Праект Selfmade in Belarus распавядае пра бізнес-атмасферу ў краіне з фокусам на бізнесах маладых людзей.
Сёння гаворым з эканамістам Дзмітрыем Круком пра тое, што змянілася ў 2020 — 2025.
Пад выглядам «навядзення парадку» ў Беларусі з’явіўся рэестр малога і сярэдняга бізнесу — па сутнасці, ухваленага дзяржавай, знікла катэгорыя мікрабізнесу, а індывідуальным прадпрымальнікам прапанавалі выбар: альбо ўпісацца ў зацверджаны спіс дзейнасці, альбо адкрыць ТАА, калі не быў заўважаны ў экстрэмізме. У 2025 намякнулі на невялікі адкат абмежаванняў для ІП (але гэта не дакладна).
Як гэта было: ад лібералізацыі 2017-га пад нож 2024-га
З чаго ўсё пачыналася
У 2005 годзе ў Беларусі прайшлі першыя масавыя пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў. Нагодай стала рэзкае пагаршэнне умоў вядзення бізнесу: скасаванне падатковых ільгот, рост адзінага падатку, вядзенне абавязковай выплаты ПДВ пры ўвозе тавараў з Расіі, а таксама абмежаванні на наёмную працу. Самыя масавыя выступленні былі ў 2008 годзе супраць указа № 760, які забараняў ІП наймаць работнікаў, акрамя сваякоў. Потым былі пратэсты 2013-га — на гэты раз з-за ўвядзення новых тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. У 2016 годзе прадпрымальнікі зноў выйшлі на вуліцы супраць абавязковай сертыфікацыі тавараў па ўказе № 222. Іпэшнікаў абураўлі выдаткі, немагчымасць легальна гандляваць звыклым асартыментам і пагроза масавых закрыццяў. Яны збіралі подпісы, выходзілі на акцыі, але дыялогу з уладамі не адбылося. Тым не менш, указ № 222 дазволіў ІП наймаць да трох работнікаў — не сваякоў.
Абяцанні свабоды
У 2017 годзе быў падпісаны Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», які зняў мноства бар’ераў: некаторыя віды дзейнасці (рознічны гандаль, бытавыя паслугі насельніцтву, грамадскае харчаванне, арэнда нерухомасці і інш.) сталі даступныя без ліцэнзіі. Каб адкрыць СТА або цырульню дастаткова было проста падаць паведамленне. Былі спрошчаны санітарныя і пажарныя патрабаванні, адменены абавязковыя пячаткі. Прадпрымальнік стаў афіцыйна разглядацца дзяржавай як сябар і саюзнік, а не як вораг народа і спекулянт. У выніку ІП і дробныя фірмы пачалі маштабна выходзіць з ценю: расла колькасць кавярняў, салонаў, сэрвісаў афлайн- і анлайн-гандлю.
У тым жа 2017 годзе па Беларусі пракаціліся мітынгі супраць закона аб дармаедстве, які абавязваў усіх працаздольных грамадзян, не занятых у афіцыйнай эканоміцы, плаціць штогадовы падатак (360 BYN у 2017 годзе або $190). Фармальна пад дэкрэт трапілі непрацуючыя грамадзяне, якія не плацяць падаткі. Гэта фрылансеры, неафіцыйна самазанятыя, рэпетытары, што жывуць на даходы ад арэнды, хатнія гаспадыні, вярнуўшыяся і непрацаўладкаваныя эмігранты, а таксама грамадзяне, якія працуюць за мяжой без кантракта і рэгістрацыі ў падатковай Беларусі. Дзеянне дэкрэта прыпынілі, але ўжо ў 2018 годзе прынялі абноўленую версію. Яна не прадугледжвала грашовы збор, але захоўваўся ўлік непрацуючых. Іх абавязалі плаціць за паслугі ЖКГ «па эканамічна абгрунтаваных» тарыфах, а таксама былі створаны спісы «незанятых у эканоміцы» для кантролю падатковай.
