У былую студыю Wargaming прыйдзе праверка. «Суб'ект з высокай ступенню рызыкі»
На сайце камітэта дзяржкантролю з’явіўся план выбарачных праверак на другое паўгоддзе 2022 года. У снежні наглядныя органы збіраюцца наведаць геймдэў-кампанію «Мелсофт».
Мінскую студыю «Мелсофт» (Melsoft Games, раней называлася Melesta Games) заснаваў Аляксей Меляшкевіч у 2007 годзе. Студыя распрацоўвае казуальныя мабільныя гульні. У 2015 годзе выдаўцом гульняў «Мелсофт» і яе ўладальнікам стаў Wargaming. У студыі памяняўся топ-менеджмент, а штат у Мінску разросся да амаль 250 чалавек. Пры канцы 2020 года стала вядома, што Wargaming прадаў «Мелсофт» ізраільскай кампаніі Moon Active. Медыя ацэньвалі ўгоду ў сотні мільёнаў долараў.
З праверкай у «Мелсофт» збіраецца прыйсці Нацыянальны статыстычны камітэт (Белстат).
Белстат выбірае кампаніі для праверкі з «груп суб’ектаў з высокай ступенню рызыкі» (гэтыя групы фармуе таксама Белстат).
З загада «Аб зацвярджэнні крытэраў ацэнкі ступені рызыкі для адбору суб’ектаў пры правядзенні выбарачнай праверкі»:
2.4. Белстат ажыццяўляе адбор суб’ектаў для ўключэння ў планы выбарачных праверак з групы суб’ектаў з высокай ступенню рызыкі, сфармаванай адпаведным тэрытарыяльным органам дзяржаўнай статыстыкі.
Як рэзідэнт ПВТ мог патрапіць у «групу рызыкі»? Кампанія дасылае Белстату справаздачы пра фінансава-гаспадарчую дзейнасць, экспарт і імпарт паслуг, пратэрмінаваную запазычанасць па заробках, інвестыцыі з-за мяжы. Верагодна, нейкія неадпаведнасці ў гэтых справаздачах могуць прыцягнуць увагу нагляднага органа.
З адкрытых крыніц невядома, чаму дзяржорганы вырашылі праверыць менавіта «Мелсофт».
Кіраўніцтва кампаніі на пытанні dev.by пакуль не адказала.
Пры гэтым мінскі офіс кампаніі, мяркуючы з усяго, цалкам або амаль цалкам рэлакаваны. Паводле даных rekvizitai.vz.lt, на гэты момант у літоўскім офісе Melsoft працуюць 295 супрацоўнікаў (у лютым 2022 — толькі 70, тады ж мінскі офіс налічваў да 250 чалавек). На карпаратыўнай старонцы ў LinkedIn, фэйсбуку і сайце кампаніі офіс у Беларусі не згадваецца. Статус мінскай юрыдычнай асобы ў АДР — дзейны.
Як правяраюць рэзідэнтаў ПВТ
Рэзідэнты ПВТ рэдка трапляюць у спісы праверак КДК. У 2021 годзе ў такія спісы трапілі два рэзідэнты, і праверкі, хутчэй за ўсё, былі звязаныя з атрыманымі гэтымі кампаніямі ліцэнзіямі ў сферы інфармацыйнай бяспекі. Да гэтага рэзідэнта ПВТ (кампанію ІТТАС) правяралі толькі ў 2019 годзе — і яго праца таксама была звязаная з кібербяспекай.
Згодна з Дэкрэтам № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі», дзяржправеркі рэзідэнтаў праводзяцца пасля ўзгаднення з адміністрацыяй ПВТ. Выключэнні: праверкі выканання падатковага заканадаўства і праверкі пры рэарганізацыі кампаніі.
Што кажуць юрысты наконт праверак рэзідэнтаў
Адвакацкае бюро REVERA
У большасці выпадкаў праверка рэзідэнта ПВТ праводзіцца толькі пасля ўзгаднення з адміністрацыяй ПВТ (пункт 4.6 Дэкрэта № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі»). Гэта ўмова — свайго роду гарантыя стабільнасці працы рэзідэнтаў ПВТ.
Што праўда, ёсць нюансы.
Правядзенне праверак з боку дзяржорганаў рэгулюе ўказ Прэзідэнта РБ № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
Зыходзячы з палажэнняў названых заканадаўчых актаў адміністрацыя ПВТ мае ўзгадніць правядзенне выбарачных і пазапланавых праверак у рэзідэнтаў.
Аднак у 23-м пункце ўказа пералічаныя праверкі, на якія яго палажэнні не распаўсюджваюцца, адпаведна, такія праверкі не патрабуюць узгаднення з адміністрацыяй ПВТ.
Напрыклад:
— Камеральная праверка (праверка выканання падатковага заканадаўства без выдачы прадпісання і выхаду да кампаніі)).
— Праверка па заяве самой кампаніі; пры рэарганізацыі кампаніі.
Калі выбарачная або пазапланавая праверка праводзіцца без узгаднення з адміністрацыяй ПВТ, рэзідэнт мае права абскардзіць дзеянні кантралюючага органа. Парадкі і тэрміны такой скаргі таксама апісаныя ва ўказе № 510 (п.23-1). Яе падаюць у вышэйстаячы орган (напрыклад, у Міністэрства па падатках і зборах, калі праверку праводзіць гарадская падатковая інспекцыя) або кіраўніку кантралюючага органа (калі вышэйстаячы орган адсутнічае) на працягу 10 каляндарных дзён ад пачатку праверкі. Пры нязгодзе з рашэннем па скарзе кампанія можа звярнуцца ў суд.
У плане праверак на 2022 год ёсць яшчэ адзін рэзідэнт ПВТ — крыптабіржа «Карэнсі Ком Бел». Праверыць яе павінныя былі ў ліпені. Наглядны орган — адміністрацыя ПВТ. Планы надзяліць ПВТ правам кантролю над працай крыптабіржаў ва ўрадзе анансавалі яшчэ летась.
Читать на dev.by