Што можна і чаго няможна: поўны гід па новым падатку на прафдаход
Сёе-тое так і засталося ў тумане, але ён паступова рассейваецца.
Калі спрошчаная праца сышла ў нябыт і для айцішнікаў-ІП, здавалася, усё прапала, падаткавікі ўвялі падатак на прафесійны даход (ППД) і прыдумалі артыкул 7, які дазваляе ППД самазанятым, што аказваюць паслугі праз інтэрнэт. Пытанняў тады стала яшчэ больш, а адказы мы збіралі па драбінках. Нарэшце вырашылі аб’яднаць усё, што на сёння зразумела або здаецца зразумелым.
Што і так усім вядома
ППД — падатак на прафесійны даход. Даход можна атрымліваць ад фізічных асоб альбо юрыдычных асоб у РБ або за мяжой. Асноўная стаўка — 10%. Пры гадавым даходзе ад заказаў у РБ вышэй за 60 тыс. BYN стаўка — 20% на суму перавышэння. Для даходаў з-за мяжы лімітаў няма — падатак заўсёды 10%.
Працаваць на ППД можна ад 1 студзеня 2023 года, усталяваўшы на тэлефон дадатак «Прафдаход» і прывязаўшы да яго рахунак/банкаўскую карту. Пры паступленні на рахунак грошай карыстальнік фармуе «чэк» і адпраўляе яго заказчыку па імэйле. Калі паступіла валюта, для вылічэння падатку канвертацыя адбываецца паводле курса Нацбанка на дзень паступлення грошай. Падатак вылічаецца аўтаматычна, заплаціць трэба да 22-га чысла наступнага месяца. Новым карыстальнікам даюць падатковы вылік — 2000 BYN (то-бок першыя 2000 BYN, якія паступілі на рахунак, не абкладаюцца падаткам). Дамову з заказчыкам заключаць неабавязкова.
З невідавочнага (і невясёлага)
У чэку трэба пазначаць першапачатковую поўную суму, адпраўленую заказчыкам, нават калі банкі пры пераказе ўзялі камісію. Атрымліваецца, банкаўскія камісіі таксама абкладаюцца падаткам.
Здаецца, ІП няможна ў ППД. А што рабіць — закрываць ІП?
Нічога. Няможна весці адзін і той жа від дзейнасці адначасова і як ІП, і як самазаняты з выплатай ППД. А вось перайсці з ІП на ППД — можна, не закрываючы і не прыпыняючы ІП (калі, вядома, гэты від дзейнасці пасуе пад ППД). Галоўнае — каб грошы паступалі не на рахунак ІП, а на рахунак фізасобы, пазначаны ў праграме ППД.
Таксама можна па адным відзе дзейнасці весці ІП, а па іншым у той жа час працаваць з выплатай ППД.
Якім айцішнікам дакладна можна ў ППД
Тым, чыя дзейнасць згаданая ў п. 4.12 спісу Саўміна:
«распрацоўка вэб-сайтаў, усталяванне (наладжванне) камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, аднаўленне камп’ютараў пасля збою, рамонт, тэхнічнае абслугоўванне камп’ютараў і перыферыйнага абсталявання, навучанне працы на персанальным камп’ютары».
І тым, чыя дзейнасць падпадае пад арт. 7 Закона РБ ад 30 снежня 2022 г. No 230-З «Пра змяненне законаў у пытаннях падаткаабкладання». А менавіта фрылансерам, якія працуюць на заказчыка (не наймальніка) аддалена праз інтэрнэт.
Незразумела, хто гэта такія? Падаткавікі, здаецца, таксама не да канца разумеюць. Прынамсі, паняцця «фрылансер» у заканадаўстве яшчэ няма. Таму ўдакладняем метадам пералічэння.
Дакладна можна:
— распрацоўшчык;
— тэсціроўшчыкам.
Здаецца, менавіта іх перш за ўсё меў на ўвазе намеснік міністра Ігар Скрыннікаў, калі казаў: «Спадарства, у поўным аб’ёме дэкларуйце даходы — падатак вам палічыцца аўтаматычна, вам нічога больш рабіць не трэба — плаціце падатак».
Хутчэй за ўсё можна:
— бізнэс-аналітыкам;
— дызайнерам;
— тэхрайтарам;
— рэкруцёрам;
— эйчарам;
— акаўнт-менеджарам;
— відэамантажорам;
— вярстальшчыкам.
Падаткавікі дазваляюць ім працаваць з «выкананнем умоў»: дзейнасць ажыццяўляецца самастойна і аддалена, заказчык не з’яўляецца наймальнікам, усё праз інтэрнэт. Зрэшты, для айцішнікаў-тэхнароў умовы тыя ж самыя.
Каму дакладна няможна, нават у сферы ІТ і праз інтэрнэт:
— выкладчыкам ІТ-курсаў і замежных моў (гэта пра адукацыю, а не пра рэпетытарства, упэўненыя падаткавікі);
— юрыстам;
— бухгалтарам;
— аўдытарам;
— псіхолагам;
— коўчам;
— фітнэс-трэнерам;
— брокерам;
— майнерам.
МПЗ увесь час кажа, што заказчык не мусіць з’яўляцца наймальнікам. І пагражае наступствамі. А як адрозніць?
