CEO Microsoft назваў навык, які складаней за ўсё развіць. І ён не звязаны з ІТ
Гендырэктар Microsoft Сацья Надэла лічыць, што эмпатыя — гэта не проста «мяккі» (іх яшчэ называюць гнуткімі) навык, а вельмі важная частка прафесійнага і асабістага жыцця.
«Эмпатыя — гэта не мяккі навык. Насамрэч гэты навык даецца нам цяжэй за ўсё: узаемадзейнічаць са светам, узаемадзейнічаць з самымі важнымі для нас людзьмі», — сказаў Надэла ў інтэрв’ю гендырэктару медыяканцэрна Axel Springer Маціясу Допфнеру.
Кіраўнік Microsoft падзяліўся сваёй асабістай гісторыяй — пра тое, як хвароба дзіцяці змяніла яго стаўленне да жыцця. Яго сын Заін быў паралізаваны і пакутаваў цэрэбральным паралічам. Ён памёр у лютым 2022 года ва ўзросце 26 гадоў.
«У першыя некалькі гадоў я больш знаходзіўся ў горы ад таго, што адбылося з маімі планамі. Я глядзеў на сваю жонку Ану і на тое, што яна рабіла — яна кінула працу архітэктарам і вадзіла, вазіла яго па Сіэтле на ўсе магчымыя тэрапіі. Я назіраў за гэтым і пачаў разважаць над гэтым, а потым зразумеў, што са мной нічога не адбылося. Нешта адбылося з маім сынам, і я пачаў глядзець на свет яго вачыма», — расказаў Надэла.
Гэты жыццёвы досвед перавярнуў яго ўспрыманне. «Гэта цалкам змяніла мяне як чалавека, як бацьку, мужа і кіраўніка на працы», — працягнуў Надэла.
Гендырэктар рэдмандскага тэхнагіганта не ўпершыню кажа пра важнасць эмпатыі на працы — раней ён адзначаў, што эмпатыя ў адносінах да каманды можа вельмі спрыяць кар’ернаму росту.
«Калі вы праяўляеце эмпатыю да людзей, яны будуць выкладвацца па поўнай і вы таксама будзеце расці», — адзначаў Надэла.
Таксама Надэла лічыць эмпатыю ключавым кампанентам у стварэнні інавацый: «Інавацыі — гэта пра задавальненне нездаволеных і невыказаных патрэбаў кліента. У чым іх крыніца? Хтосьці скажа, што ў дызайн-мысленні, але дызайн-мысленне і ёсць эмпатыя».
Вынікі даследаванняў таксама паказваюць, што эмпатыя — адная з галоўных лідарскіх якасцяў. 90% амерыканскіх работнікаў, апытаных у 2021 годзе экспертамі Ernst & Young, сказалі, што здольнасць менеджара да суперажывання павышае іх задаволенасць ад працы, прадукцыйнасць і лаяльнасць. Больш за палову рэспандэнтаў хоць бы раз звальнялася праз тое, што начальнікі не праяўлялі разумення да іх праблем на працы або ў асабістым жыцці.
Читать на dev.by