TikTok адключыў сэрвіс у ЗША, але ненадоўга, дзякуючы Трампу
Увечары 18 студзеня TikTok перастаў працаваць у амерыканскіх карыстальнікаў. Блакаванне пачалося на некалькі гадзін раней за вызначаны Вярхоўным судом ЗША тэрмін — 19 студзеня. Гэтаму папярэднічалі працяглыя разборы і патрабаванні амерыканскага ўрада, каб кітайская кампанія ByteDance, якая валодае сацсеткай, прадала свой бізнэс у ЗША пад падставай забеспячэння нацбяспекі. Але ўгоды не адбылося.
Пры спробе адкрыць праграму амерыканскія карыстальнікі бачылі паведамленне, што TikTok прыпыніў працу ў сувязі з судовай забаронай. Але спадзяецца вярнуцца, паколькі пераабраны прэзідэнт Дональд Трамп даў зразумець, што паспрабуе знайсці рашэнне пасля ўступлення на пасаду. Таксама TikTok знік з крамаў праграм Apple і Google.
Блакаванне доўжылася менш за суткі. У нядзелю днём TikTok паведаміў у Х, што разам з правайдарамі працуе над аднаўленнем сэрвісу. Сацсетка падзякавала Трампу «за яснасць і гарантыю таго, што правайдары не будуць пакараныя» за забеспячэнне доступу да яе. У TikTok дадалі, што разам з ім будуць шукаць «доўгатэрміновае рашэнне», дзякуючы якому сацсетка зможа застацца ў ЗША.
TikTok налічвае ў ЗША больш за 170 млн юзераў. Цікавай была рэакцыя некаторых на будучы бан. Адныя сталі заканамерна выгружаць свае акаўнты і пераходзіць у іншыя праграмы для абмену кароткімі відэа, напрыклад, RedNote і Lemon8. Другія накіравалі хвалю нянавісці на Meta і яе гендырэктара Марка Цукерберга. Яму пісалі, што яго «ненавідзяць 170 млн чалавек», што Meta крадзе функцыі ў іншых праграм, рылзы з’явіліся толькі дзякуючы TikTok і ніколі не стануць лепшымі, чым у TikTok. Таксама яму нагадалі, што ягоныя сацсеткі гадамі прадавалі карыстальніцкія звесткі ў Кітай. А трэція нават узрадаваліся бану, бо думскролінг у іх ператварыўся ў залежнасць, і задумаліся пра поўную адмову ад гартання стужкі ў сацсетках.
Читать на dev.by