«Гэта мая найвялікшая памылка»: Бэнкман-Фрыд пра банкруцтва FTX. Інвестары ўжо падалі ў суд
Былы генеральны дырэктар крыптавалютнай біржы FTX заявіў, што мацней за ўсё шкадуе пра падачу заявы аб банкруцтве.
Сэм Бэнкман-Фрыд напісаў у Twitter, што зрабіў мноства памылак, але найбуйнейшай стала падача заявы па артыкуле 11 Кодэкса ЗША аб банкруцтве. «Я пашыўся ў дурні шмат разоў. Але знаеце маю найбуйнейшую памылку? Усе мне казалі падаваць па 11 артыкуле на банкруцтва, і я зрабіў гэта. Калі б я не падаў заявы, то праблемы FTX былі б вырашаныя ўжо адсоткаў на 70. Але я падаў паперу і цяпер улады спрабуюць цалкам знішчыць кампанію», — напісаў ён.
Бізнэсовец таксама адзначыў, што мае яшчэ каля двух тыдняў для таго, каб знайсці $8 мільярдаў. Пры гэтым новы гендырэктар і дырэктар рэструктурызацыі FTX Джон Рэй сцвярджае, што ў Бэнкмана-Фрыда не засталося ўлады ў FTX, FTX.US і Alameda Research. На думку былога кіраўніка кампаніі, у сітуацыі вінаватыя ў тым ліку рэгулятары.
«Праца з рэгулятарамі патрабуе вялізнага цярпення, пры гэтым абарона інвестараў застаецца слабой. Усе вы заслугоўваеце рэгулятараў, якія забяспечаць нармальны ўзровень абароны карыстальнікаў, але пры гэтым захаваюць свабоду ў індустрыі», — растлумачыў сваю пазіцыю Бэнкман-Фрыд.
Раней амерыканскія крыптаінвестары падалі ў суд на бізнэсоўца і некалькіх знакамітасцей, якія прасоўвалі яго біржу, уключаючы Тома Брэдзі і Лары Дэвіда. Пазоўнікі сцвярджаюць, што тыя выкарыстоўвалі падманныя метады для продажу рахункаў у крыптавалюце, якія прыносяць даход FTX. У заяве пазначана, што гэта былі незарэгістраваныя каштоўныя паперы, якія былі незаконна прададзеныя ў ЗША.
СМІ паведамлялі, што актывы кліентаў крыптабіржы на суму $10 мільярдаў былі пераведзеныя з FTX на рахункі кампаніі Alameda Research, якая належыць Бэнкману-Фрыду. Крыніцы Reuters паведамлялі, што па меншай меры $1 мільярд кліенцкіх сродкаў прапаў без весткі.
Читать на dev.by