У 2018 годзе таксама была прынята стратэгія развіцця малога і сярэдняга бізнесу да 2030 года пад назвай «Беларусь — краіна паспяховага прадпрымальніцтва». Мэтай было давесці ўнёсак МСП да 50% ВУП Беларусі да 2030 года пры падтрымцы ЕС. Праўда, пасля 2020 года Еўрасаюз прыпыніў усе праграмы падтрымкі ўнутры Беларусі.
Нагадаем, у тым жа 2018 годзе ўступіў у сілу Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі». Ён даў асаблівы эканамічны рэжым для рэзідэнтаў ПВТ і льготы да 2049 года: вызваленне ад падаткаў (ПДВ, карпаратыўны) і зніжэнне падаходнага падатку для супрацоўнікаў. Таксама была спрошчана працэдура найму замежных спецыялістаў: скасаваны квоты, спрошчаны візавы рэжым. Ужо ў 2021 годзе льготы для рэзідэнтаў былі перагледжаны. Падаходны падатак для супрацоўнікаў кампаній‑рэзідэнтаў ПВТ павялічылі з 9% да 13%. Гаварылася, што гэта часовыя меры на два гады і яны абумоўлены неабходнасцю папоўніць бюджэт у COVID‑крызіс. Але павышаная стаўка засталася да 2025, а зараз яе хочуць працягнуць і да 2028 года.
2024: вяртанне да кантролю і адзіны рэестр
У 2020 годзе дробны бізнес Беларусі актыўна падтрымаў пратэсты, з-за чаго многія былі вымушаны закрыцца. А ў 2022 годзе ІП забаранілі выкарыстоўваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання па большасці відаў дзейнасці. Ужо ў 2023-м спрашчонку для ІП цалкам адмянілі. Адначасова стаўка падаходнага падатку вырасла з 16% да 20%, а разам з гэтым скасавалі і шэраг ільгот па адлічэннях у ФСЗН. З 2024 года прадпрымальнікі пазбавіліся магчымасці працаваць з ПДВ. Акрамя таго, з’явіўся новы ліміт па выручцы — 500 тысяч рублёў у год. Калі ІП дасягае гэтага парога, ён абавязаны закрыцца або перайсці ў фармат юрыдычнай асобы.
У 2024-м таксама уступіў у сілу новы закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці, які ўводзіць жорсткую фільтрацыю ІП. Цяпер працаваць можна толькі ў рамках пэўных відаў дзейнасці. Калі ІП не ўпісваецца ў пазначаную дзейнасць (напрыклад, займаецца аптовым гандлем), ён абавязаны альбо спыніць дзейнасць, альбо аформіць юрыдычную асобу (ТАА). Пераафармленне будзе бясплатным і магчыма ў спрошчаным парадку, але яго трэба завяршыць да канца 2025 года. Пераафарміцца не змогуць іпэшнікі, уключаныя ў спісы асоб, датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці.
Таксама ў Беларусі з’явіўся Адзіны рэестр суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Толькі ўключаныя туды ІП і юрасобы змогуць разлічваць на спрошчаныя праверкі, удзел у дзяржпраграмах і «змякчэнне адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні». Простымі словамі, каб нармальна працаваць, маламу бізнесу цяпер прыйдзецца трапіць у спецыяльны рэестр ухваленых прадпрымальнікаў.
Змянілася сама класіфікацыя: мікрабізнес знік як клас, засталіся толькі «малыя» (да 100 супрацоўнікаў), «сярэднія» (да 250) і «буйныя» (звыш 250 чалавек) прадпрыемствы. Гэта таксама паўплывае на доступ да праграм падтрымкі і ўдзел у дзяржзамовах, таму што будуць улічвацца новыя крытэрыі.
Добрая навіна ў тым, што для кампаній да 50 супрацоўнікаў уводзіцца льготны рэжым адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні. Менавіта да такіх кампаній аднясуць і ўчаорашніх ІП. Гэта азначае, што памер мінімальнага штрафу складзе ад 74 BYN.
