  • Альбо распрацоўшчык проста кіне ў цябе файламі перакладу,
  • Альбо дадасць (цi сам/сама далучаешся да спецыяльнай пляцоўкі/рэпазіторыю з перакладамі). Напрыклад, у Project Zomboid проста на GitHub ляжыць рэпазіторый перакладаў, але гэта вееееельмі нязручна для каманды перакладчыкаў, і можа быць шмат рассінхрону і бескантрольнай дзейнасці.

«Часамі пераклады на беларускую з’яўляюцца і знікаюць, як, напрыклад, у выпадку з World of Tanks»

Таксама Аляксандр перакладае гульню на выжыванне пад назвай ProjectZomboid. Кажа, што гуляе ў яе час ад часу.

— Часам я думаю: «Хто, калі не я?» — кажа хлопец. — Ну і мне хацелася пераключыцца на нешта больш набліжанае да мастацкага перакладу. У гульні даволі шмат радкоў з размоўнай або літаратурнай мовай.

Зараз праца над ProjectZomboid знаходзіцца ў самым пачатку, выканана каля 10%.

— Ты раней казаў, што «з перакладамі відэагульняў на беларускую сёння бяда: іх мала, а тое, што ёсць, не заўсёды зроблена якасна». А якія гульні ўжо перакладзеныя на беларускую?

— Часамі пераклады з’яўляюцца і знікаюць, як, напрыклад, у выпадку з World of Tanks. Там быў прафесійны, вельмі добры беларускі пераклад, які ў выніку, на жаль, закрылі. Спадзяюся, калі-небудзь адродзяць, бо праект яшчэ жывы і ёсць куды вяртацца.

Таму стаўце, людзі, беларускую мову інтэрфейсаў, каб у распрацоўшчыкаў было больш матывацыі яе падтрымліваць.

Вядома, перакладаў гульняў на беларускую малавата. Але вось ёсць цікавы праект ад беларускіх распрацоўшчыкаў — Legends of Eisenwald. Самі распрацоўшчыкі-беларусы перакладалі яе на родную мову.

Ну і ёсць індзі-праекты, дзе нашы беларускія распрацоўшчыкі з самага пачатку ўстаўляюць беларускую мову. Вось прыклад індзі візуальнай навэлы ад маіх сяброў. Болей можна знайсці па спасылцы.

Так што беларуская мова жыве. І я спадзяюся, што такіх праектаў будзе як мага больш.

Калі вы хочаце дапамагчы Аляксандру з перакладам гульні ProjectZomboid, можаце далучыцца да праекта.

Іншыя цікавыя праекты, дзе таксама патрэбна дапамога з перакладам
Што б такога пачытаць, паглядзець, паслухаць, паклiкаць на мове
По теме
Што б такога пачытаць, паглядзець, паслухаць, паклiкаць на мове
«Не магу ўявіць мітынг па-беларуску». Айцішнікі пра мову ў працоўных камунікацыях 
По теме
«Не магу ўявіць мітынг па-беларуску». Айцішнікі пра мову ў працоўных камунікацыях 

Читать на dev.by