«Нават ровараў амаль не крадуць». Як беларускія айцішнікі жывуць у Эстоніі

Эстонія — адная з самых лічбавых краін у свеце. Частка беларускіх айцішнікаў, нягледзячы на папулярнасць Польшчы, Літвы і Грузіі, пераехала працаваць якраз сюды. 

Спыталіся ў рэлакантаў пра плюсы і мінусы жыцця ў Эстоніі, умовах легалізацыі, заробках у ІТ. 

19 каментарыяў

Пераезд

Senior Software Engineer Стэфан (імя змененае) жыве ў Эстоніі ад восені 2021 года. Пераехаў разам з жонкай (і катом). Працуе ў эстонскім стартапе з офісам у Таліне. Кажа, што два гады таму ў яго быў варыянт з працаўладкаваннем у Польшчы, але вырашыў выбраць Эстонію.

— У Варшаву я ехаць не хацеў, бо не вельмі падабаецца ідэя жыць у Польшчы, а вось пра Талін чуў толькі прыемнае. Плюс ужо была пара сяброў, якія пераехалі ў гэтую ж кампанію. Таму вырашыў абраць Талін з думкаю, што калі штосьці не спадабаецца, то заўсёды можна з’ехаць.

Яшчэ адная прычына рэлакацыі ў Эстонію — прастата легалізацыі айцішнікаў.

Для такіх спецыялістаў няма квот па дазволах на жыхарства, дакументы ад моманту падачы разглядаюць два месяцы, дазвол выдаюць на 5 гадоў.

— Легалізаваліся даволі лёгка і хутка. Нас вяла рэлакацыйная кампанія, таму ад нас літаральна патрабавалася даслаць ім фоткі дакументаў, схадзіць у паліцыю, падацца на дазвол на жыхарства і потым прыйсці забраць. Ад прыезду да атрымання дазволу — 2 месяцы. Без дазволу тут складана, нават каб грошы за кватэру перавесці, мусіш ісці ў банк.

Муж і жонка жывуць у цэнтры Таліна ў двухпакаёвай кватэры з падземным паркінгам. Арэнда абыходзіцца ў 750 еўра на месяц, яшчэ каля 200-250 еўра (у сярэднім) складае камуналка разам з інтэрнэтам. Паводле слоў Стэфана, гэта самы вялікі артыкул выдаткаў.

— Увогуле трацiм больш (ніж у РБ), бо некаторыя рэчы даражэйшыя (паліва, піва, паслугі). Калі не ўлічваць падарожжаў, то прыблізна 2,5-3 тысячы еўра за месяц. Але жывем, як і жылі ў Мінску, не эканомім.

Software Engineer Зміцер таксама першапачаткова выбіраў паміж Эстоніяй і Польшчай. На карысць Эстоніі сыграў яе ІТ-імідж, «электронная бюракратыя», блізкасць да скандынаўскіх краін, «плюс у кампаніі офісы знаходзяцца ў розных краінах, таму патэнцыйна прасцей пераехаць у будучыні кудысьці яшчэ, не змяняючы месца працы».

У Талін пераехаў разам з дзяўчынай. Цяпер працуе ў эстонскім офісе Microsoft. Пацвярджае, што пасля пераезду выдаткі істотна выраслі ў параўнанні з Беларуссю.

— На месяц у нас сыходзіць 2-2,5 тысячы еўра. Асноўныя артыкулы выдаткаў — арэнда жытла, падарожжы, ежа. У прыватнасці, арэнда кватэры з адной спальняй у новым энергаэфектыўным доме з паркінгам і кладоўкай абыходзіцца ў 850 еўра. Камуналка разам з плацяжамі за інтэрнэт і мабільны тэлефон складае ў сярэднім каля 200 еўра на месяц.

