«Ненавіджу кампанію за гэта». Як і нашто айцішнікі працуюць па 12-16 гадзін
Спыталі ў айцішнікаў, якія працуюць па 12+ гадзін, што вымушае іх траціць на праекты асабісты час. І сабралі шмат гісторый, выбралі самыя цікавыя плюс пару тыповых. Кагосьці вымушае авертайміць працадаўца, у кагосьці — два праекты, і ніводнага не кінеш, хтосьці 5 гадзін дабіраецца ў Шабаны і назад, а хтосьці проста любіць працаваць.
«Кампанію за тое, што вымушае працаваць у такiм рэжыме, ненавіджу»
— Я з тых, хто працуе па 12-16 гадзін на дзень. 2D-артыст, працую ў геймдэве. Пасля таго, як на пачатку восені скарацілі каля траціны супрацоўнікаў, шмат хто з лінейных спецыялістаў перайшоў на падобны рэжым.
Афіцыйна кампанія нібыта не вымушае так працаваць, і публічна менеджары кажуць, што трэба працаваць 8 гадзін. Толькі вось скарацілі не толькі працаўнікоў, але і тэрміны выканання задач: на што раней закладаўся тыдзень — цяпер трэба рабіць за 3-4 дні. З тымі, хто не дае рады, размова кароткая — на выхад, «за плотам» стаіць чарга з тых, каго возьмуць на тваё месца.
Асабліва «радуе» тое, што менеджмент у такіх умовах працягвае працаваць над развіццём цябе як спецыяліста — трэба хадзіць на курсы, выконваць дадатковыя задачы, выглядаць заўсёды софтскіл-агурком з шырокай усмешкаю.
Такі рэжым працы — сапраўднае выпрабаванне для ўсяго арганізма і псіхікі. Найгоршае, што нават у тыя 5-6 гадзін сну і адпачынку не атрымліваецца пераключыцца: у сне працягваеш маляваць лакацыі і персанажаў. Нават не магу ўявіць, як даюць рады тыя, хто мае дзяцей.
Трымаешся на такой матывацыі, што, згубіўшы працу, апынешся пад мастом, без жытла, ежы і карпаратыўнай тэхнікі. Ратуюць ударныя дозы энергетыкаў і думка, што калісьці, няхай праз год ці два, крызіс усё ж мае скончыцца, яны не бываюць вечнымі. Ну і тое, што да ўсяго прызвычайваешся — усё роўна ад пачатку вайны не да разваг, хобі, планаў, спорту, здароўя. Тут бы выжыць — вось і робіш што можаш для свайго выжывання.
Тыповы мой дзень выглядае так:
- пад’ём у 9:30, каб выпіць вады, прывесці сябе да ладу і падрыхтавацца да дэйліка, а дзясятай на паўгадзіны;
- пасля яго працую да 13:00–14:00 і раблю перапынак на гадзіну — паесці-паглядзець ютуб;
- далей праца да 19:00–20:00 і яшчэ адзін перапынак на 1-2 гадзіны на вячэру і адпачынак;
- недзе ад 22:00 стартуе шчыльная праца да 3:00–4:00 ночы, калі ніхто ўжо не тузае і не адрывае;
- перад сном паўгадзіны-гадзіна — пачытаць або паслухаць кнігу, залезці ў душ.
У пятніцу звычайна дазваляю сабе скончыць каля 19:00–20:00, бо заўтра зранку ніхто не будзе пытаць за зробленае. Там можна адпачыць да 2:00 ночы, паглядзець кіно, пагуляць, пачытаць і потым салодка паспаць гадзін 10.
На выходных прачынаешся недзе па абедзе. У першую палову дня прыбіраеш хатку, ідзеш па прадукты на наступны тыдзень, у горад, адпачываеш. У другой палове дня гадзін 6-8 дарабляеш што не паспелася за тыдзень і робіш задачы з курсаў. У суботу звычайна дарабляеш, у нядзелю вучышся.
У прынцыпе хапае часу на тое, каб закрыць базавыя патрэбы. З цікавага — калі робіш штосьці не звязанае з працай, заўсёды ў галаве цікае таймер, колькі на гэта ідзе часу. Мару, што калісьці сітуацыя стане лепшай ды, прабачце, змагу хадзіць у туалет і не глядзець пры гэтым на гадзіннік.
Я не ўспрымаю таго, што адбываецца, як норму, не пакутую на працагалізм, мне ўсё гэта край не падабаецца. Кампанію за тое, што яна вымушае працаваць у такiм рэжыме, карыстаецца сітуацыяй і выціскае ўсе сокі, — ненавіджу, скрыгочуць зубы, калі менеджары расказваюць пра каштоўнасці. Але цяпер вельмі складана знайсці новую працу і трэба на штосьці жыць.
