С — стабільнасць: Беларусь замацавалася на дне сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы
Беларусь застаецца на самым нізе глабальнага Індэкса свабоды прэсы, які штогод публікуюць «Рэпарцёры без межаў». Сёлета наша краіна паднялася на адну пазіцыю і заняла 166-е месца паміж Кубай і Азербайджанам. У 2024 годзе яна абрынулася адразу на 10 пазіцый у параўнанні з 2023-м.
У свежым рэйтынгу Беларусь набрала 25,73 бала са 100 і засталася ў найгоршай групе краін, дзе ўмовы для працы журналістаў ацэньваюцца як «крайне цяжкія». Тры з пяці індыкатараў — палітычны, эканамічны і прававы — паказалі зніжэнне.
Лідар ў індэксе ўжо 9 гадоў запар Нарвегія. Апошняе месца захоўвае за сабой Эрытрэя. Сярод краін-суседак да Беларусі бліжэй за ўсё Расія — на 171-м месцы. У іншых краін справы ідуць заўважна лепш: Літва размясцілася на 14-м месцы, адразу за ёй — Латвія, Польшча займае 31-ю пазіцыю, Украіна — 62-ю.
Змест карткі Беларусі за год не змяніўся: аўтары рэйтынгу пішуць, што яшчэ да вайны яна была «самай небяспечнай краінай для журналістаў у Еўропе», а таксама што мясцовыя ўлады працягваюць рэпрэсіі супраць незалежных выданняў у маштабах, нябачаных да 2020 года. Іх пазбаўляюць статусу СМІ, блакуюць, абвяшчаюць «экстрэмісцкімі», праводзяць ператрусы, пераследуюць і выціскаюць з краіны.
Значна вырасла колькасць прадстаўнікоў прафесіі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Калі ў мінулагоднім дакладзе іх налічвалася каля 400, то цяпер — 500–600. Але і тым, хто застаўся, па-ранейшаму даводзіцца працаваць у рэжыме «стэлс».
Поўную версію рэйтынгу можна паглядзець па спасылцы.
Читать на dev.by