Amazon перасягнула чаканні інвестараў. Пытанні да воблачнага бізнэсу засталіся
Фінансавая справаздача за трэці квартал перасягнула чаканні аналітыкаў. Развіццё Amazon паскорылася пасля цяжкага 2022 года, калі кампанія адчувала ціск інфляцыі і росту працэнтных ставак.
Сукупная выручка ў трэцім квартале гэтага года вырасла на 13% да $143, 1 мільярда пры прагнозах аналітыкаў на ўзроўні $141,4 мільярда. Падраздзяленне AWS (Amazon Web Services) павялічыла выручку толькі на 12% да $23,1 мільярда супраць чаканых $23,2 мільярда. Напрыклад, сэрвіс-канкурэнт Azure ад Microsoft нарасціў профільную выручку на 29%, Google Cloud дадаў 22%.
Эксперты адзначаюць, што AWS застаецца лідарам воблачнага рынку, аднак рызыкуе страціць частку сваіх пазіцый пры захаванні трэндаў выручкі. Аднак кіраўніцтва кампаніі пакуль не перажывае і паказвае на ўсё большую колькасць кліентаў у воблачным сегменце і заключэнне новых кантрактаў.
Выручка напрамку рознічнага гандлю вырасла на 7%, што вышэй за паказчыкі другога квартала (4%). Паводле слоў гендырэктара Amazon Эндзі Джэсі, сегмент AWS стабілізаваў тэмпы росту выручкі. У рэкламным бізнэсе выручка вырасла на 26% да $12,1 мільярда, што выглядае лепш, ніж сітуацыя на рынку: Google змагла павялічыць выручку толькі на 9%, Meta паказала рост на 23%.
Чысты прыбытак кампаніі вырас больш як у тры разы да $9,9 мільярда. $1,2 мільярда з гэтай сумы — паступленні ад рэалізацыі акцый Rivian. Грашовы паток, генераваны аперацыйным прыбыткам за мінулы год, павялічыўся на 81% да $71,7 мільярда. Аперацыйны прыбытак вырас больш як у чатыры разы да $11,2 мільярда.
На працягу апошняга года кампанія скарачала выдаткі, паколькі падчас пандэміі яна занадта хутка пашырала сваю дзейнасць. Ад восені мінулага года кампанія звольніла 27 тысяч супрацоўнікаў і скараціла некаторыя нерэнтабельныя кірункі. У чацвёртым квартале Amazon разлічвае выручыць ад $160 да $167 мільярдаў, што адпавядае чаканням аналітыкаў. Пасля публікацыі справаздачы акцыі кампаніі выраслі ў цане на 5,34%.
Читать на dev.by