«І беларускае размеркаванне ідзе, і польскі дазвол на жыхарства маю»
З’ехаў з Беларусі ў Польшчу пасля ВНУ. Працую на дзвюх працах. Першая — тая, дзе ў мяне размеркаванне пасля ўнівера, другая — тая, з якой падаюся на дазвол на жыхарства. І абедзве аддаленыя.
Звычайна я прачынаюся, а 9:00 раніцы — спачатку ў адной камандзе мітынг, потым у другой. У працы даволі шмат камунікацый з калегамі, бо я Data Scientist, а пры дзвюх працах мітынгі памнажаюцца на 2. Таму час на «засяроджана папрацаваць» застаецца на вечар. Звычайна мой «працоўны дзень» заканчваецца, а 21:00–22:00, але ёсць выключэнні, калі даводзіцца заседжвацца аж да 01:00–02:00 ночы.
Мінусы такога жыцця:
- асабістага часу (каб схадзіць у спартзалу, з’ездзіць у гандлёвы цэнтр і гэтак далей) ад панядзелка да пятніцы проста не існуе. На працягу дня я выходжу тры разы па 15 хвілін на шпацыр з сабакам, раблю некалькі перапынкаў, каб паесці, раз на пару дзён магу выйсці ўвечары. Калі вылучыць час на штосьці яшчэ, гэта будзе каштаваць мне сну, бо задачы нікуды не падзенуцца.
- ёсць праблемы са сном — з перанапружанай галавой цяжка засынаць і цяжка прачынацца. Праз паўгода такога рэжыму здароўе таксама пачынае падводзіць.
Плюсы: «два зайцы» — і беларускае размеркаванне ідзе, і польскі дазвол на жыхарства маю. Ну і айцішны заробак, памножаны на два.
«У левым вуху — слухаўка ад адной каманды, у правым — ад другой»
Працую па 14-16 гадзін на суткі. Як так выйшла: я працаваў на заказчыка з Амерыкі напрамую. Добрая каманда, праца аддаленая, выдатны заробак — усё задавальняла.
Але праз нейкі час мне прапанавалі яшчэ адзін цікавы праект на выдатных умовах — ужо ў іншай кампаніі. Старую працу кідаць было шкада, а новая прапанова — такая класная. А я якраз на нерухомасць збіраю. Вырашыў рызыкнуць — і стаў працаваць на дзве кампаніі адначасова.
Мае працадаўцы нічога не ведаюць адно пра аднаго. Даводзіцца выкручвацца, асабліва калі абедзве каманды ад цябе адначасова чагосьці хочуць.
Бывалі выпадкі, калі я сядзеў на двух мітынгах адначасова: у левым вуху — слухаўка ад адной каманды, у правым — ад другой. Хаця, вядома, гэта крайнія выпадкі — я стараюся такога пазбягаць. Я спрабую аддаваць сябе абедзвюм камандам пароўну.
Мой працоўны дзень пачынаецца, а 9:00–11:00 раніцы і заканчваецца, а 1:00–3:00 ночы ў залежнасці ад нагрузкі. У сярэднім выходзіць 14-16 працоўных гадзін на дзень. Калі зусім не паспяваю, пераношу частку працы на выходныя. Але я ўжо зразумеў для сябе, што гэта дрэнны план: і праца ідзе павольна, і ты не паспяваеш адпачыць перад наступным цяжкім тыднем. Таму я бяруся штосьці рабіць у выходныя толькі ў крытычных сітуацыях.
Каб даць мозгу адпачыць, выключаю са свайго жыцця інфармацыйныя тэхналогіі на ўсе выходныя — толькі паездкі-паходы, вылазкі на прыроду, фізічная праца, праца з дрэвам, а таксама сустрэчы з сябрамі.
«Спачатку дапамагалі медытацыя, адпачынак за горадам і сэкс, праз паўгода — ужо нічога»
— Я так працаваў у сапорце — па 12 гадзін і ў начныя змены таксама. Пакуль табе 20+, гэта нармальна, а потым пераходы ў ноч даюцца складаней — ужо не хапае здароўя, ты не аднаўляешся, выгараеш кожныя паўгода (і лечышся толькі адпачынкам).
У нейкі момант да ўсяго гэтага я дадаў курсы англійскай, і вішанька на торце — пайшоў на курсы PM. 9 месяцаў я спаў па 4-6 гадзін і дзесьці раз ці два на тыдзень дазваляў сабе адсыпацца. Было вельмі цяжка. Спачатку мне дапамагалі медытацыя, актыўны адпачынак за горадам (на трэнажорку сіл ужо не было) і сэкс, але пры канцы шостага месяца ўжо нічога з гэтага не працавала.
