Gero, які змагаецца са старэннем, атрымаў яшчэ $6 млн. Галоўны інвестар зноў Мельнічак
Бо гэта «галоўная праблема чалавецтва».
Біятэх-стартап Gero, які займаецца праблемамі старэння і хранічных захворванняў, падняў $6 млн долараў у рамках раўнда серыі А. У выніку агульны аб’ём інвестыцый у Gero склаў 20 мільёнаў долараў.
Грошы дазволяць Gero працягнуць працу над прэпаратамі ад узроставых захворванняў, павялічыць даследчую каманду і пашырыць сваю прысутнасць у ЗША.
Раўнд узначаліла Melnichek Investments — кіпрская венчурная кампанія Юрыя і Ганны Мельнічкаў. Раней Юрый Мельнічак ужо інвеставаў у Gero: так, у 2020 годзе яго венчурны фонд Bulba Ventures стаў лід-інвестарам раўнда на 2,2 млн долараў. Сам Мельнічак тады ўвайшоў у савет дырэктараў Gero.
— Старэнне — гэта галоўная праблема чалавецтва, — патлумачыў dev.by сваю ўвагу да праекта Юрый Мельнічак. — Ад старэння і ўзроставых захворванняў памірае больш людзей, ніж ад усіх іншых прычын, уключаючы войны, голад, забойствы.
У гэты раз, акрамя Melnichek Investments, у раўндзе ўзялі ўдзел кам’юніці па падтрымцы даследаванняў у галіне даўгалецця VitaDAO, сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер ды іншыя.
Gero — стартап, заснаваны ў 2012 годзе біяфізікам, выпускніком МФТІ Пятром Федзічавым, які захацеў «узламаць» старэнне з дапамогай камбінацыі метадаў, запазычаных з фізікі, і магчымасцяў AI. Цяпер кампанія месціцца ў Сінгапуры, Федзічаў — генеральны дырэктар Gero.
Каманда зыходзіць з таго, што старэнне — гэта не непазбежная частка чалавечага існавання, а, хутчэй, вылечны стан, якім можна маніпуляваць, запавольваць або нават спыняць з дапамогай сучасных тэхналогій.
У 2022 годзе Gero стала партнёрам Pfizer. Фармкампанія заявіла пра намер прымяняць AI-распрацоўкі Gero ў пошуку тэрапеўтычных мішэняў для фібразуючых захворванняў.
Читать на dev.by