Айцішнік Івар (імя змененае) здымае ў Таліне еўрадвушку за 500 еўра. На камунальныя плацяжы дадаткова сыходзіць ад 120 да 220 еўра ў залежнасці ад сезону. Цяпер айцішнік хоча змяніць кватэру на навейшую, з камунальнымі выдаткамі ў ~250 еўра на працягу ўсяго года.

— Арэндных кватэр цяпер дастаткова. Але многія спрабуюць кампенсаваць дарагой арэндай павышаныя плацяжы па крэдытах, пры гэтым колькасць плацежаздольнага насельніцтва не расце.

У Таліне Івар жыве разам з жонкай і дзіцем ужо больш за год. Кажа, выдаткі пасля пераезду выраслі не толькі праз арэнду. Усе стандартныя артыкулы выдаткаў таксама выраслі ў абсалютных лічбах. Гэта звязана з ростам інфляцыі ў краіне, за 2022 год яна перавысіла 19%. Паводле тэмпаў росту інфляцыі Эстонія ўваходзіць у лік лідараў еўразоны, «таму розніца з цэнамі з РБ цалкам нівеліраваная. Хіба што „заходняя“ бытавая тэхніка і аўтамабілі тут таннейшыя. Але гэта не тое, што звычайныя людзі купляюць штодня».

Паводле ацэнак айцішніка, агульныя выдаткі на месяц на сям’ю складаюць каля 2200 еўра. «Але заробак двух працоўных дарослых дазваляе без праблем пакрываць гэтыя выдаткі і трохі адкладаць».

Інжынер Аляксей (імя змененае) палічыў, што для камфортнага жыцця ў Таліне чысты прыбытак яго сям'і з трох чалавек мае складаць каля 4000 еўра.

У Эстонію ён рэлакаваўся яшчэ ў 2019 годзе. Пераезд атрымаўся спантанным: знаёмаму быў патрэбны высокакваліфікаваны спецыяліст для працы ў крыптастартапе. Пазней Аляксей звольніўся са стартапа, цяпер працуе ў буйной прадуктовай кампаніі.

— Пасля пераезду ў нас змянілася структура выдаткаў. У Мінску мы жылі ва ўласнай кватэры. Тут даводзіцца арандаваць еўрадвушку ў цэнтры Таліна (і недалёка ад мора) за 700 еўра на месяц плюс яшчэ 150 еўра — гэта камунальныя плацяжы (у зімовы перыяд).

Таксама ў Беларусі ў нас была свая машына, але яе давялося прадаць. У Таліне мы ўзялі аўтамабіль у лізінг на 3,5 года. Кошт машыны — 26 тысяч еўра, сума лізінгавага кантракта склала палову гэтай цаны. Яшчэ 10% авансавы плацеж, 40% — выкупны плацеж. Пасля заканчэння тэрміну дзеяння лізінгавай дамовы я магу альбо выкупіць машыну, заплаціўшы пазасталыя 40% кошту, альбо падоўжыць дамову лізінгу на больш працяглы тэрмін.

На агульных выдатках адбіваецца і дарагое паліва. Напрыклад, цяпер літр бензіну А-95 каштуе 1,68 еўра. А вось прадукты ў Таліне недарагія.

ІТ, заробкі, падаткі

Некаторыя рэлаканты пераехалі ў Эстонію з оферам ад адной кампаніі, але за час знаходжання паспелі звольніцца і ўладкавацца ў іншую.

https://unsplash.com/photos/GPiskdblvGM

За два гады ў Эстоніі Івар двойчы паспеў памяняць працу. З адной прадуктовай кампаніі ён сышоў сам «праз адрыў заробку ад рэальнасці». Паводле ягоных слоў, першапачаткова заробак быў ніжэйшы за рынак, потым яго абяцалі павысіць на 6% пры росце інфляцыі на 20%. З іншай айцішніка скарацілі праз «эканамічную сітуацыю на сусветным рынку». Цяпер ён працуе на пазіцыі QA у кампаніі са сферы iGaming.