Скончыўшы курсы, я перастаў працаваць у рэжыме шматзадачнасці, стаў рабіць працу паслядоўна — і з’явілася магчымасць яе менеджарыць.
«На штодзённыя паездкі ў офіс марную па 5 гадзін на дзень»
— Працую ў сярэднім па 8,5 гадзін, але на штодзённыя паездкі ў офіс марную па 5 гадзін на дзень. З дому я выходжу ў 5:50, а вяртаюся ў 18:50 — атрымліваецца 13 гадзін.
Я працую lead firmware developer у кампаніі ў Шабанах, А жыву ў прыгарадзе Дзяржынска. Каб дабрацца раніцай у офіс, спачатку іду пешшу 20 хвілін да найбліжэйшага аўтобуснага прыпынку, потым аўтобусам з Дзяржынска еду да электравіка, далей гадзіну на электравіку, а потым яшчэ на метро і тралейбусе. На працу я прыязджаю ў 8:20. А ўвечары — той жа шлях, толькі ў зваротным парадку.
У кампаніі ў нас няма аддаленай працы і ніколі не было — нават у пік пандэміі. Дый складана гэта: мы працуем з жалезам — мікракантролерамі, платамі, вялікімі прыборамі — дадому іх не возьмеш.
На гэтага працадаўцу я працую 1,5 года, а наогул за сваю кар’еру адпрацаваў ужо 17 гадоў у розных кампаніях у Мінску і ніколі не дабіраўся да офіса хутчэй, ніж за 2,1 гадзіны. Ці не было спакусы перабрацца ў Мінск, зняць кватэру? Не: у мяне сям’я, дзеці. Жыць асобна ад іх або мяняць працу жонцы, а дзецям школу і дзіцячы садок, перабірацца са свайго дома на здымную кватэру — ну такое сабе…
«Цікавая справа, якое мне прыносіць мора задавальнення»
— Мне за 30, я даўно не студэнт, але часам праца так захоплівае, з’яўляецца энтузіязм — і я не магу заснуць. Тады я гатовы працаваць над праектам па 12+ гадзін у працоўныя дні, а часам і выходнымі.
Жонка да гэтага ставіцца з разуменнем. Я ж таксама не магу лічыць гэта выключна працоўным момантам. Я не стаўлюся да працы як да чагосьці, што я раблю, каб зарабіць грошы, гэта больш цікавая справа, якая мне прыносіць мора задавальнення, і мне за гэта яшчэ і выдатна плацяць.
«Мой уласны выбар, бо ёсць матывацыя развівацца і расці»
Працую па 12+ гадзін — гэта мой уласны выбар, бо ёсць матывацыя штодня развівацца і расці. Працоўны дзень я пачынаю каля 9:00 раніцы: прыкладна праз 10 хвілін пасля таго, як прачнуўся і памыўся, — ужо штосьці раблю і фонам перакусваю. У раёне 10:00 выязджаю ў офіс. У дарозе працую, камунікую ў чатах.
Далей да 20:00–21:00 у офісе. Пакуль еду ўвечары дадому, заказваю ежу, літаральна 30 хвілін гляджу якое-небудзь відэа, каб расслабіцца, вячэраю. А потым зноў саджуся за працу — і працую да 1:00–2:00 ночы. У выходныя я звычайна даю сабе магчымасць адпачыць.
У такім графіку працую ўжо 2,5 года (а ўсяго ў прафесіі амаль 5 гадоў), але ў мяне быў перапынак на паўгода праз выгаранне: так выйшла, што я змяніў працадаўцу, але новая кампанія была маленькай, мне не хапала камунікацыі. Я зразумеў, наколькі гэта для мяне важна, толькі ў той момант.
Я сышоў з кампаніі, паўгода знаходзіўся ў пошуку, адпачываў. Цяпер зноў у страі. Знайшоў свой рэцэпт ад выгарання: працаваць з пэўным тыпам задач, камунікаваць з людзьмі, працаваць у офісе, ну і, вядома ж, дасягаць мэт, якія прыносяць вынік.
Рэдакцыі патрэбная вашая дапамога проста цяпер.
Нам можна дапамагчы праз Patreon. Выберыце штомесячны ўзровень падтрымкі: 10, 20, 30, 100 ці 500 долараў — або ўнясіце любую суму.
А яшчэ мы прымаем крыптавалюту.
Bitcoinbc1qae22u3sg8es6j22pg4mmyrdvvym0vxjyesxhhw
Etherium0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Tether USD (USDT) on ETH Network0×831a6641721E70af32dDa262F4110eB704af8c05
Zcasht1R5UM9VMR1hJvJqTJ9w5bAmHxrDLJ9Nxmh
Дзякуй, што вы з намi.
Читать на dev.by