«Варшава — Мінск здаровага чалавека, а ў Барселоне небяспечна». Беларус пра пераезд у Іспанію
Канал Dzik Pic пагутарыў з Міхаілам Ануфрыевым, продактам у стартап-студыі Izdat і аўтарам падкаста «Дзе жыць далей?». Паўгода таму ён пераехаў з Варшавы ў Барселону, і расказаў, як яно — жыць у турыстычным горадзе.
«Варшава — гэта Мінск здаровага чалавека»
— Я пераехаў у Польшчу ў жніўні 2021-га — проста таму, што гэта быў самы лёгкі варыянт эміграцыі з Беларусі. Мяне запрасілі на адукацыйны праект (я тады рабіў падкаст «Ком у горле»), і я атрымаў польскую культурную візу. Калі культурная віза скончылася, вярнуўся ў Беларусь, зрабіў гуманітарную і ўжо пасля знайшоў з ёй працу ў Польшчы.
Варшава мне адразу спадабалася. Мы з сябрамі часта жартуем, што Варшава — гэта Мінск здаровага чалавека. Варшава і Мінск нават вонкава вельмі падобныя. Напрыклад, ёсць раёны, якія выглядаюць рыхт у рыхт як Серабранка. А вось у цэнтры ты адразу адчуваеш, што жывеш ва ўсходнееўрапейскім мегаполісе. З усіх бакоў чутныя розныя гаворкі, руская, англійская, нямецкая. Прыкольны вайб.
І, як казаў мой сябар іспанец, у Варшаве можна знайсці абсалютна ўсё. Тут ёсць як «стары горад», так і будынкі XIX стагоддзя, савецкая забудова, офісныя хмарачосы і гэтак далей. Ты можаш знайсці тут любую секцыю, гурток або культурнае мерапрыемства, ад альтэрнатывы да бачаты, ад хіпстараў да пафасных рэстарацый.
Аднак на пачатку гэтага года я пераехаў з Варшавы ў Барселону — па працы: тут знаходзіцца адзін з офісаў маёй кампаніі Izdat. Але на пераезд мяне падштурхнулі яшчэ два фактары. Першы — польская зіма. І другі — пасля пераезду з Беларусі і страты роднай хаты я стаў больш мабільны і адкрыты да новых пераездаў.
«На старце арэнды трэба адразу аддаць €3-4К»
— Адзін з самых распаўсюджаных варыянтаў легалізацыі ў Іспаніі — гэта віза лічбавага качэўніка. Заяўніку патрэбны даход каля €30К на год. Віза выдаецца на 3 гады з магчымасцю падаўжэння яшчэ на два. І потым можна падавацца на ПМЖ і, праз нейкі час, іспанскі пашпарт (тэкст закона тут).
Але ў маім асяроддзі людзі так далёка не зазіраюць. То-бок у Польшчы людзі сур’ёзна настроеныя на пашпарт, гатовыя чакаць 8+ гадоў. А тут, хутчэй, «пагляджу пакуль, пажыву, потым, можа, у Партугалію паеду».
Ці цяжка знайсці жытло ў Барселоне? У цэлым, так. Спачатку я 3 месяцы жыў у калівінгу — ён быў класны, стаяў на гары над Барселонай. Там ёсць каворкінг, трэнажорка і гэтак далей. Было даволі весела і цікава. Ты адразу трапляеш у кампанію людзей, адаптуешся, вывучаеш горад, можаш спакойна шукаць пастаяннае жытло. І, галоўнае, калівінгу не трэба плаціць дэпазіт або арэндную плату за некалькі месяцаў.
Жыццё ў калівінгу — гэта класны вопыт, але ён не прадугледжвае доўгатэрміновага пражывання. Людзі часцей за ўсё спыняюцца на 1-2 месяцы і потым або вяртаюцца дадому, або знаходзяць пастаяннае жытло ў Барселоне. Я пачаў стамляцца ад інтэнсіўнага патоку людзей на другі-трэці месяц. Плюс стала вельмі дорага — спачатку было €1200 на месяц, потым €1600.
Цяпер я здымаю пакой у цэнтры горада з балконам за €850. Дэпазіт быў таксама €850.
Я не хачу ўвязвацца ў паўнавартасную арэнду кватэры. Тут ёсць два тыпы кантрактаў: кароткатэрміновы (максімум на 11 месяцаў) і доўгатэрміновы, на 2-3 гады адразу. І абодва варыянты для мяне — так сабе.
Цэны на студыю пачынаюцца ад €1000 плюс камунальныя (€100-200). Але ты яшчэ мусіш унесці дэпазіт у памеры аднаго-двух месяцаў арэнды, плюс €1000 камісіі рыэлтару. То-бок на старце трэба адразу аддаць €3-4К. і яшчэ бывае, што ў людзей з «немясцовымі» кантрактамі могуць папрасіць аплаціць паўгода або нават год наперад.
