Акцыі расійскіх ІТ-кампаній за паўгода абрынуліся на траціну
Акцыі ІТ-кампаній на Маскоўскай біржы за паўгода ў сярэднім страцілі траціну кошту, паведамляе CNews.
Сярод кампаній, чые акцыі патаннелі, прысутнічаюць распрацоўшчыкі софту «Група Астра» (-30%), «Дыясофт» (-36%), «Софтлайн» (-36%), вытворца мікраэлектронікі «Элемент» (-40%), ІБ-кампанія Positive Technologies (-37%) ды іншыя.
Выданне адзначае, што сітуацыя з каціроўкамі акцый ІТ-кампаній не выключная і тычыцца ўсяго рынку. «Настроі інвестараў на расійскім фондавым рынку ў цэлым песімістычныя. Тэхналагічны сектар у сыходным трэндзе разам з шырокім рынкам», — сумуюць эксперты ў суполцы прыватных інвестараў Smart-lab.ru.
Паводле іх слоў, рынкам кіруе рыторыка Цэнтрабанка, усе чакаюць сігналу пра пачатак цыклу зніжэння ставак. Менавіта гэта мае стаць магутным драйверам да вяртання аптымізму. Эксперты лічаць тэхналагічны сектар і банкаўскі першымі кандыдатамі на рост пры паляпшэнні агульнай кан’юнктуры.
Аналітыкі «Дыясофта» звязваюць агульнае падзенне па рынку з «агульным эканамічным станам у краіне»: «Цяпер рынак акцый у цэлым выглядае непрывабным. Прывабныя асобныя кампаніі з перспектывай істотнага росту ў гарызонце аднаго-трох гадоў». Паводле іх слоў, разам з аднаўленнем росту эканомікі адбудзецца і рост на рынку акцый.
Спецыялісты камунікацыйнага агенцтва iTrend адзначаюць, што рынак «падаў шырокім фронтам» ад пачатку 2024 года, днямі індэкс дасягнуў мінімумаў ад сакавіка 2023 года. Высокія працэнтныя стаўкі робяць дэпазіты прывабнейшымі і забіраюць грошы з біржы, а самім кампаніям усё складаней дэманстраваць рост выручкі, бо выдаткі на персанал растуць хутчэй, тлумачаць тут.
Сярод прычын падзення каціровак расійскіх ІТ-кампаній суразмоўцы CNews таксама згадваюць выхад нерэзідэнтаў з акцый, якія змаглі знайсці шчыліны ў заканадаўстве, і асцярогі інвестараў адносна перспектыў росту бізнэсу налета на фоне рэкордных працэнтных ставак. Пастражэнне грашова-крэдытнай палітыкі прымушае інвестараў шукаць стабільнейшыя і надзейнейшыя інструменты ўкладання сродкаў.
Нягледзячы на падзенне каціровак, выручка расійскіх ІТ-кампаній расце за кошт санкцый і вектара ўладаў на імпартанезалежнасць. Напрыклад, у 2023 годзе выручка ГК «Элемент» вырасла на 46% дзякуючы істотнаму росту попыту на расійскую электронную кампанентную базу. Выручка «Групы Астра» па выніках 2023-га вырасла на 77%, а Positive Technologies — на 61%.
Читать на dev.by