Паводле слоў айцішніка, ягоны заробак брута пасля пераезду значна вырас у параўнанні з РБ. Падобная сітуацыя з заробкам і ў іншых рэлакантаў. Але і падатковая нагрузка ў Эстоніі вышэйшая, ніж у Беларусі. Працаўнікі плацяць 22%+, працадаўца — яшчэ 33%+.

— З майго брута заробку я плачу 20% падаходнага падатку, плюс 1,6% — гэта страхоўка ад беспрацоўя, яшчэ 2% сыходзіць на «назапашвальную пенсію». Зверху ад брута заробку працадаўца плаціць яшчэ 33% сацпадатку + 0,8% страхавання ад беспрацоўя. Такім чынам, калі вы на рукі атрымліваеце чыстымі 1000 еўра, то дзяржава атрымае з вас і вашага працадаўцы больш за 500 еўра.

Сяргей (імя змененае) таксама змяніў працу пасля рэлакейту. Ён пераязджаў у Талін з оферам ад Bolt, цяпер працуе ў Microsoft.

— Базавы заробак пасля падаткаў у мяне аднолькавы з беларускiм, але тут у мяне яшчэ ёсць бонусы ад Microsoft i апцыёны ад Bolt. Апцыёны, што я паспеў атрымаць, ужо мае. Пакуль гэта проста паперкi, на грошы iх можна будзе памяняць, калi кампанiя пачне таргавацца на рынку. Цяпер Bolt — непублiчная кампанiя, таму колькi каштуюць апцыёны, сказаць складана. Тэарэтычна праз колькi гадоў гэта можа быць шмат, а можа i нуль.

Заробкі ў ІТ у Эстоніі

Паводле даных рэсурсу palgad.ee, які параўноўвае заробкі розных спецыялістаў на рынку Эстоніі, у ІТ-сектары заробак нета складае 1220-3300+ еўра. 

Івар, QA:

— Джуніяр QA Manual атрымлівае ў Эстоніі ад 1700 еўра брута, сеньёр каля 4000 еўра брута. У QA Automation/SDET дыяпазон троху вышэйшы — ад 2000 еўра ў джуна да 5000 еўра ў сеньёра. Паводле маіх назіранняў, падобныя лічбы ў дывелапераў і UI/UX дызайнераў.

Трэба разумець, што вакансій для джуноў на рынку вельмі мала, бо ўсім трэба, каб людзі «круцілі гайку» тут і цяпер. Пры гэтым дыяпазоны вельмі адрозніваюцца ў залежнасці ад кампаній. Адная рэч — гэта Bolt, Microsoft, Evolution, іншая рэч — Gunvor, Kuehne+Nagel, Helmes.

Таксама трэба ўлічваць спецыфіку кампаній. Дзесьці ІТ-прадукт — аснова бізнэсу (Linnworks, Derivco), а дзесьці гэта толькі прыдатак да афлайн-бізнэсу (а-ля ІТ дэпартамент, ушыты ў non-ІТ бізнэс, напрыклад, HireRight, Eesti Gaas або любы банк).

Ірына, Data Engineer:

— У мяне вузкая спецыялізацыя, але агульнае ўражанне, што спецыялісты з вялікім досведам атрымліваюць каля 3000-3600 еўра чыстымі, з меншым досведам — 2000-3000 еўра чыстымі. 

Ігар рэлакаваўся ў Талін з оферам ад Microsoft (першапачаткова пераезд разглядаў як запасны варыянт). Паводле яго слоў, гадавы заробак брута ў кампаніі складаў каля 60 000 еўра. З улікам бонусаў і прэмій штомесячны заробак выходзіў каля 4000 еўра.

Праз год Ігар звольніўся і ўладкаваўся ў эстонскі стартап, які займаецца развіццём «разумнага дома».

Пасля рэлакацыі ягоны заробак брута вырас на 30%, але праз вышэйшыя падаткі заробак нета вырас не так істотна. Зрэшты, адзначае айцішнік, у Эстоніі можна скарыстацца льготамі і знізіць падатковую нагрузку. Такая опцыя, у прыватнасці, даступная для бацькоў з дзецьмі.

