Айцішнік пераехаў у Літву, а потым яшчэ раз — у Нідэрланды. І як?

Распрацоўшчык Андрэй вясной 2022 года разам з сям’ёй пераехаў з Мінска ў Вільню — кампанія праводзіла вялікі рэлакейт. Уладкаваліся, атрымалі blue card. А праз паўгода вырашылі рушыць далей, у Нідэрланды.

dev.by Андрэй расказаў, як шукаў працу, легалізоўваўся ў новай краіне і што адбылося з літоўскай blue card.   

56 каментарыяў

Чаму з’ехалі з Літвы

Асноўныя прычыны пераезду з Літвы: неперспектыўны рынак працы і адукацыя для дзяцей (не бачу сэнсу для іх у вывучэнні літоўскай). Ну, і ў Нідэрландах суб’ектыўна проста нашмат прыемней жыць.

Што за праграма HSM

У Літве ў мяне была blue card. У Нідэрландах таксама можна атрымаць такі дазвол на працу, але большасці кампаній прасцей зрабіць візу па мясцовай праграме HSM (Highly Skilled Migrant).

Галоўнае — каб працадаўца быў у спецыяльных спісах і ваш офер падпадаў пад мінімальныя заробкавыя патрабаванні — €3672 для тых, хто маладзейшы за 30, і €5008 брута для тых, хто старэйшы. Для прэтэндэнтаў на еўрапейскую blue card заробкавыя патрабаванні вышэйшыя. Усе дакументы афармляе працадаўца — не толькі на супрацоўніка, але і на сямейнікаў, калі яны «па ўз’яднанні».

HSM выдаецца на тэрмін да пяці гадоў (пры бестэрміновым кантракце) або да канца дзеяння кантракта. Памяняць працадаўцу можна, прычым «бясшвова», галоўнае, каб новы адпавядаў умовам праграмы.

У выпадку звальнення на пошук новай працы даецца тры месяцы, пасля гэтага ДНЖ анулююць. Праз пяць гадоў можна падавацца на ПМЖ або грамадзянства. Для гэтага трэба пацвярджаць веданне мовы, але патрабаванні літуюць — А2.

Як шукаў працу

Першапачаткова я планаваў пераязджаць у рамках адной кампаніі, але рэлакацыю ў Нідэрланды ў нас прыкрылі. Таму пачаў шукаць новую працу. Працэс быў няпросты і няхуткі. Па-першае, вакансій з добрай зп і толькі англійскай мовай не вельмі шмат. Па-другое, усе буйныя кампаніі сумовяць вельмі доўга.

Самы павольны працэс быў у booking.com: я пачаў сумоўе з іх ініцыятывы ў лістападзе і атрымаў адмову ў маі — усяго сем месяцаў. Некаторыя этапы давялося прайсці па два разы, на апошнім мяне завярнулі.

Мой цяперашні працадаўца (гэта банк) сумовіў мяне чатыры месяцы. На момант оферу мы ўжо былі ў Нідэрландах.

Як прайшла легалізацыя

Наяўнасць літоўскай blue card моцна спрасціла працэс пераезду. Я знайшоў жытло ў арэнду (лічыцца, што ў Нідэрландах гэта няпроста) загадзя і ўклаў кантракт аддалена, пераехаў туды пры канцы зімы, але працягваў сумоўі і працаваў аддалена на літоўскую кампанію, пакуль не атрымаў оферу.

Усе дакументы ў Нідэрландах за мяне афармляў працадаўца. На баку супрацоўніка толькі віза для ўезду ў краіну, але пры наяўнасці blue card яна не патрэбная. Па сутнасці, адзінае, што ад мяне патрабавалася, — паслаць копіі пашпарта і пасведчанняў аб шлюбе/нараджэнні. Пасведчанні патрэбныя з апастылем і прысяжным перакладам на нідэрландскую (пераклад робіцца аддалена).

Рашэнне аб выдачы ДНЖ было гатовае за два тыдні. З ім ужо можна працаваць да атрымання самой карткі.

Таксама працадаўца запытаў бэкграўнд чэк, які ўключае даведку з РБ аб адсутнасці судзімасці (зрабіў аддалена за пару дзён, забраў сваяк па аформленай у РБ даверанасці).

