10 дыпломаў, пра якія шкадуюць айцішнікі (з іх 6 — у аднаго чалавека!)
Мы пісалі пра топ-10 спецыяльнасцей паводле версіі ZipRecruiter, пра якія выпускнікі шкадуюць больш за ўсё. Матэрыял выявіўся звышпапулярным — падобна, многія незадаволеныя атрыманымі дыпломамі.
Распыталі айцішнікаў, якія дыпломы яны паклалі на паліцу. Камусьці не спатрэбіўся дыплом інжынера тэхнічнай эксплуатацыі паветраных суднаў і рухавікоў, а хтосьці шкадуе, што вучыўся ў Акадэміі МУС.
Пішыце ў каментарах, ці спатрэбіўся вам дыплом і якой спецыяльнасці вы б аддалі перавагу замест таго.
«З верталётамі справы не меў, проста запаўняў дакументы»
пазіцыя: франтэнд-распрацоўшчык, сеньёр
а паводле дыплома: інжынер тэхнічнай эксплуатацыі паветраных суднаў і рухавікоў (МДВАК)
— Атрымаў дыплом інжынера тэхэксплуатацыі паветраных суднаў і рухавікоў у МДВАК (гэта сучасная Акадэмія авіяцыі). Цяпер бы альбо не вучыўся, а пачынаў працаваць, альбо абраў прафесію, звязаную з праграмаваннем.
Але ў цэлым я задаволены, што атрымаў вышэйшую адукацыю. Як мінімум набыў досвед зносін з людзьмі, а таксама пошуку інфармацыі і рашэння задач. Ну і пры ўладкаванні на працу або іншых сітуацыях, калі задаюць пытанне: «Якая ў вас адукацыя?» — магу адказаць: вышэйшая.
Паводле спецыяльнасці я прапрацаваў усяго 2 гады — на Аршанскім авіярамонтным заводзе ў Балбасаве. За першыя 6 месяцаў расчараваўся ў працы: я мог працаваць вельмі шмат, а мог зусім мала — і кіраўніцтву было ўсё адно. Апошнія паўгода адпрацоўкі я стаў вывучаць праграмаванне: прыносіў ноўтбук на працу, падключаў да манітора — і вучыўся. Працаваў вельмі мала, але ніхто гэтага нават не заўважыў. Сумна!
Ну і праца была не тая, якую хацелася б выконваць. Хоць пасада і называлася інжынер-тэхнолаг: з верталётамі я справы не меў, проста запаўняў дзень у дзень нейкія дакументы. А самае непрыемнае: я проста пісаў тое, што казалі напісаць, або падаваў інфармацыю з дакументацыі.
«На першым курсе зразумеў: не буду працаваць сацыёлагам»
пазiцыя: data scientist
а паводле дыплома: сацыёлаг (МДУ iм. Ламаносава), потым engineering manager (Wirtschaftsingenieurwesen)
— Скончыў сацыялагічны факультэт МДУ Ламаносава ў Маскве. Яшчэ на першым курсе зразумеў, што не буду працаваць сацыёлагам, але вучыцца застаўся — дзеля дыплома. Было шкада кідаць МДУ, а сіл яшчэ год рыхтавацца да новых уступаў ужо не было. Плюс не было матывацыі, бо не ведаў, чым хачу займацца. Думаў, скончу, а там будзе відаць.
Як скончыў, працаваў у Маскве ў рэкрутменце, пакуль не пераехаў у Берлін. Там атрымаў бакалаўра ў Wirtschaftsingenieurwesen (спецыяльнасць — engineering management). Падчас навучання зразумеў, што гэты напрамак нешта мяне не задавальняе, таму паралельна пачаў і скончыў бакалаўра ў матэматыцы — таксама ў Берліне.
Цяпер працую як data scientist і шкадую, што ад самага пачатку не зрабіў мікс з праграмавання і матэматыкі.
«Расчараваўся ў працы міліцыянтам»
пазіцыя: PM
а паводле дыплома: юрыст-прававед (Акадэмія МУС)
— Я з радасцю паклаў на паліцу свой дыплом юрыста-прававеда Акадэміі МУС.
Дзясятак гадоў, сярод якіх былі 5 гадоў вучобы, у выніку прывялі да таго, што я спачатку расчараваўся ў працы міліцыянтам (палачная сістэма, наплявацельскае стаўленне і поўная адсутнасць прэстыжу), а потым у 2020 годзе кінуў працу і сышоў у ІТ. І лепей бы я зрабіў гэта на 10 гадоў раней. Сорамна за тое, што робяць апошнія некалькі гадоў многія мае былыя калегі.
Што б я выбраў, калі вярнуць час назад? Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі, як мінімум, або банкаўскую справу — у нашай сферы шмат хто вывучаў гэтую спецыяльнасць.
«У мяне 6 дыпломаў —і ўсе на паліцы»
пазіцыя: Talent Delivery Specialist
а паводле дыплома: аператар-тэхнік-інжынер сувязі (каледж сувязі), выкладчык спецыяльных дысцыплін (БНТУ), магістр тэхнічных навук, а пазней — даследчык (БДУІР)
— У мяне 6 дыпломаў — і ўсе на паліцы:
- аператар сувязі;
- тэхнік сувязі;
- інжынер сувязі;
- дыплом аб перападрыхтоўцы на выкладчыка спецыяльных дысцыплін у БНТУ;
- далей дыплом магістра тэхнічных навук у БДУІР;
- і па заканчэнні аспірантуры выдалі дыплом даследчыка.
Першыя тры атрымала стэп бай стэп у каледжы сувязі (цяпер гэта Акадэмія сувязі). Астатнія — паралельна з працай і на дзённай форме ў БНТУ і БДУІР.
Як цяпер гэта дапамагае ў ІТ — ты не пазбягаеш цяжкасцей, умееш вучыцца, асвойваць новае і адразу ўжываць на практыцы. І ўжо навучаешся не ў доўгую, а на курсах, пры гэтым адразу адсейваючы «лірыку».
Калі б вярнуць час таму, то я б вучыла англійскую мову замест французскай, якую вывучала на працягу 5 гадоў пасля школы ў каледжы сувязі.
Читать на dev.by