Кожны дзень чытачы Adviser купляюць падпіску Coursera+. Паспрабаваць
Мінусы Барселоны: дорага, небяспечна, забітыя пляжы
— Я не ведаю, як доўга буду жыць у Барселоне. Мая фізічная прысутнасць у гэтым горадзе для працы больш не патрабуецца, і я прыкідваю плюсы і мінусы жыцця ў гэтым месцы.
Першае, тут дорага жыць. Ёсць месцы ў Еўропе і ў іншых частках Іспаніі, дзе вы знойдзеце нашмат даступнейшае жытло. Цэны на прадукты і ўстановы даражэйшыя ў Барселоне адсоткаў на 10-20% за Польшчу. Добрая кава, дарэчы, таннейшая (€2,5 vs €4).
І, другое, у Барселоне, у адрозненне ад Варшавы, ёсць пачуццё небяспечнасці. Тут трэба пастаянна кантраляваць, дзе ў цябе тэлефон, дзе ключы. Насіць сумку цераз плячо, прывязваць тэлефон, а лепш трымаць на ім руку. Асабліва калі вы ходзіце па турыстычных месцах накшталт Раваля або Рамбла.
У метро таксама небяспечна. Памятаю, мы ехалі з сябрамі, і ў дзяўчыны з пінжака дасталі тэлефон. Але зламыснік і не падазраваў, што яна ў кампаніі 12 людзей (плюсы жыцця ў калівінгу, ха-ха). Ужо праз секунду адзін чувак схапіў яго за руку, а другі зрабіў захват за шыю. Яго абясшкодзілі вельмі хутка.
Яшчэ быў выпадак: у сяброўкі на фестывалі выцягнулі тэлефон проста з чахла. Яна нават нічога не заўважыла.
Чаму ў Барселоне такая праблема з крадзяжом на вуліцы? Гэта турыстычная лакацыя, тут шмат прыезджых, экспатаў. Мясцовыя жыхары скардзяцца, што губляюць свой горад. Ён становіцца для іх занадта дарагім. Кажуць, да кавіду кватэры былі па €600 еўра, і гэта лічылася нават дарагавата.
Тут нават нядаўна былі пратэсты: мясцовыя стралялі з вадзяных пісталетаў у турыстаў. Ёсць напружанне. І гэта дзіўна, бо самі па сабе каталонцы — суперпрыемныя, спагадлівыя людзі.
Мясцовая дзяржава — таксама такая «лявацкая». То-бок зладзеяў тут не надта караюць. Напрыклад, мне ў каментарах у ціктоку напісаў хлопец, што ён выпадкова «патушыў» злодзея і адседзеў за гэта 14 сутак.
З морам у Барселоне ў мяне асаблівыя адносіны. Яно тут сапраўды класнае, чыстае. Але на грамадскіх гарадскіх пляжах часта занадта шмат людзей, асабліва ў сезон і ў выходныя.
На галоўным пляжы горада, Барселанеце, хтосьці ўвесь час ходзіць, крычыць, прадае тайскі масаж. Да дзяўчат пастаянна падыходзяць знаёміцца, фоткаюць. І трэба сачыць за асабістымі рэчамі — гэтак жа пільна, як у метро. Таму раю ехаць далей ад гарадскога цэнтра або нават у іншыя прыбярэжныя гарады — Сіджэс, Льёрет-дэ-Мар.
Плюсы Барселоны: надвор’е, прыгажосць, людзі
— З плюсаў: тут супер класнае надвор’е, зімой сонца і +17, мяккі клімат. Народ вельмі прыязны, заўсёды імкнецца дапамагчы. Калі ў Польшчы яшчэ можна нарвацца на вось гэты ўсходнееўрапейскі твар цэглай, то тут табе радыя ў любой краме.
І сам горад вельмі прыгожы, у ім можна знайсці раёны з рознай архітэктурай і розным настроем. Але пакуль я не зусім разумею, куды Барселона далей рухаецца. Сюды працягвае прыязджаць вельмі шмат людзей з усяго свету, праз што горад увесь час становіцца даражэйшым, і напружанне сярод мясцовых таксама расце.
Магчыма, урад Каталоніі прыме меры па рэгуляванні патоку мігрантаў. Скасуе, напрыклад, візы лічбавых качэўнікаў для свайго рэгіёна. Або Барселона будзе станавіцца яшчэ даражэйшай і стане прэміяльным горадам з высокім грашовым парогам уваходу.
У нас ёсць два выпускі падкаста пра Барселону — з эмігранткай з Расіі і мясцовым каталонцам. Яны дапамогуць больш раскрыць тэму горада і сфармаваць глыбейшае ўяўленне пра яго: раз і два.
Таму цяпер мне складана сказаць, як доўга я застануся ў Барселоне. Будзе выдатна правесці тут 1-2 гады, каб сфармаваць поўнае ўражанне ад горада. Як у мяне атрымалася зрабіць з Варшавай, якая застанецца ў маім сэрцы назаўжды.
Читать на dev.by