Згодна з падатковым заканадаўствам, бацькі могуць аднімаць ад колькасці даходаў выдаткі на навучанне дзіцяці (уключаючы плату за месца ў дзіцячым садку, аплату гурткоў і г. д.) і такім чынам вяртаць частку выплачаных падаткаў.

— Мы водзім на дадатковыя заняткі дзіця за грошы. Пры гэтым усе плацяжы за навучанне аўтаматычна падаюцца ў падатковую, то-бок вельмі зручна і не трэба самому запаўняць гэтыя лічбы.

Моўны бар’ер

Паводле слоў рэлакантаў, моўны бар’ер у Таліне фактычна адсутнічае. 

https://unsplash.com/photos/t6atIehVLTU
  • «Руская + англійская закрыюць 95% усіх вашых патрэб. Ад 50 да 90% супрацоўнікаў кампаній, дзе я працаваў, гаварылі на рускай».
  • «На працы ў камандзе ў асноўным гутарым на рускай, у жыцці часцей на англійскай. Кампанія прапанавала пачатковы курс мовы ў рамках рэлакацыйнага пакета, вырашыў скарыстацца гэтым і спачатку вучыў эстонскую. Мова няпростая, вельмі хутка забываецца без практыкі. Паколькі тут усе ведаюць англійскую і/або рускую, не бачу сэнсу працягваць вывучэнне эстонскай датуль, пакуль не паўстане пытанне пра атрыманне ПМЖ. Самае галоўнае — гэта запомніць фразу „Kas te räägite vene või inglise keelt?“ — „Ці размаўляеце вы па-руску або па-англійску?“ Рэшткавых ведаў стае на стандартныя „добры дзень“, „дзякуй“, „калі ласка“, „да пабачэння“, а таксама на тое, каб адрозніваць прадукты ў крамах і кавярнях, разумець графікі працы ўстаноў па днях тыдня і г. д.»
  • «Эстонская мова вельмі складаная, трохі блізкая да фінскай і вугорскай і абсалютна не запамінаецца на слых. На свой сорам я вывучыла толькі злічэнне, прывітанне, развітанне, прадукты і некаторыя прыметнікі».
  • «У асноўным я размаўляю на англійскай, або калі я знаю людзей і яны самі размаўляюць на рускай мове, то тады на рускай. У сям'і размаўляем па-беларуску. У Таліне няма ніякіх праблем з камунікацыяй, людзі самі могуць перайсці на рускую мову, калі ім зручней, ніж на англійскай, ніякага асаблівага стаўлення ў гэтым сэнсе няма. Эстонскую я вучу паволі, але на маёй працы людзі ў асноўным размаўляюць па-эстонску, таму ёсць магчымасць практыкавацца».

Медыцына

Наконт узроўню медыцынскага абслугоўвання меркаванні рэлакантаў разышліся.

На думку Ірыны, «медыцына ў Таліне выдатная, дактары размаўляюць на рускай». Таксама дзяржава дорыць штогод 40 еўра на лячэнне зубоў. Гэта неверагодна мала, але прыемна».

Такая «стаматалагічная дапамога», удакладняе айцішніца, даецца ўсім дарослым, якія маюць дзяржаўную медыцынскую страхоўку. Па выніках візіту да доктара 40 еўра (для цяжарных дапамога складае 85 еўра) аднімаецца ад канчатковай сумы рахунку за лячэнне.

На думку Івара, узровень медыцыны (у тым ліку платнай) — адзін з істотных мінусаў Таліна.