2025: намёк на лібералізацыю?
У ліпені 2025 года на нарадзе ў МПЗ прадпрымальнікі прапанавалі змяніць падыход для ІП. Замест жорсткага прынцыпу «дазволена толькі тое, што ў спісе» — зрабіць наадварот: «дазволена ўсё, што не забаронена». Каб пазбегнуць злоўжыванняў, хочуць таксама ўвесці абмежаванні па абароце і іншых паказчыках. Калі даход ІП не перавышае парог, ён зможа працягваць працаваць, нават калі яго дзейнасць не прапісана ў афіцыйным пераліку. Адпаведны пункт па змяненні працы ІП быў уключаны па выніках нарады ў праект Указа «Аб змяненні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
ІП усё менш
Па дадзеных Белстата, у першым квартале 2025 года ў краіне налічваецца 234 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў — і гэтая лічба, мяркуючы па тэндэнцыі, у бліжэйшыя гады можа значна знізіцца. Па падліках Мінэканомікі, да канца года года прыкладна 20 тысяч ІП або зменяць статус на юрасоб альбо сыдуць з рынку.
Мяркуючы па дадзеных статыстыкі, пералом адбыўся ў 2022-м. У пачатку 2022 года ў краіне працавалі 273 тыс ІП.
«Калі напачатку ўсё абрубіць, а потым на паўкрока назад — гэта сумнеўная лібералізацыя»
Тлумачыць эканаміст Дзмітрый Крук:
— 200+ тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў (пасля 2022 года іх колькасць змяншаецца, чыноўнікі анансуюць яшчэ мінус 20К да канца года) — гэта шмат ці мала для такой краіны, як Беларусь?
— Лічба вялікая, але чаканая. Гэта не значыць, што малы прыватны бізнес сціскаецца ў аб’ёмах, хутчэй, адбываецца яго перафарматаванне. Для многіх прадпрымальнікаў ІП было зручнай формай: да 2023 года можна было выкарыстоўваць спрошчаную схему падаткаабкладання і істотна скарачаць рызыкі. Цяпер жа колькасць ІП скарачаецца, бо многія рэгіструюць юрасобы і аб’ядноўваюцца.
— Трагізм новаўвядзенняў у тым, што ўмоўнага Васю з рынку або Пецю з кавярняй хочуць прыраўняць да Mark Formelle на мінімалках: ад іх патрабуюць тую ж справаздачнасць і падаткі без паслабленняў. У такіх умовах супер маленькія бізнесы не выжывуць — сыдуць у цень або закрыюцца.
— Тут важны кантэкст. Мінфін лічыў, што бізнес дасягнуў сталасці і павінен пераходзіць на наступны этап яшчэ ў 2017–2018 гадах задоўга да ўсіх гэтых палітычных падзей. Але ІП планавалася пакінуць для вузкіх ніш тыпу «Васі» і «Пеці», каб для іх былі льготы. Аргумент быў у тым, што ІП злоўжываюць «спрашчонкай». Некалькі ІП фактычна маглі працаваць, як адно малое прадпрыемства. Таму спачатку хацелі разабрацца і навесці парадак.
Пасля 2020 года наклалася яшчэ жаданне абмежаваць: прыбраць льготы для ІП і прыраўняць іх да малых прадпрыемстваў.
Тое, што адбылося ў выніку, — перагіб і дзіўная канструкцыя, дзе ІП прыраўнялі да буйнога бізнесу па стандартах. Хоць першапачаткова ішоў пошук кампрамісу, але ўжо ў 2020–2021 гадах стала не да гэтага — усе былі заняты палітыкай і наступствамі ковіду.
Адзін з ідэолагаў рэжыму ў канцы 2021-га сказаў: «Мы не хочам ліквідаваць прыватны бізнес, але хочам зрабіць яго залежным і падкантрольным дзяржаве». І ў 2022 годзе гэты курс атрымаў зялёнае святло на рэалізацыю. Ён закрануў не толькі іпэшнікаў. Напрыклад, 713-е пастанова Савміна (уводзіць сістэму рэгулявання цэн — Заўв.). На першы погляд яно пра цэны, але не толькі пра іх. Яно ставіць «на расцяжку» увесь прыватны бізнес.
