Брытанскі тэлекам-гігант скароціць да 55 тысяч працаўнікоў, 10 тысяч заменіць АІ
Да канца дзесяцігоддзя брытанская тэлекамунікацыйная кампанія BT Group плануе скараціць ад 40 тысяч да 55 тысяч працоўных месцаў для зніжэння выдаткаў, піша BBC. У асноўным скарачэнні пройдуць у Вялікабрытаніі.
Прыкладна пятая частка звальненняў — 10 тысяч — прыпадзе на спецыялістаў па працы з кліентамі. Яны будуць замененыя штучным інтэлектам.
Цяпер агульная колькасць працаўнікоў BT складае 130 тысяч чалавек — з іх 80 тысяч штатныя і месцяцца ў Злучаным Каралеўстве і яшчэ 30 тысяч падрадчыкаў.
Гендырэктар кампаніі Філіп Янсэн адзначыў, што новыя тэхналогіі заўсёды даюць штуршок буйным зменам. Ён дадаў, што інструменты на базе генератыўнага АІ накшталт ChatGPT «надаюць упэўненасць у тым, што мы можам пайсці яшчэ далей».
Паводле слоў Янсэна, АІ дапаможа зрабіць працэс аказання паслуг хутчэйшым, лепшым і плаўнейшым, а кліентам зусім не абавязкова будзе падавацца, што яны гутараць з ботамі. Таксама ён сказаў, што «новыя тэхналогіі спрыяюць стварэнню новых працоўных месцаў», хоць сама BT — найбуйнейшы інтэрнэт-правайдар краіны — пры канцы дзесяцігоддзя будзе налічваць «нашмат менш супрацоўнікаў», ніж цяпер.
Цяпер BT займаецца пашырэннем оптавалакновых сетак на змену медным кабелям. Як толькі працы будуць завершаныя, ёй стануць не патрэбныя 15+ тысяч чалавек. Таксама ёй спатрэбіцца менш супрацоўнікаў для абслугоўвання новых сетак, у сувязі з чым працу страцяць яшчэ 10+ тысяч. Яшчэ 5 тысяч будуць звольненыя ў межах рэструктурызацыі.
Раней іншая тэлекамунікацыйная кампанія Vodafone абвясціла, што на працягу трох гадоў скароціць дзясятую частку штату — 11 тысяч чалавек.
Читать на dev.by