Амерыканская фінтэх-кампанія Kyriba сыходзіць з Беларусі
Амерыканская Kyriba ліквідуе беларускі офіс распрацоўкі — ТАА «Кайрыба Інжынірынг». Такая інфармацыя з’явілася на сайце адзінага дзяржрэгістра.
Рашэнне было прынятае ўласнікам кампаніі. Афіцыйна працэдура ліквідацыі юрыдычнай асобы пачалася яшчэ пры канцы снежня мінулага года.
Kyriba — міжнародны правайдар воблачных рашэнняў у галіне фінансавага кіравання. Кампанія распаўсюджвае ўласны прадукт па мадэлі SaaS (software as a service — праграмнае забеспячэнне як паслуга), прапаноўваючы праграмнае забеспячэнне інструментаў хэджавання і менеджменту рызык для фінансавага ўліку. Кліентамі Kyriba з’яўляюцца як невялікія кампаніі, так і вядомыя транснацыянальныя карпарацыі, у прыватнасці, Amazon, Uber, Tesla, Auchan.
R&D офіс Kyriba ў Мінску з’явіўся ў 2018 годзе. Яго стварылі на базе падраздзялення кампаніі, адкрытага сумеснага з Belhard у 2017 годзе. У беларускім офісе працавала каля 100 чалавек. У студзені 2019 года «Кайрыба Інжынірынг» увайшла ў ПВТ. На сайце Парка кампанія па-ранейшаму лічыцца рэзідэнтам, нягледзячы на ліквідацыю.
У студзені гэтага года ўрад уключыў «Кайрыба Інжынірынг» у спіс кампаній з акцыянерамі з недружалюбных краін. Ім забаронена адчужаць долі (акцыі) у беларускіх юрасобах без дазволу Мінфіна.
Kyriba стала чарговай амерыканскай кампаніяй, якая вырашыла сысці з Беларусі. На сёння ў гэтым спісе, у прыватнасці, такія кампаніі як WorkFusion, EIS Group, Fairmarkit, Freshly, Softeq Development.
Шукаеш працу ў ІТ? Заходзь на jobs.dev.by і першым будзь у курсе самых свежых вакансій
Читать на dev.by