Тры беларускамоўныя стрымеры патрапілі ў афіцыйную праграму падтрымкі Cyberpunk 2077

Распрацоўшчыкі Cyberpunk 2077: Phantom Liberty дадалі ў афіцыйную праграму падтрымкі трох беларускамоўных стрымераў. Цяпер іх гледачы змогуць атрымліваць бонусы за прагляд.

1 комментарий

Гаворка ідзе пра трох чалавек, што вядуць стрымы па-беларуску: ms_bahiema, gomzik  і lepus81.

Cyberpunk 2077: Phantom Liberty — гэта маштабнае дапаўненне для камп’ютарнай гульні, экшана з ролевымі элементамі ў дэкарацыях змрочнай будучыні.

— Падацца (на ўдзел) можна было праз спецыяльную форму ад CD Project Red, — расказала нам стрымерка ms_bahiema. — Я звярнула ўвагу на тое, што яны ў пасце пра праграму падтрымкі стрымераў пазначылі, што прымаюць гульцоў на любой мове, і вырашыла паспрабаць (а шчэ й заахвоціць астатніх калег запісацца). Бо калі гэта пазначана асобна, значыць, і такіх маленькіх стрымераў, як мы, могуць прыняць проста каб падтрымаць нашае кам’юніці.

Пасля падачы заявак кампанія сама абірала тых, каго дадаць у праграму.

— Што атрымліваюць гледачы ад прагляду вашых стрымаў?

— Гледачы змогуць атрымаць унутрыгульнявое адзенне за прагляд трансляцый праз сістэму Twitch Drops. Каб атрымаць прадметы, трэба будзе глядзець стрымы па гульне пэўную колькасць часу (падрабязна пра гэта распавядаецца тут. А яшчэ тыя гледачы, якія аформяць дзве платныя падпіскі на канал падчас стрыма, атрымаюць унікальную зброю.

— А што новы статус дасць самім стрымерам?

— Ну, статус, па ідэе, мусіць прасоўваць абраных стрымераў, прывабліваць аўдыторыю і матываваць яе падпісвацца на іхнія каналы. Гэта ўсё, што мы атрымліваем. Ну й хваліцца можна (планую рабіць гэта да канца жыцця цяпер).

— У каментарыях да вашага пасту пыталі пра блогера Рудзі, які зараз знаходзіцца ў Беларусі, чаму ён не ў спісе. Ён не можа прыняць удзел у праграме праз сваю лакацыю?

— Я не ведаю, ці ён увогуле падаваўся, бо інфа была ў адкрытым доступе, але сама яго не заахвочвала (потым выявілася, што спадар Рудзі сапраўды не падаваўся на ўдзел у праграме — заўв. аўт.). Таму што, па-першае, ён вярнуўся на ютубе стрыміць, па-другое, гульню нельга набыць у Беларусі. Чыста тэхнічна падацца ён мог, але CDPR спынілі продаж гульняў на тэрыторыі Беларусі і Расіі — нелагічна з такой палітыкай будзе падтрымліваць стрымераў, якія з’яўляюцца падаткавымі рэзідэнтамі гэтых краін.

Суразмоўца дадае, што яе бліжэйшая трансляцыя ў якасці стрымера з афіцыйнай праграмы падтрымкі Cyberpunk 2077 адбудзецца сёння (то бок, у аўторак 26-га верасня) у 19.00 па Беларусі, а яшчэ ўвечары ў чацвер і пятніцу. 

Стрымер gomzik таксама сёння выйдзе анлайн — а 19-20 гадзіне па беларускім часе. І спадар lepus81 запланаваў некалькі выхадаў у эфір: сёння, у 15.00 і потым з прыкладна з 23.00 па беларускім часе; у сераду — вечарам, з гадзін 19-20 па Мінску/Вільне; у чацвер — у 15.00 і каля поўначы; і затым у пятніцу ноччу. 


Читать на dev.by