Як айцішнік з'ехаў «ад мабілізацыі» ў Польшчу і працуе на складзе запчастак
Беларускі айцішнік расказаў dev.by незвычайную гісторыю сваёй рэлакацыі. Увосень ён тэрмінова з’ехаў у Польшчу, баючыся магчымай мабілізацыі. Спрабаваў уладкавацца ў кракаўскі офіс EPAM, але атрымаў адмову. Цяпер паўдня працуе аператарам на складзе аўтазапчастак, паўдня — вядучым спецыялістам па суправаджэнні софту ў сваёй кампаніі ў РБ.
Дома засталіся жонка і маленькая дачка. Кажа, што забярэ іх да сябе, калі знойдзе добрую сталую працу ў ІТ у Польшчы. Калі не — вернецца (пры ўмове, што ў Беларусі так і не абвесцяць мабілізацыі).
Расказваем яго гісторыю.
Пераезд
— Я працую ў невялікай ІТ-кампаніі, якая распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і рашэнні для аптымізацыі бізнэс-працэсаў. Адказваю за базы даных, унутраную структуру і пішу невялікія дапрацоўкі да прадукту на Python.
У лістападзе я быў у Мінску па працы. У пятніцу ўвечары вярнуўся цягніком дадому (жыву ў невялікім горадзе). На чыгуначным вакзале мяне забраў сваяк і сказаў, што на базе нашага каледжа быццам бы «адкрыюць цэнтр мабілізацыі». Як высветлілася пазней, там арганізавалі працу са спецыялістамі, якія маюць дачыненне да правядзення мабілізацыі. На той момант ніякай падрабязнай інфармацыі не было.
Я расказаў пра ўсё жонцы. Мы ўсё абмеркавалі, і жонка прапанавала на ўсялякі выпадак з’ехаць з краіны. Мала што. Наступнага ранку я хутка сабраў рэчы і паехаў аўтобусам да Брэста, а адтуль — у Варшаву. Я маю карту паляка і нацыянальную візу D, якая дзейнічае да верасня 2023 года.
У Варшаве я прабыў адзін дзень, спыніўся на ноч у польскіх джазістаў, з якімі пазнаёміўся яшчэ ў студэнцтве, калі займаўся музыкай і граў у гурце. Наступнага дня з’ехаў у Кракаў, дзе больш знаёмых.
У Кракаве паспрабаваў уладкавацца ў EPAM. Улетку я ўжо праходзіў сумоўе ў кампаніі на Python Developer. Здаецца, усё прайшло добра. Мне абяцалі знайсці праект, але для пачатку працы трэба было знаходзіцца не ў Беларусі. А ў мяне на той момант яшчэ не было візы.
Гэтым разам я спрабаваўся на пазіцыю Database administrator. Ёсць камерцыйны досвед, уменне працаваць з вялікімі базамі даных. Пагутарыў з HR, падаў CV, але ў выніку мне адмовілі праз недастатковы ўзровень валодання англійскай мовай.
Пасля гэтага пачаў штурмаваць усе вакансіі на pracuj.pl. Працу па сваёй спецыялізацыі не змог хутка знайсці, у выніку дамовіўся на працу на заводзе/складзе аўтазапчастак. Таго ж вечару засялілі ў хостэл (пражыванне аплачвае працадаўца), а ўжо зранку пайшоў на працу.
Праца ў Кракаве
У мае абавязкі ўваходзіць збор і сканаванне тавару, які прыходзіць. Працоўны дзень — 8 гадзін, 2 перакуры па 5 хвілін і абед 15 хвілін. Сядзець няможна, трэба пастаянна хадзіць і сканаваць тавар, які прыходзіць. І так 6 дзён на тыдзень. Мне прапаноўвалі браць дадатковыя гадзіны, але я культурна папрасіў больш такіх прапаноў не рабіць.
95% усіх працаўнікоў — украінцы, 3% — беларусы, 2% палякі, якія займаюць кіраўнічыя пасады. Каманда разнастайная. Я адзіны айцішнік. Ёсць, напрыклад, бізнэсовец з Украіны, у якога былі свае аўталаўкі, ёсць спецыяліст па вытворчасці сыру з Беларусі.
На складзе аўтазапчастак я працую ад 14: 00 да 22: 00. А ад 7: 00 да 13: 00 працую на сваю кампанію ў Беларусі. Пабудаваў VPN-тунэль з камп’ютарам, які маю ў РБ, і праз яго падлучаюся, каб не свяціць польскі IP, бо мы працуем з дзяржаўнымі арганізацыямі.
У Беларусі я зарабляў 600 долараў. Цяпер кампанія плаціць крыху менш, сказалі, што выходзіць менш працоўных гадзін. Заробак на складзе з такім графікам, як у мяне, 3900 злотых на месяц чыстымі. Паводле ўмоў я ў любы момант магу сысці, але мушу адпрацаваць мінімум 20 дзён. Вырашыў, што дапрацую да канца снежня і звольнюся.
Знайшоў яшчэ падпрацоўку. Пасля 20 снежня займуся адміністраваннем sip-тэлефаніі. Праца на складзе заканчваецца ў суботу ў 15:00 і да панядзелка я вольны. Якраз частку гэтага часу і займу. У мае абавязкі будзе ўваходзіць падтрымка сервера, праца з правайдарам, (пры неабходнасці) абнаўленне модуляў, пашырэнне базы карыстальнікаў.
Што далей
Планую звольніцца са склада аўтазапчастак і з’ехаць у Варшаву. Часова пажыву ў сваякоў жонкі і паралельна буду шукаць сталую працу на пазіцыю Database administrator, Sysadmin або Python Developer. Дыяпазон у заробку, які хачу атрымліваць з улікам маіх здольнасцей і «цэнніка» на аналагічныя пазіцыі ў Польшчы — ад 5 да 15 тысяч злотых нета (1130-3400 долараў).
Хачу кодзіць і працаваць з Linux.
Добра знаю польскую. Мову вучыў з дзяцінства. Я каталік, хадзіў у касцёл, дзе служба была на польскай. Акрамя таго, шмат глядзеў польскае тэлебачанне.
Я ўжо адправіў каля 200 CV, водгукаў пакуль не было. Калі ў выніку знайду добрую працу, то застануся ў Польшчы і перавязу сюды жонку з дачкой. Калі з працай не атрымаецца, а ў Беларусі да 15 студзеня так і не абвесцяць мабілізацыі, вярнуся дадому.
P. S. Герой матэрыялу звязаўся з рэдакцыяй і паведаміў, што на самым пачатку новага года ўладкаваўся Sistem Administrator у TVBET. Гэта адзін з асноўных у свеце правайдараў лайв-казіно.
Читать на dev.by