Айці-топы вяртаюцца ў Сан-Францыска, рынак нерухомасці таксама ажывае — усё дзякуючы АІ
У перыяд пандэміі інвестары, ІТ-кампаніі і іх кіраўніцтва сталі пакідаць Сан-Францыска. Але цяпер, піша Wall Street Journal, іх прыцягвае назад у горад бум АІ і пагоня за свежымі талентамі. Сярод тых, хто вяртаецца, напрыклад, венчурны інвестар Кіт Рабуа, сузаснавальнікі фінтэх-кампаніі Brex, CEO Airtable Хоўі Лю.
Рабуа ў пандэмію заклікаў фаўндараў рэлакавацца ў Маямі, таму што там ніжэйшыя падаткі і бяспечней. Цяпер ён плануе праводзіць у каліфарнійскім горадзе чвэрць свайго часу.
Нават гендырэктар Tesla Ілан Маск, які адкрыта крытыкуе мясцовыя ўлады, стаў праводзіць тут больш часу па справах дзвюх іншых сваіх кампаній — X і xAI.
Рынак камерцыйнай нерухомасці Сан-Францыска таксама на ўздыме на фоне буму АІ-стартапаў. Рыэлтары яшчэ ў мінулым годзе адзначалі ўсплёск цікавасці да офісных прастор пасля некалькіх гадоў пасіўнасці на рынку.
У пандэмію офісныя плошчы тут уразалі такія тэхнакампаніі, як Meta, PayPal і Snap. Акрамя таго, мінулым летам многія крамы, гатэлі і офісы пакідалі горад з яго злачыннасцю і бяздомнасцю такімі тэмпамі, што некаторыя лічылі яго асуджаным.
Цяпер жа дзякуючы АІ-стартапам і барацьбе з аддаленай працай чакаецца, што айцішныя кампаніі пачнуць зноў нарошчваць офісныя плошчы ў Сан-Францыска. OpenAI, напрыклад, нядаўна ўклала тут самую буйную ад 2018 года дамову арэнды на 46 тысяч квадратных метраў. Тут жа, у Сан-Францыска, жыве кіраўнік кампаніі Сэм Альтман.
Читать на dev.by