— Немагчыма трапіць да вузкага спецыяліста нават за грошы. Платна — у найлепшым выпадку за месяц (калі пашанцуе), бясплатна — у найлепшым выпадку праз 3-4 месяцы. Пра існаванне ЛОРаў можна забыцца, хоць хваробы вуха-горла-носа — самыя распаўсюджаныя. Калі вам вельмі блага, а да сямейнага доктара не дагрукацца (што ёсць норма) — заўсёды можна паехаць у EMO (аддзяленне экстраннай медыцынскай дапамогі), дзе вас абавязкова прымуць, але пасля 6-9 гадзін чакання ў чарзе. Паводле слоў мясцовых, дактароў проста не стае, дый да таго ж «усе нармальныя дактары з’ехалі ў скандынаўскія краіны».

Аляксей адзначае з асабістага досведу, што ў Таліне ніхто не выклікае доктара на дом (і ніхто не прыедзе), калі няма пагрозы жыццю. Са спецыялістам, пры неабходнасці, можна кансультавацца па тэлефоне альбо анлайн. Калі неабходна аператыўна вырашыць нейкае пытанне, можна запісацца да спецыяліста ў прыватным парадку. У гэтым выпадку візіт абыдзецца ў 50-70 еўра. Альтэрнатыўны варыянт— запісацца на прыём да сямейнага доктара, які выпіша накіраванне да спецыяліста ў прыватнай клініцы. У гэтым выпадку візіт абыдзецца ў 5 еўра, астатняе пакрые дзяржстрахоўка. Але прыйдзецца чакаць.

Плюсы і мінусы жыцця ў Таліне

У якасці рэзюмэ рэлаканты вылучылі асноўныя плюсы і мінусы жыцця ў Таліне. 

Плюсы

  • Электронная дзяржава, простая і зразумелая сістэма падаткаабкладання.
  • Кампактнасць горада, якасць і колькасць зялёных зон (у межах горада), якасць дзіцячых пляцовак, адносна цікавая сучасная архітэктура, узровень раённай палітыкі, мясцовага самакіравання.
  • Шмат магчымасцей для развіцця бізнэсу, для павелічэння капіталу за кошт фінансавых інструментаў. Прастата вядзення бізнэсу, складання бухуліку, запаўнення дэкларацыі.
  • Якасць вады і ежы.
  • Хуткі працэс атрымання ID карты.
  • Белыя ночы.
  • Жыхары Таліна. «У іх ёсць што запазычыць і чаму навучыцца. Яны патрыятычныя, адукаваныя, сямейныя, любяць спорт, у камунікацыі ніколі не пераходзяць грані, не лезуць у душу». 
  • «Надвор’е, прырода, наяўнасць мора (шкада, што гор няма) і адсутнасць бюракратыі (лічбавая дзяржава). Культурна эстонцы вельмі падобныя да беларусаў. Блізкасць да Паўночнай Еўропы». 
  • «Бяспека, нават ровары амаль што не крадуць».
  • «Даволі развіты мясцовы рынак працы, вядома, не такі вялікі, як у Польшчы, але ж прапановы працы прыходзяць увесь час».
  • «Арганізацыя дарожнага руху і замена пасведчання кіроўцы. Калі атрымліваеш часовы дазвол на жыхарства, то пасля 6 месяцаў і да года ад моманту атрымання можна замяніць пасведчанне на эстонскае без дадатковых экзаменаў».