Доўгае супрацоўніцтва з адным заказчыкам у Беларусі падатковая сапраўды можа злічыць за падмену працоўных адносін. Асабліва калі чалавек звальняецца з кампаніі, а потым пачынае з ёй працаваць па ППД. Так рабіць дакладна не трэба. Зрэшты, кампанія і сама наўрад ці так захоча рабіць — усё ж адказнасць за парушэнне працоўнага заканадаўства (а ў ФСАН хто плаціць будзе?) перш за ўсё на ёй.
А вось калі ваш заказчык за мяжой, можна расслабіцца — нават калі супрацоўніцтва доўжыцца гадамі, наймальнікам ён дакладна лічыцца не можа. Тым больш што і ФСАН з яго не спагоніш.
Хіба плацельшчык ППД сам плаціць ФСАН?
Так, у падатак на прафесійны даход уключаныя ўнёскі ў ФСАН, юрыдычная асоба ў РБ ад выплаты ўнёскаў за свайго контрагента на ППД вызваляецца. Уласна таму падатковая і дбае: наймальнік выплачвае за работніка 34%, а заказчык — нічога. Якая доля ў 10-працэнтнай (або ў 20-працэнтнай пры пераходзе гадавога парога ў 60 тыс. BYN) стаўцы ППД адправіцца ў ФСАН, незразумела, але гэта ў разы менш за тое, што заплаціў бы наймальнік.
Каб працаваць на ППД, трэба жыць у Беларусі?
Неабавязкова. Падатковая не бачыць прычын, чаму вы не можаце плаціць ППД з-за мяжы. Плаціце. Праўда, ад падатковых забавязанняў перад той краінай, дзе вы жывяце, гэта хутчэй за ўсё вас не пазбавіць.
А праз фрыланс-біржу працаваць можна?
Можна. Проста выводзьце даход на рахунак у банку РБ, фармуйце чэк і фіксуйце абменны курс Нацбанка.
Распрацоўваць праграмы і самому прадаваць іх у AppStore/Google Play можна?
З выплатай ППД няможна. Гэтак жа, як няможна прадаваць уласны софт праз пляцоўкі-рэсэлеры тыпу FastSpring і PayPro.
Падаткавікі лічаць, што рэалізацыя ўласнага софту, у адрозненне ад яго стварэння на замову, пад заканадаўства пра ППД не падпадае.
А што-небудзь яшчэ можна ў сферы каля ІТ?
Прадаваць рэкламнае месца/час на сваіх сайтах, каналах, блогах і да т. п. (акрамя рэкламы ў СМІ).
Прычым калі ад продажу софту даход атрымліваць няможна, то распрацаваць гульню/праграму, заліць у стор і атрымліваць прыбытак ад размяшчэння там рэкламы можна.
Матывацыя падатковай:
«Фізічная асоба мае права прымяніць падатак на прафесійны даход у дачыненні да дзейнасці па даванні месца для рэкламы на сваіх сайтах, калі выкананне работ (аказанне паслуг) ажыццяўляецца на заказ іншых фізічных асоб, у тым ліку зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і (або) арганізацый па-за месцам знаходжання заказчыка (яго філіяла, іншага адасобленага структурнага падраздзялення), тэрыторыі або аб’екта, якія знаходзяцца пад кантролем заказчыка, з выкарыстаннем для выканання такіх работ (аказання такіх паслуг) і перадачы вынікаў выкананых работ (аказаных паслуг) сеткі Інтэрнэт».
Можна таксама:
— рабіць таргетынг (наладжваць рэкламу ў сацсетках, ствараць карцінкі, рэкламныя тэксты);
— абслугоўваць маркетплэйс.
Я працую праз грузінскае ІП (пад 1%), але жыву ў Беларусі. Ці можна легалізаваць гэты даход, заплаціўшы ППД? (Гэтае пытанне нам задалі разоў пяць)
Вельмі добрае пытанне. Наўрад ці падаткавікі прама скажуць: так, вядома, гэтая схема — акей. З іншага боку, здаецца, у іх няма прычын адмаўляцца ад 10% гэтых даходаў.
Цікава, што ў прыватных адказах падатковай нядаўна праслізнула такая фраза:
«Заканадаўствам прадугледжана атрыманне наяўных грашовых сродкаў, а таксама паступленне замежнай валюты на рахункі плацельшчыка ў банках, як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і па-за яе межамі».
Ці гэта намёк? Магчыма. Лепш удакладняйце яшчэ раз і пісьмова, калі вырашыцеся на такую авантуру.
Калі мне плацяць крыптой, ці магу я яе вывесці на рахунак у РБ (напрыклад, праз крыптабіржы-рэзідэнты ПВТ) і заплаціць ППД?
Падатковай такая ідэя не падабаецца. Аргумент: выкарыстанне крыптавалюты ў якасці сродку плацяжу ў Беларусі не прадугледжана. За падрабязнымі тлумачэннямі яна адпраўляе ў ПВТ.
А што рабіць, калі завёў праграму, а даходаў няма? Або калі пасля пары паступленняў усё скончылася?
Нічога. Падаткавікі запэўніваюць, што ніякіх дзеянняў здзяйсняць не трэба. Няма даходу — няма падатку. Калі здымецеся з рэгістрацыі, а потым зарэгіструецеся зноў, падатковы вылік у 2000 BYN не вернуць.
У мяне ўсё роўна засталіся пытанні. Куды звяртацца?
У падатковую. Можна адправіць электронны зварот. Або пашукаць падобны кейс у рубрыцы «Пытанне-адказ». Вельмі можа быць, што пасля адпраўкі звароту адказ на вашае пытанне спачатку з’явіцца ў рубрыцы, а потым прыйдзе асабіста.
Читать на dev.by