Потым з’явіліся ініцыятывы пра прафсаюзы, пра прызначэнне кіраўнікоў па ўзгадненні з выканкамамі і таму падобнае. Гэта значыць палітычная пераацэнка адбылася ў 2020–2021, з 2022-га далі зялёнае святло, у 2023–2024 пайшло выкананне.
— Ці можна сказаць, што ў 2025-м Беларусь узяла курс на лібералізацыю, бо ІП хочуць спрасціць жыццё, перагледзеўшы дазволены спіс дзейнасці?
— Я б слова «лібералізацыя» не выкарыстоўваў, яно занадта моцнае.
Калі напачатку ўсё абрубіць, а потым на паўкрока назад — гэта сумнеўная лібералізацыя. Калі на ўваходзе правілы гульні ўжо змяніліся, удакладненні ў дэталях, якія крыху паляпшаюць магчымасці для бізнесу — гэта, хутчэй, касметычны штрых, а не нешта радыкальнае.
Тое ж пра «спрашчонку»: многія стандарты справаводства і бухгалтэрыі для ІП становяцца такія ж, як у паўнавартасных кампаній. Вось гэтыя рэчы застаюцца. Але і сам прынцып уваходу —дазваляльны і абмежавальны — пакуль не падвяргаецца сумневу. Таму я б гэта назваў, хутчэй, лёгкім паслабленнем, чым адскокам назад. Але пакуль гэта толькі дыскусія, якая не аформлена юрыдычна. А ад слоў да рэалізацыі ў Беларусі можа прайсці нямала часу.
«Фармальныя правілы не асабліва змяніліся. Але калі на прадпрымальнікаў глядзяць, як на класавых ворагаў, фармальныя правілы можна выкарыстоўваць зусім інакш»
— Калі быў лепшы час для малога бізнесу ў Беларусі?
— Напэўна, з 2016-га — у перыяд псеўдалібералізацыі. Гэта была кропка адліку. Можа нават крыху раней у часы ўрада Кабякова да ўвядзення Дырэктывы № 7, якая стварыла кантэкст, які задае нефармальныя ўстаноўкі. Там былі спрашчэнні для малога бізнесу: перагледжаны пажарныя нормы, рэгістрацыйныя.
Усё гэта працягнулася да 2019 года і спрыяла развіццю канкурэнцыі і прадпрымальніцкай дзейнасці. У той перыяд было цалкам прыхільнае стаўленне да бізнесу, а прадпрымальнікаў не лічылі класавымі ворагамі.
— А цяпер можна назваць умовы для вядзення бізнесу ў Беларусі цярпімымі?
— Я б падзяліў на дзве складаючыя — фармальныя і нефармальныя правілы гульні.
Калі мы гаворым пра фармальныя, то не так шмат змянілася. Напрыклад, адміністрацыйныя правілы, але яны не прывялі да кардынальнага пагаршэння. Паміж 2023 і 2025 адбылося нават нязначнае паляпшэнне, калі параўноўваць з 2020 і 2021.
Калі гаварыць пра нефармальныя, іх складана ацаніць у лічбах, але яны ўплываюць на ўспрыманне бізнесу. Калі на прадпрымальнікаў глядзяць, як на класавых ворагаў, фармальныя правілы можна выкарыстоўваць зусім інакш.
І сёння гэты нефармальны бэкграўнд зусім іншы. Да 2020 года на прадпрымальнікаў не глядзелі як на ворагаў і меркавалася некаторая ступень свабоды і незалежнасці. Зараз на ўваходзе нефармальнае пажаданне «пакажы адданасць ідэалам партыі».
