ChatGPT дала рады пытанням з тэхнічнага сумоўя ў Amazon
Магчыма, калі-небудзь ChatGPT будзе дапамагаць людзям атрымліваць працу ў тэхнагігантах: нейрасетка правільна адказала на некаторыя пытанні на пазіцыю распрацоўшчыка ў Amazon, піша Insider. У рукі выданню патрапілі скрыншоты абмеркаванняў з карпаратыўных каналаў у Slack, якія адбываліся ў снежні.
Рашэнні чатбота былі не самымі эфектыўнымі і з праблемамі ў рэалізацыі, але вернымі, і нават паляпшалі код.
«Я быў шчыра ўражаны! Мне і страшна, і цікава паглядзець, як гэта паўплывае на тое, як мы праводзім сумоўі па праграмаванні», — напісаў інжынер па машынным навучанні ў дыялогу.
Акрамя гэтага, у Slack абмяркоўваліся розныя іншыя пытанні, якія тычацца ChatGPT. Напрыклад, адзін з супрацоўнікаў пытаўся, ці можна выкарыстоўваць чатбот у працы і якая ў цэлым афіцыйная пазіцыя Amazon з нагоды яго. Некаторыя супрацоўнікі кампаніі ўжо выкарыстоўваюць яго падказкі пры напісанні кода і пры стварэнні навучальных матэрыялаў па воблачным сэрвісе Amazon Web Services.
Паводле слоў аднаго з удзельнікаў размовы, Amazon стварыла невялікую працоўную групу для вывучэння ўплыву ChatGPT на свой бізнэс. Напрыклад, выявілася, што нейрасетка можа вельмі добра адказваць на пытанні — нават складаныя — кліентаў тэхпадтрымкі AWS.
Юрысты Amazon папярэдзілі супрацоўнікаў, каб яны не злівалі ChatGPT канфідэнцыйную інфармацыю, паколькі тая можа быць выкарыстаная для далейшага навучання чатбота, і кампаніі не трэба, каб яго адказы ўтрымлівалі закрытую інфармацыю або былі падобнымі да яе. Паводле слоў юрыста, такія адказы яму ўжо трапляліся.
Читать на dev.by