«70% дактароў будуць не патрэбныя праз 5–10 гадоў». Новы праект Мельнічка — AI-доктар
Медыцынскі стартап Doctorina выйшаў са stealth mode у стадыю запуску прадукту. Фаўндары — Юрый Мельнічак, Дар’я Царык, Аляксандр Сялецкі і Ганна Платніцкая.
Дар’я распавяла devby.io, чаму AI ставіць дыягназы лепш за «біялагічных дактароў», і як такія стартапы адчуваюць сябе у «чырвоным акіяне».
Уклалі 250 тысяч еўра, на бліжэйшыя паўтара года патрэбна 2 мільёны
— На якой стадыі цяпер праект?
— Шэсць месяцаў мы працавалі над тэхналогіяй, сёння ў нас запушчаная вэб-версія Doctorina, версію для Android таксама можна спампаваць, а аплікацыя для Apple цяпер знаходзіцца ў публічным тэставанні.
Нягледзячы на поўную адсутнасць рэкламы, у нас ужо больш за дзве тысячы карыстальнікаў, а нядаўна мы запусціліся на Product Hunt — гэта дало яшчэ больш за 400 карыстальнікаў. Нам было важна праверыць, ці зможам мы апрацоўваць нагрузку ў рэжыме рэальнага часу, калі сэрвісам адначасова скарыстаюцца некалькі соцень карыстальнікаў.
— Колькі грошай ужо ўкладзена?
— На стадыі pre-seed на распрацоўку тэхналогіі мы выдаткавалі 250 тысяч еўра. З рэлізам на Product Hunt мы пераходзім да seed-раўнду і пачынаем рэйзіць: нам патрэбна 2 мільёны еўра на бліжэйшыя 18 месяцаў працы. Раўнд яшчэ не закрыты, мы цяпер у працэсе камунікацыі з інвестарамі, якія цікавяцца праектам.
— Ці вялікая каманда працуе над праектам?
— Я, наш медыцынскі дырэктар Ганна Платніцкая, CEO Аляксандр Сялецкі, фаўндар і інвестар Юрый Мельнічак, CTO Павел Саталкін, медыка-рэсёрч Станіслаў Салавей, тры бэкэнд-інжынеры, фронт-інжынер і дызайнер. І цяпер мы актыўна шукаем маркетолага.
— Як працуе Doctorina
— Трэба зарэгістравацца, а потым апісаць сваю праблему, звязаную са здароўем, і атрымаць кансультацыю віртуальнага доктара. Па ўзаемадзеянні сэрвіс цалкам нагадвае чалавека: як на прыёме ў доктара, трэба распавядаць пра сімптомы і адказваць на ўдакладняючыя пытанні. У выніку карыстальнік атрымлівае рэкамендацыю ад Doctorina.
Цяпер таксама працуем над магчымасцю загружаць у сэрвіс фота, звязаныя з хваробай.
— Чым гэта адрозніваецца ад ChatGPT?
— Калі ў ChatGPT загрузіць гісторыю хваробы з усімі сімптомамі і анамнезам, ён дасць меркаваны верагодны дыягназ, і зробіць гэта лепш за біялагічнага доктара.
Але гэта вельмі рэдкі выпадак, калі чалавек добра разумее, што адбываецца з яго целам. У класічным сцэнары пацыенты звяртаюцца з некалькімі сімптомамі, і доктар (жывы ці віртуальны) павінен самастойна сабраць астатнюю інфармацыю, каб вызначыць, што адбываецца і як гэта лячыць.
ChatGPT не ўмее весці дыялог, ён не збірае анамнез. Ён нікіолі не стане медыцынскім сэрвісам, не будзе аказваць медыцынскія паслугі, выпісваць рэцэпты і прызначаць лячэнне.
Таму ChatGPT, як і іншыя LLM, трэба разглядаць як інструменты, якія мы сярод іншага выкарыстоўваем у Doctorina. Каб нейрасетка дакладна дыягнаставала, яе трэба стабілізаваць рознымі агентамі, памяншаць колькасць галюцынацый, навучыць збіраць анамнез — гэтым мы і займаемся ў сваім праекце.
— Якая медыцынская экспертыза вам патрэбна, каб ствараць тэхналогію Doctorina?
— Сёння ў свеце ўжо існуе дастаткова ведаў, каб з’явілася Doctorina.
І для дыягностыкі медыцынская экспертыза ўвогуле не з’яўляецца ключавой. Галоўнае — гэта цікавае інжынернае рашэнне.
Мы перадусім ствараем інжынерныя рашэнні. Медыцынская экспертыза выкарыстоўваецца намі на этапе ўнутранага тэставання, каб стабілізаваць і адкалібраваць сістэму, але не для вызначэння яе межаў, не для аналізу або логікі, бо людзі памыляюцца. І мы, як і шмат іншых праектаў і каманд, не хочам пераносіць у сістэму доктарскія «памылкі тых, хто выжыў».
— Якія дадзеныя патрэбныя стартапу для навучання і дзе вы іх бераце?
— Мы не навучаем, мы выкарыстоўваем OpenAI, а на тэстах таксама Grok. Там ёсць уся чалавечая база ведаў, лепшай не знойдзеш.
Далей плануем навучанне ўжо на даных нашых карыстальнікаў, каб даваць ім персаналізаваныя пашыраныя прагнозы па іх здароўі і жыцці.