Калі рэзюмаваць: супер трагедыі і кардынальных змяненняў для бізнесу не адбылося. Але ўмовы для вядзення бізнесу дэ-факта сталі горш. І калі 5-6 гадоў таму прадпрымальнік у Беларусі сказаў бы: «Так, я прымаю на сябе рызыкі і іду ў бізнес», то сёння іх адказ можа быць іншым. Альбо я не іду наогул, альбо рэалізую свае ідэі ў іншай краіне.
— У Беларусі дзяржаве заўсёды была справа да буйнога бізнесу, але дробны абыходзілі бокам. Калі мы рабілі даследаванне (хутка падзелімся вынікамі!), многія маладыя людзі ў якасці матыватара ісці ў бізнес адзначалі незалежнасць. Як вы лічыце, прадпрымальнік у Беларусі сёння — гэта незалежная асоба?
— Калі ваш бізнес з абаротам да дзесятка мільёнаў даляраў, важна, каб ваш рынак збыту і закупак не перасякаліся, не канкуравалі з дзяржсектарам, каб вы нідзе не наступалі яму на пяты. І з важнай пасля 2020 года ўмовай: у вас няма палітычных установак. Тады можна быць адносна незалежным.
Але чым больш перасячэнняў з дзяржсектарам, чым больш выручка, чым больш работнікаў, тым вышэй ступень залежнасці. Гэта стратэгічная ўстаноўка: па меры росту кампаніі рабіць яе больш залежнай ад дзяржавы.
Але бізнес супраціўляецца, прытрымліваючыся правіла: чым складаней працэсы, тым складаней адціснуць кампанію. Гэта ў асноўным датычыцца паслуг, інтэлектуальнай уласнасці. Не толькі ІТ, але і высокатэхналагічныя кампаніі, біятэхналогіі, лагістыка. Такія бізнесы чапаюць менш. Але калі яны перасякуць «чырвоную лінію» ва уяўленні дзяржавы, думаю, нават сыход у складанасць ім не дапаможа захавацца.
«Большасць паспяховых прыкладаў звязана з ІT і паслугамі, заснаванымі на чалавечым капітале»
— Раз ужо мы загаварылі пра ІT, давайце пагаворым пра ПВТ. Ён застаецца сёння прывілеяваным гета для бізнесу ці нешта змянілася пасля 2020? Як вы гэта адчуваеце?
— Кароткі адказ — застаецца. Тыя падатковыя льготы, якія ў ПВТ ёсць, значныя. Наяўнасць падатковых ільгот ПВТ па-ранейшаму важны стымул для бізнесу. Але гэтага недастаткова для захавання тых маштабаў і дынамікі росту, якія былі да 2021 года.
— Якія нішы самыя перспектыўныя са стартавым капіталам да 10К у РБ? Вы верыце ў паспяховыя невялікія праекты, якія стартавалі з «каля нуля»?
— Калі глядзець на досвед апошніх 10–15 гадоў, большасць паспяховых прыкладаў звязана з ІT і паслугамі, заснаванымі на чалавечым капітале. Напрыклад, кампаніі кшталту MAPS.ME і Masquerade пачыналі з вельмі малых сум. Іншы яркі прыклад — PandaDoc, які вырас з маленькага стартапа ў буйную кампанію. Важна разумець, што яны не адразу сталі буйнымі па выручцы — рост быў арганічны. Большасць паспяховых бізнесаў пачыналася з мінімальнымі інвестыцыямі ў ІT, апрацоўку дадзеных або сэрвісы.
Сёння перспектыўна ўкараненне AI у традыцыйныя сферы бізнес-працэсаў: маркетынг, HR, лагістыку і іншыя напрамкі. Для пачынаючых прадпрымальнікаў гэта зручна, таму што ўсё будуецца на чалавечым капітале, без вялікіх укладанняў.
Калі ёсць разуменне, мазгі і ідэя, то праектаў у хайтэк індустрыях, якія нацэлены на хуткую маштабаванасць, шмат. У тым ліку ва Усходняй Еўропе, дзе ёсць інструменты фінансавай падтрымкі: пачынаючы ад класічных бізнес-анёлаў да інстытутаў венчурнага фінансавання.