Пра падатковы вылік

У Нідэрландах ёсць 30-працэнтны падатковы вылік для кваліфікаваных мігрантаў (30% ruling). Гэта каля 700 еўра на месяц нават пры мінімальным для HSM заробку. Дакументы на яго збірае і падае таксама працадаўца — ужо пасля пачатку кантракта.

Мне 30% ruling ухвалілі на працягу трох месяцаў. Спатрэбіліся выпіскі аб аплаце арэнды ў Літве і камуналкі ў РБ за апошнія два гады як пацверджанне таго, што я пражываў не ў Нідэрландах. Яшчэ даслаў на ўсялякі выпадак пацвярджэнне даты заканчэння кантракта ў Літве.

Дарэчы, калі ў пары абое партнёры/сужэнцы могуць знайсці ў Нідэрландах высокааплатную працу, то лепш адразу [абаім] прэтэндаваць на HSM, а не афармляць ДНЖ па ўз’яднанні.

Рэч у тым, што вылік належыць толькі тым высокакваліфікаваным спецыялістам, якіх нанялі з-за мяжы. На тых, хто спачатку ўз’яднаўся, а потым знайшоў працу, ільгота не распаўсюджваецца.

Зноў жа, гэта страхоўка на выпадак звальнення аднаго з партнёраў — застаецца магчымасць уз’яднацца з тым, хто працуе.

Пра ад’езд з Літвы і лёс blue card

З Літвы пры пераездзе трэба было выпісацца, але, як гэта правільна зрабіць, ніхто не ведае. Паспрабаваў даслаць анлайн-апавяшчэнне, але выявілася, што сістэма працуе толькі для грамадзян. Таму я проста з’ехаў.

Са старой blue card нічога не рабіў, дзесьці праз паўгода з Літвы прыйшло паведамленне, што карта ануляваная.

Коратка пра ўражанні

Мы былі тут раней, свядома выбралі краіну, таму рэальнасць у цэлым супала з чаканнямі. Дзеці пайшлі ў інтэграцыйныя школы, дзе вучаць у асноўным нідэрландскую мову і трохі матэматыку. Мова-пасярэдніца там англійская, і гэта для дзяцей не праблема, бо ў Літве яны вучыліся ў міжнароднай школе па-англійску. 

Наогул па-англійску тут размаўляюць практычна ўсе. Дзеці 5-6 гадоў на пляцоўцы падыходзяць і пытаюцца: could I stroke the dog? У 8-10 гадоў яны гавораць ужо даволі свабодна. А з 12-і ўсе школьнікі вучаць чатыры мовы: нідэрландскую, англійскую, французскую і нямецкую.

З таго, што перасягнула мае чаканні: на працы ў офіс не ганяюць, бюракратыяй не грузяць.

Хоць гэта банк, атмасфера тут даволі расслабленая. У першы ж дзень мой кіраўнік выдаў мне камп’ютар і неабходныя доступы, так што ўвечары я ўжо працаваў. У маёй камандзе два нігерыйцы, нідэрландзец, італьянец, егіпцянін і я. У офісе палова людзей размаўляе адно з адным на англійскай, палова — на нідэрландскай. 

Я таксама паціху вучу нідэрландскую. Хаця не, бадай, пакуль не вучу.


dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.

Праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут кашалькі.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
Па тэме
«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
Что бесит и радует в новых странах: Латвия, Нидерланды, Германия, Кипр, Канада
По теме
Что бесит и радует в новых странах: Латвия, Нидерланды, Германия, Кипр, Канада
+4 кейсы пра тое, як беларусам анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве
Па тэме
+4 кейсы пра тое, як беларусам анулявалі дазволы на жыхарства ў Літве
Як айцішнікі купляюць дарагое жытло ў іпатэку ў Польшчы, ЗША, Нідэрландах
Па тэме
Як айцішнікі купляюць дарагое жытло ў іпатэку ў Польшчы, ЗША, Нідэрландах
Там, где нас нет: Нидерланды
По теме
Там, где нас нет: Нидерланды

Читать на dev.by