60+% айцішнікаў думалі пра змену працы летась. Прычына — «мала плацяць». Анкета

Ці задаволеныя айцішнікі выбарам прафесіі? І ці шукалі працу на працягу года?

Мы спыталі чытачоў, як прайшоў у іх 2024-ы. Адказалі 350 чалавек.

3 каментарыя

Мы ўжо пісалі пра самаадчуванне беларускіх айцішнікаў летась, пра іх пераезды і падарожжы, а цяпер пішам пра іх працу.

У цэлым задаволенасць айцішнікаў сваёй прафесіяй вельмі высокая: 86% апытаных задаволеныя або вельмі задаволеныя сваім выбарам. Незадаволеныя каля 11%, многія з іх думаюць наконт змены спецыяльнасці, але іншыя мяркуюць, што ўжо позна. Сярод «іншых» ёсць тыя, хто задаволены грашыма, але выгараў і змяніў бы сферу пры наяўнасці таго ж даходу.

Цяперашняе месца працы нашыя чытачы ацэньваюць троху стрыманей, чым прафесію ў цэлым. У дзвюх трацін апытаных айцішнікаў у 2024 годзе на працы было ўсё добра або ніштавата. Кожны шосты ацаніў сваю працу на «выдатна». У 12% праца была ніжэйшай за сярэдняе або «адстой». Паспачуваем ім.

Сярод адказаў, якія не ўпісаліся ў зададзеныя варыянты, шмат студэнтаў і тых, хто пакуль не знайшоў працы. Або вось-вось яе страціць:

— Быў увогуле задаволены (сярэдненька), але мяне звальняюць. Таму не ведаю, якое цяпер пачуццё.

Парадокс: дзве траціны айцішнікаў (столькі ж, колькі задаволеных працай) думалі пра змену месца працы.

 

Ключавая прычына — мала грошай. Але таксама ім хацелася б новых выклікаў і змены абстаноўкі.

 

Вось яшчэ якія прычыны паказалі чытачы:

— Была цікавая прапанова.

— Нестабільнасць у кампаніі.

— Страціў працу, вось і прыйшлося задумацца.

— Рэлакацыя.

— Пераехаць у ЕС праз пашпарт, які сканчаецца.

— Хацелася новы праект і рэлевантнейшы стэк.

— Завал задач.

— Працэсы не вельмі.

— Быў момант, калі я думала, што маю ролю могуць скараціць, праз невядомасць са злосці хацелася бразнуць дзвярыма і сысці першай. Усё наладзілася, я перадумала.

— Праца ў калектыве з сябровых сяброў і сваякоў.

— Скарачэнне каманды, павелічэнне нагрузкі.

— Падабаецца кампанія, не падабаецца праект і атмасфера ў праектным калектыве.

— Праект выйшаў на плато развіцця і я разумела, што спецыяліста майго ўзроўню трымаць на ім ужо няма сэнсу.

— Праз падзенне курса.

— Не плацяць. Наогул не плацяць.

— Працую сама на сябе, стамілася ад продажаў сваіх паслуг — хачу ў найманне.

— Было небяспечна працаваць на кампанію, і гэты небяспечны прагноз спраўдзіўся.

Зрэшты, думаць не значыць шукаць. З тых, хто задумваўся пра змену працы, амаль траціна так і не адважылася выйсці на рынак працы. Тыя ж, хто выйшаў, новую працу шукалі ў роўнай ступені ў Беларусі (36,2%) і ў Польшчы (36,6%), крыху ў меншай ступені — у іншых краінах Еўропы (30,2%), яшчэ ў меншай — У Расіі (10,6%) і ЗША (10,2%). У чвэрці пошукі скончыліся поспехам, траціна ўсё яшчэ шукае або нават ужо страціла надзею.

З пазітыўнага: тыя, хто знайшоў, у асноўным зрабілі гэта па-хуткаму. Да трох месяцаў пошукі занялі ў дзвюх трацін шчасліўчыкаў. Ад 4-6 месяцаў і даўжэй шукаў працу кожны пяты.

 

Вось яшчэ варыянты:

— Два гады шукаў пастаянную працу, але яно таго было вартае.

— Дала сабе час на адпачыць і не шукаць працы. У гэты час кампаніі самі актыўна звязваліся са мной, ад адной з іх прыняла офер, другую кансультую.

— Больш за год. Бо знайшоў працу, але амаль адразу расчараваўся і новую шукаў вельмі доўга.

Сум і крындж 2024: вельмі дзіўныя і адначасова сумныя падзеі ў ІТ і вакол
Па тэме
Сум і крындж 2024: вельмі дзіўныя і адначасова сумныя падзеі ў ІТ і вакол
Главные технические навыки, которые стоит освоить в 2025 году
По теме
Главные технические навыки, которые стоит освоить в 2025 году

Читать на dev.by