— Пачакайце, мы ж зараз гаворым пра ўмовы ўнутры Беларусі.
— Я вяртаюся да мінулай часткі. Калі чалавек хоча развівацца, яму рана ці позна прыйдзецца перайсці мяжу Беларусі. Першапачатковая ідэя можа быць рэалізавана ў краіне, але з улікам цяперашніх умоў за грашыма прыйдзецца ехаць за мяжу. Фінансавы стопер, пра які я казаў, спрацуе.
Вырасціць сёння мільярдны бізнес унутры Беларусі, як гэта было ў 2019-м годзе, немагчыма.
Такая «бізнес-міграцыя» на замежныя рынкі — натуральны этап развіцця, калі з’яўляецца першы сур’ёзны вынік.
— А акрамя ІT, з капіталам да 10 тысяч, якія яшчэ перспектыўныя нішы ёсць?
— Амаль любыя сферы. Я спецыяльна кажу high-tech, а не толькі ІT — сюды ўваходзяць біятэхналогіі, напрамкі на стыку AI і медыцыны. Таксама ёсць больш традыцыйныя бізнесы з меншымі амбіцыямі. Напрыклад, вытворчасць марозіва або ўнікальнай кандытарскай прадукцыі. Такія бізнесы таксама могуць развівацца і заўсёды маюць шанцы дасягнуць пэўнага ўзроўню поспеху.
«Адметная рыса беларускага бізнесу — у апоры на ўласны капітал без знешніх інвестыцый і пазык»
— Куды маладому прадпрымальніку ў Беларусі ісці за грашыма, бізнес-адукацыяй і ментарствам у часы, калі згортваюцца еўрапейскія праграмы падтрымкі?
— Сказаць, што ў Беларусі нічога не засталося, напэўна, будзе няпраўдай. Але тое, што прайшліся катком па ўсім полі бізнес-адукацыі — гэта факт.
Адукацыя ў сферы бізнесу ў Беларусі сёння заточана пад расійскія стандарты, каб працаваць у расійскім асяроддзі.
Хоць выбар патэнцыйна ёсць: засталася нейкая колькасць бізнес-школ і бізнес-праграм, якія прапануюць свае паслугі. Але наколькі гэта адпавядае патрабаванням глабальнага рынку, а не такім спецыфічным стандартам? Мне здаецца, гэты разрыў будзе нарастаць.
Таму калі глядзець на доўгую перспектыву, каб адпавядаць глабальным запытам і стандартам, трэба шукаць праграмы павышэння бізнес-кампетэнцый за мяжой, у заходніх краінах. Хоць гэта і павялічвае палітычныя рызыкі як для самога прадпрымальніка, так і для яго кампаніі.
— Топ-3 матыватара і топ-3 стопера, калі ў цябе мала вопыту/ ведаў, але вельмі хочацца запусціць уласны бізнес у Беларусі?
— Ёсць такі тып бізнесменаў, якіх называюць візіянерамі. Яны хочуць не проста зарабіць грошы, а змяніць свет. І гэта магутны матыватар, калі ёсць такія амбіцыі. Тады ўсе астатнія тармозячыя фактары не маюць значэння.
Другі матыватар — гэта незалежнасць, ці ты візіянер, ці ты менеджар-адміністратар.
І на трэцяе месца я б паставіў магчымасць захаваць і развіць свой чалавечы капітал.
Цяпер пра стоперы.
Па азначэнні прадпрымальнік — гэта той, хто гатовы рызыкаваць. Але з улікам павышанай колькасці рызык у Беларусі гэта «бывае зашмат» нават для прыроджаных прадпрымальнікаў. І гэта, безумоўна, стопер.