Мінусы

  • Гадзіны працы крам, устаноў. «Досыць рана ўсё закрываецца (што, зрэшты, характэрна для ўсёй Еўропы). Пасля 10-11 вечара Талін нагадвае горад-прывід, асабліва ў цёмны час года. Некалькі тусовачных раёнаў, але моцнага варушняка няма».
  • Кіроўцы грамадскага транспарту. «Кіруюць горш за кіроўцаў лесавозаў. Калі вы будзеце ехаць у мінскім метро, не трымаючыся за поручні, у вас менш шанцаў атрымаць траўму, ніж калі вы будзеце ехаць у талінскім аўтобусе, трымаючыся за поручні».
  • «Сфера прыгажосці значна саступае па якасці за цэннік мінімум х2 ад беларускага».
  • «Надвор’е і цемра ў зімовы перыяд. Некаторыя мясцовыя знаёмыя з’язджаюць на пару месяцаў зімой у Іспанію. Але для многіх гэта недазваляльная раскоша».
  • «Умовы для малога бізнэсу і для працы не на айці пазіцыях сталі менш прывабнымі. Разам са значным падаражэннем жыцця (інфляцыя 20%) гэта робіць Эстонію не такой ідэальнай і менш канкурэнтнай пры рэлакацыі».
  • «Для еўрапейскай сталіцы не самае лепшае авіязлучэнне. Не так шмат напрамкаў, куды можна даляцець без перасадак. Некаторыя маршруты без перасадак даражэйшыя, ніж з перасадкамі ў Швецыі або Фінляндыі. Прамы рэйс у Варшаву туды-назад без багажу з „найлепшага аэрапорта Еўропы 2022“ рэдка каштуе танней за 300 еўра. І вельмі мала лаўкостаў у параўнанні, напрыклад, з Рыгай».

Яшчэ адзін істотны мінус, паводле слоў рэлакантаў, гэта візавыя абмежаванні. 

Яшчэ ад мінулага года Эстонія максімальна скараціла пералік катэгорый грамадзян, якія прэтэндуюць на атрыманне візы. «Аформіць сваім блізкім запрашэнне маюць права толькі ўладальнікі пастаяннага дазволу на жыхарства. Для ўладальнікаў дазволу на жыхарства гэтая опцыя недаступная», — адзначаюць рэлаканты. Таму многія пазбаўленыя магчымасці сустрэцца ў Таліне з бацькамі, сваякамі і вымушаныя шукаць альтэрнатыўныя варыянты. 

Напрыклад, Сяргей летась вымушана сустракаўся з бацькамі ў Турцыі. Прычым, паводле слоў айцішніка, бацькам адмовілі ў выдачы віз яшчэ да ўвядзення ўсіх абмежаванняў.

Іх нейкім чынам прылічылі да асоб, якія нясуць пагрозу для грамадскага парадку або ўнутранай бяспекі адной або некалькіх краін шэнгенскай зоны. 

Ён звяртаўся з пытаннямі і ў амбасаду, і ў МЗС Эстоніі. Але яму параілі абскардзіць рашэнне і падаць дакументы на візу яшчэ раз. 

На думку Сяргея, альтэрнатыўныя варыянты для сустрэчы з роднымі па-за межамі Эстоніі — «гэта ўсё нязручна і дорага, вядома. Напрыклад, у майго сябра (таксама з пашпартам) дзіцё нарадзілася ў Эстонii, у яго бацькоў няма магчымасці прыехаць ім дапамагчы».

— Яшчэ пасля пачатку вайны эстонская дзяржава быццам бы забыла, у якім стане беларусы, і на словах падтрымлівае людзей у барацьбе з дыктатурай, але забараняе візы і часовыя дазволы на жыхарства (для айцішнікаў выключэнні). Гэта вельмі псуе ўсё ўражанне і менавіта праз гэта я не збіраюся «асесці» ў Эстоніі, — выказвае сваю пазіцыю Стэфан.


Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. 

З Беларусі — праз Donorbox.

І яшчэ крыптой, тут гаманцы.

Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :)

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
Па тэме
«Часам літоўцы дзівяцца нашаму выбару». Экспаты пра жыццё ў Літве
Программист открыла ИП в Эстонии (налоги — 55%). Аналитик — в России
По теме
Программист открыла ИП в Эстонии (налоги — 55%). Аналитик — в России
«З Польшчай судакранаюся толькі ва ўжондзе». Як айцішнікі зладзілі сабе Беларусь па-за Беларуссю
Па тэме
«З Польшчай судакранаюся толькі ва ўжондзе». Як айцішнікі зладзілі сабе Беларусь па-за Беларуссю

Читать на dev.by