На Perplexity падалі ў суд у ЗША, хочуць адабраць назву
АІ-стартап Perplexity з беларускім кафаўндарам атрымаў пазоў за незаконнае выкарыстанне чужога таварнага знака, паведамляе TechCrunch.
Пазоў у Федэральны суд Паўночнай Караліны ў мінулы чацвер падала кампанія Perplexity Solved Solutions. Яна абвінавачвае АІ-стартап у тым, што ён парушае яе правы выкарыстаннем слова «Perplexity» ў назве.
Perplexity Solved Solutions была створаная ў 2017 годзе і зарэгістраваная ў Тэхасе. Яна займаецца продажам софту для кіравання персаналам і сумеснай працы. Заяўку на рэгістрацыю брэнда «Perplexity» ў ведамства па патэнтах і таварных знаках ЗША (USPTO) яна падала ў 2021 годзе. Яна была ўхваленая ў лістападзе 2022 года, пасля чаго кампанія пачала прасоўваць праграмныя прадукты пад гэтым брэндам на сайце perplexityonline.com, зарэгістраваным у 2021 годзе.
Пазоўнікі сцвярджаюць, што стартап парушае яе гандлёвую марку прыкладна ад жніўня 2022 года, калі стаў прасоўваць свой пошукавы АІ-рухавік. За месяц да гэтага, у ліпені, стартап зарэгістраваў дамен perplexity.ai, што кампанія таксама лічыць незаконным. Матывуецца гэта тым, што прадукты абодвух арыентаваныя на адну і тую ж аўдыторыю. Нібыта, напрыклад, карпаратыўная платформа Perplexity Spaces адказчыкаў перасякаецца з сэрвісам для відэазванкоў Perplexity Meet ад Perplexity Solved Solutions.
Perplexity Spaces была запушчаная ў мінулым кастрычніку. Яна дазваляе збіраць усе патрэбныя файлы і праекты ў адной працоўнай прасторы з кастамізаваным АІ-асістэнтам.
Тэхаская кампанія сцвярджае, што стартап стварае блытаніну на рынку, прычым гаворка не проста пра назву, але і пра прасоўванне ў сацсетках — карыстальнікі ў пастах часам тэгаюць не таго, каго трэба. Яна адзначае, што стартапу прапаноўвалі выкупіць гандлёвую марку «Perplexity» ў верасні 2023 года, але той адмовіўся і падаў у USPTO сваю заяўку, якая яшчэ ў працэсе разгляду. На ліст з патрабаваннем спыніць выкарыстоўваць азначанае слова стартап не адрэагаваў.
Кампанія хоча, каб стартап спыніў выкарыстанне ейнай гандлёвай маркі, уключаючы назву «Perplexity AI», выплаціў кампенсацыю і перадаў ёй правы на ўсе даменныя імёны са словам «Perplexity».
Акрамя яе са стартапам судзяцца Dow Jones і New York Post за неправамернае выкарыстанне іх кантэнту. Прэтэнзіі наконт кантэнту да яго маюць і іншыя выданні, уключаючы New York Times.
Читать на dev.by