Стэнфард: кожны дзясяты распрацоўшчык лайдачыць
Спецыялісты Стэнфардскага ўніверсітэта вывучылі даныя аб прадукцыйнасці больш як 50 тысяч інжынераў софту ў некалькіх сотнях кампаній і прыйшлі да высновы, што 9,5% з іх атрымліваюць грошы, не выконваючы ніякай істотнай працы — магчыма, яны нават паспяваюць працаваць у некалькіх месцах. Прадукцыйнасць такіх «інжынераў-прывідаў» больш як у 10 разоў ніжэйшая, чым у медыяннага спецыяліста, адзначае адзін з аўтараў даследавання Ягор Дзянісаў-Бланч.
Высновы былі зробленыя на аснове аналізу мадэллю зыходнага кода з закрытых рэпазіторыяў Git і ацэнкі кожнага каміта па шэрагу параметраў.
Сярод аддаленых працаўнікоў доля «прывідаў» складае 14% — вышэй, чым сярод іх калег на гібрыдным графіку або на офісных пазіцыях (9% і 6% адпаведна).
У сярэднім інжынеры, якія працуюць з офіса, больш прадукцыйныя. Аднак інжынеры з прадукцыйнасцю ў 5 разоў вышэйшай за сярэднюю часцей сустракаюцца сярод аддаленых працаўнікоў.
Даследчыкі прызнаюць, што падлік камітаў — не самы карэктны спосаб ацэнкі прадукцыйнасці, але гэта дазваляе выявіць прастоі. Так, прыкладна 58% інжынераў-прывідаў робяць менш за 3 каміты на месяц. Астатнія 42% ўносяць нязначныя змены, напрыклад, рэдагуюць толькі адзін радок або сімвал, каб стварыць бачнасць працы.
Калі дапусціць, што ў кожным тэхнагіганце з табліцы ніжэй 9,5% інжынераў робяць прыкладна нічога, то, звольніўшы абібокаў, яны маглі б эканоміць ад некалькіх сотняў мільёнаў да мільярдаў долараў на год.
Калі кожная з гэтых кампаній дадасць зэканомленыя грошы да свайго чыстага прыбытку, то іх рынкавая капіталізацыя павялічыцца на $465 млрд — прычым звальненні абыдуцца без шкоды для прадукцыйнасці.
Калі экстрапаляваць высновы даследавання на ўвесь свет і кансерватыўна выказаць здагадку, што нічога не робяць 6,5% інжынераў софтк замест 9,5%, то кампаніі губляюць на заробках для такіх супрацоўнікаў $90 млрд. Яны не толькі марнуюць рэсурсы сваіх кампаній, але і становяцца цяжарам для сваіх каманд, займаюць працоўныя месцы, якія маглі б дастацца больш добрасумленным работнікам і тармозяць развіццё чалавецтва, адзначаюць даследнікі.
Читать на dev.by