Амерыканскія айцішнікі лічаць за лепшае аддаць частку заробку — і быць шчаслівымі на аддаленай працы
Масавыя звальненні прымусілі ІТ-супрацоўнікаў змірыцца са зніжэннем заробкаў у сферы. Пра гэта сведчаць вынікі нядаўняга апытання пляцоўкі Blind, у якім удзельнічала больш за 7300 амерыканскіх айцішнікаў.
Каля 56% рэспандэнтаў у выпадку сыходу на новую працу згодныя атрымліваць такі ж заробак, як на цяперашняй, або меншы. З іх 45% спаслаліся на нявызначанасць, якая склалася на рынку ў выніку шматтысячных звальненняў.
Сярод іншых фактараў — здаровая атмасфера ў калектыве, карпаратыўная культура, баланс паміж працай і асабістым жыццём, а таксама магчымасць працаваць аддалена.
«Я лепей буду зарабляць менш грошай і буду задаволеным», — сказаў адзін супрацоўнік Meta. Ягоны калега адзначыў, што кампаніі, якія прапаноўваюць вялікія заробкі, цяпер «у рэжыме скарачэнняў», а карпаратыўная культура ў іх — «поўны кашмар».
Больш за ўсё прыцішылі свае зарплатныя чаканні мідлы — на 10%, мацней за сваіх больш старэйшых (3%) і малодшых (8%) калег. Аналітыкі тлумачаць гэта празмернасцю спецыялістаў сярэдняга ўзроўню на сённяшнім рынку. У цэлым сярод усіх груп падзенне склала 5%.
Інжынеры ў вядучых тэхнахабах, такіх як Сан-Францыска, Нью-Ёрк і Сіэтл, прадказальна зарабляюць больш за сваіх калег у астатніх рэгіёнах. Але і грашовыя запыты ў іх упалі больш за астатніх.
Гендарны разрыў у заробках застаецца значным сярод мідлоў і сеньёраў. А вось сярод джуноў мужчыны і жанчыны разлічваюць атрымліваць прыкладна на адным узроўні.
Читать на dev.by