3 прычыны, чаму апошнім часам шмат гавораць пра ШІ-бурбалку
У апошні час шмат інвестараў занепакоіліся перагрэвам на рынку ШІ і згадваюць бурбалку доткомаў пачатку нулявых. Некаторыя засумняваліся, што звышінтэлект магчыма стварыць на сучасных LLM і што велізарныя выдаткі тэхнакампаній на ШІ апраўданыя. Па дадзеных CB Insights, палова венчурных інвестыцый першай паловы года прыйшлася на ШІ-стартапы і перавышае сумарныя ШІ-інвестыцыі за ўвесь 2024-ы. На мінулым тыдні на фоне тых жа самых асцярогаў злёгку прыпалі катыроўкі тэхнагігантаў. А бурбалка можа лопнуць ужо хутка — Nvidia сёння прадставіць фінансавую справаздачу. Business Insider назваў тры прычыны, якія ўсіх усхвалявалі.
Сэм Альтман
Гендырэктар OpenAI нядаўна заявіў, што інвестары занадта ўражаныя ШІ, а стартапы атрымліваюць «вар’яцкія» грошы пры «раздзьмутых» ацэнках. Ён лічыць, што на рынку ўтварылася бурбалка, і некаторыя страцяць (ці заробяць) велізарныя грошы. Разам з тым доўгачаканая GPT-5 была сустрэта даволі халодна і справакавала размовы аб замаруджванні прагрэсу ў ШІ-мадэлях.
Даклад MIT
Масачусецкі тэхналагічны інстытут нядаўна выпусціў даклад, паводле якога 95% пілотных ШІ-праектаў не прыносяць адчувальнай фінансавай выгады кампаніям ці росту даходаў. Было даследавана 300 такіх праектаў. Пры гэтым аб’ём карпаратыўных інвестыцый у генератыўны ШІ ацэньваецца ў $30-40 млрд. Усё пагаршаецца тым, што кампаніі і супрацоўнікі не вельмі добра разумеюць, як эфектыўней выкарыстоўваць тэхналогію і здабываць з яе максімальную выгаду. Напрыклад, многія ўжываюць ШІ у маркетынгу і продажах, а лепш было б ва ўнутраных працэсах.
Рэструктурызацыя ў Meta
Марк Цукерберг выдаткаваў мільёны даляраў, каб сабраць каманду па распрацоўцы звышінтэлекту. Пасля гэтага Meta падзяліла ШІ-каманду на чатыры — для даследаванняў, трэніроўкі ШІ, прадуктавую і інфраструктурную. Пазней New York Times паведаміў, што кампанія задумала паменшыць каманду, а некаторыя топы могуць сысці. Такі паварот некаторыя расцанілі як магчымую змену ШІ-курсу ў Meta. Пасля гэтага Wall Street Journal напісаў, што кампанія спыніла наём у каманду, хаця там запэўнілі, што гэта толькі «базавае арганізацыйнае планаванне». А цяпер высветлілася, што праз усяго пару месяцаў з яе пачалі сыходзіць людзі.
Читать на dev.by