Беларусь у сусветным топе-3 па колькасці журналістаў за кратамі
Паводле даных міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», проста цяпер у свеце знаходзіцца пад вартай 521 журналіст. Гэта менш за 569 журналістаў, якія сустрэлі ў зняволенні 2023-ы год, але ў свежай сумнай статыстыцы адзначылася Беларусь.
Нашая краіна трапіла ў топ-3 па колькасці журналістаў за кратамі разам з Кітаем і М’янмай. Кітай — зноў абсалютны лідар у гэтым плане: тут у турме сядзіць 121 работнік медыйнай сферы, то-бок амаль чвэрць ад агульнасусветнай лічбы. У М’янме ў няволі 68 іх калегаў.
«Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дзе працягваюць узмацняцца рэпрэсіі, уваходзіць у тройку краін, дзе затрымліваюць больш за ўсё журналістаў: тут у турме знаходзяцца 39 чалавек (на 7 больш, ніж у 2022 годзе)», — адзначаюць аўтары даклада. А па колькасці арыштаваных журналістак Беларусь і зусім займае другое месца пасля Кітая: 10 супраць 14.
На глабальным узроўні 6 з 8 самых суровых тэрмінаў атрымалі менавіта журналісты жаночага полу. Прычым тры месцы ў сумным топе атрымалі журналісткі ў Беларусі: гэта Марына Золатава і Людміла Чэкіна, якім прысудзілі па 12 гадоў калоніі, і Валерыя Касцюгова, якая адбывае 10 гадоў.
Поўную версію даклада «Рэпарцёраў без межаў» можна паглядзець па спасылцы.
Читать на dev.by