6 тысяч чалавек звольнена ў геймдэве за першы месяц года — за 9 месяцаў 2023 было столькі ж
Крыху больш як за студзень 2024 года працу ў сусветнай індустрыі гульнявой распрацоўкі страціла звыш 6 тысяч супрацоўнікаў. Падлікі вядзе галіновы рэсурс Kotaku.
Так, за першыя 38 дзён года пад скарачэнне патрапіла больш за 6400 супрацоўнікаў паблішараў, распрацоўшчыкаў і іншых кампаній, звязаных з індустрыяй відэагульняў. Пры гэтым ужо 25 студзеня лічба перавышала 5800.
Самыя масавыя звальненні прайшлі ў Unity і відэагульнявым падраздзяленні Microsoft — 1800 і 1900 чалавек адпаведна. Да 400 супрацоўнікаў закранулі чарговыя скарачэнні ў Playtika, 500 — у прыналежным Amazon відэастрымінгавым сэрвісе Twitch, які спецыялізуецца на камп’ютарных гульнях, яшчэ 530 чалавек страцілі працу ў Riot Games.
Для параўнання: паводле даных videogamelayoffs.com, за студзень-верасень 2023 года ў гульнявой індустрыі прайшло больш за сто раўндаў звальненняў, а працы пазбавілася звыш 6100 распрацоўшчыкаў. Страты геймдэў-галіны за ўвесь 2023 год партал ацэньвае ў 10,5 тысяч.
Згодна з трэкерам layoffs.fyi, які сочыць за звальненнямі ў ІТ-кампаніях, ад пачатку года яны ўжо адправілі «пад нож» больш за 42 тысячы чалавек. А за ўвесь 2023-ы — каля 263 тысяч.
Читать на dev.by