Другі момант — фінансы. Даследаванні паказваюць, што адметная рыса беларускага бізнесу ў апоры на ўласны капітал без знешніх інвестыцый і пазык. З аднаго боку, гэта добра, бо спрыяе візіянерскаму тыпу бізнесу, але з іншага — гэта дрэнна, бо кажа пра недахоп нармальных механізмаў запазычання і прыцягнення фінансавання. Хлопцы прапануюць нейкія ідэі, але як прыцягнуць сродкі, каб маштабаваць стартап, калі няма венчурных інвестыцый, бізнес-анёлаў? Прарыўныя ідэі маюць патрэбу ў фінансаванні, якое ўсё часцей шукаюць за мяжой, а не ўнутры краіны.
І трэці стопер — гэта пастаяннае змяненне правіл гульні з боку дзяржавы. Змяненне нефармальных правіл асабліва адчуваецца.
Я чуў ад замежных бізнесменаў: калі б яны ведалі пра ўсе спецыфічныя беларускія практыкі на старце, яны б не пачыналі бізнес тут.
Празмернае дзяржаўнае ціск, асцярогі, што тваёй дзейнасцю могуць зацікавіцца чыноўнікі і спатрэбіцца ўзгадненне цэн, кіраўнікоў або чаго-небудзь яшчэ — гэта таксама сур’ёзны стопер.
«Маладыя прадпрымальнікі з класнымі ідэямі недаацэньваюць уплыў нефармальных умоў»
— Дайце рэкамендацыі будучым прадпрымальнікам, якія зараз знаходзяцца на стадыі планавання або запуску бізнесу.
— Галоўная якасць бізнесмена — гатоўнасць да фарміравання сваёй карціны свету і разуменне таго, як і што ён хоча рэалізаваць. У гэтым сэнсе лепш дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі бачаннямі, а не слепа абапірацца на нейкія «мудрыя ісціны», якія рэдка універсальныя. Некалькі стандартных, але карысных рэчаў:
Разумець узровень амбіцый свайго бізнесу. Для мяне гэта падзел, пра які я згадваў раней: візіянерскі бізнес vs менеджарскі стандарт. Трэба разумець, на што ты настроены, куды ідзеш, і трымаць гэта ў галаве пры прыняцці рашэнняў. У Беларусі гэта асабліва важна.
Бізнес-кантэкст. Мы падрабязна абмяркоўвалі гэты аспект. На практыцы маладыя прадпрымальнікі з класнымі ідэямі недаацэньваюць уплыў макрафактараў — нефармальных умоў, якія ствараюць магчымасці або рызыкі для бізнесу. Разуменне гэтых фактараў важна, каб запускаць бізнес з улікам рэальных умоў.
Як беларускія выпускнікі паступаюць у Польшчу і Расію — і ці паўплывала вайна. 4 гісторыі
dev.by шукаў маладых людзей, якія паступілі сёлета ў ВНУ за мяжу, — адгукнуліся 4 чалавекі. Двое выбралі Польшчу, яшчэ двое Расію (для аднаго гэта часовы варыянт, ён плануе перапаступіць налета).
Спыталі ў хлопцаў, як яны выбіралі ВНУ, куды паступалі аднакласнікі і як на выбар паўплывала поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну (і ўчорашнія навіны пра мабілізацыю).
EnCata будзе штампаваць заводы, якія штампуюць дамы
«Будаўнічая галіна цалкам дысфункцыянальная», — кажа СЕО EnCata Алег Кандрашоў. І прапануе «рэанімаваць будаўніцтва»: паўтарыць поспех Генры Форда і запусціць канвеер, які будзе штампаваць модульныя дамы. А яшчэ — запусціць мабільныя заводы з гэтымі канвеерамі.
Першы тэставы дом з жалезнымі сценамі і вокнамі ў падлогу ўжо пабудаваны — у ім 2 гады як жыве СЕО. А зараз у Вялікім камені дабудоўваюць тэставы завод.
Ці ёсць будучыня ў праекта і якая, расказвае dev.by Алег Кандрашоў.
Рэлацыраваліся? Цяпер вы можаце каментаваць без верыфікацыі акаўнта.