Праз 10 гадоў у кожнага будзе свой ШІ-доктар
— Ці можа нейрасетка лячыць лепш за жывога доктара?
— Менавіта такая наша мэта — быць лепшымі за біялагічнага доктара, і з гэтым мы ўжо спраўляемся. Мы хочам выправіць недасканаласць існуючай медыцынскай сістэмы і камунікацыі паміж доктарам і пацыентам.
Як адбываецца цяпер: пацыент прыходзіць на агляд да доктара, апісвае ўсё, што з ім адбываецца, доктар нешта мяркуе і выпісвае накіраванне на аналізы.
Але ў свеце страхавой медыцыны ўсё завязана на грошы, і таму доктар не можа адразу накіраваць пацыента на ўсе аналізы і абследаванні, ён прызначае нешта адно. Пацыент гэта робіць, дыягназ не пацвярджаецца, і ён зноў запісваецца на кансультацыю. Так губляецца час, і часам гэта прыводзіць да смяротных вынікаў.
Па-другое, доктар дзейнічае, абапіраючыся на свой досвед і абмежаваныя даныя. Калі ён нешта не ўлічыў і яго здагадка аказалася памылковай, пачынаецца доўгі рух у няправільным напрамку, што таксама прыводзіць да страчанага часу, пагаршэння стану або смерці.
Я ведаю канкрэтныя прыклады, калі дзеці з міядзістрафіяй Дюшэна прыходзілі да педыятра з трывожнымі сімптомамі, але ім казалі, што гэта або норма, або давайце праверым нешта іншае. Бо педыятры яшчэ ва ўніверсітэце бачылі адзін абзац у падручніку пра гэта рэдкае генетычнае захворванне і нават не маглі ўявіць, што сутыкнуцца з ім на практыцы.
У многіх людзей са спінальнай мышачнай атрафіяй такія ж гісторыі: правільны дыягназ яны атрымлівалі тады, калі ўжо было позна нешта рабіць.
У адрозненне ад жывога доктара, ШІ-сэрвісы не дапускаюць катэгарычнасці, бо алгарытмы працуюць на аснове дыферэнцыяльнага аналізу і адначасова выдаюць досыць шырокі шэраг верагодных дыягназаў, вылучаючы сярод іх галоўны. І пацыент атрымлівае дарожную карту далейшых дзеянняў, каб выключыць ці пацвердзіць гэтыя дыягназы.
Напрыклад, на тэстах мы бачым, што Doctorina ва ўсіх выпадках паказвае, што трэба зрабіць дадатковы генетычны тэст, калі ў пацыента ёсць сімптомы, падобныя да міядзістрафіі Дюшэна. І далей ужо адказнасць пераходзіць да пацыента: гатовы ён здаваць аналізы, каб разабрацца са сваім здароўем, ці не.
— Ці павінен чалавек пераправяраць дыягназы, пастаўленыя ШІ?
— Мы не лічым, што біялагічны мозг можа з вышэйшай якасцю ацаніць вынікі працы сістэмы. Таму ў нас распрацаваная складаная сістэма ўнутранага тэставання, калі сістэма сама сябе правярае ў бясконцым цыкле, зыходзячы з роляў супервізара, пацыента і доктара.
ШІ можа памыліцца толькі ў выпадку, калі няправільна апісаная сімптаматыка. Але нават у такім выпадку ў дыферэнцыраваным шэрагу ўсё адно будзе прысутнічаць здагадка пра гэтае захворванне.
— Ці застанецца месца жывым дактарам у медыцыне?
— На ўсіх тэматычных канферэнцыях гавораць, што першасныя тэрапеўтычныя кансультацыі дакладна будуць замененыя ШІ. Максімум праз 10 гадоў у кожнага чалавека ў смартфоне будзе свой персанальны ШІ-доктар.
У іншых сферах медыцыны штучны інтэлект і робаты таксама спраўляюцца лепш і хутчэй, чым чалавек. Напрыклад, хірургічны робат Da Vinci робіць аперацыі лепш, чым любы доктар. У медыцынскіх цэнтрах Германіі вынікі КТ і МРТ ужо правяраюцца ШІ, і праграма значна дакладней робіць прагнозы. ШІ ў анкалогіі лепш за чалавека прадказвае развіццё метастазаў, што дазваляе прымаць рашэнні пра лячэнне значна раней. Нядаўна я была ў стаматолага, і па здымку раскладку для імплантаў робіць праграма са штучным інтэлектам, хаця яшчэ пяць гадоў таму гэтым займаўся доктар уручную.
Таму я думаю, што ў медыцыне праз 5–10 гадоў каля 70% дактароў стануць не патрэбныя. А тыя, хто застанецца, будуць займацца чымсьці цікавым, а не манатоннай ручной працай.
Ну, а ў бедных рэгіёнах дактароў і так не было, там і губляць няма чаго.
— Ці будуць людзі давяраць віртуальным дактарам?
— Маладое пакаленне не хоча хадзіць да дактароў афлайн. Яны спрабуюць вырашаць свае праблемы са здароўем самастойна, выкарыстоўваючы ChatGPT, Doctorina і іншыя сэрвісы.
Ёсць такія людзі і ў іншых пакаленнях: мая маці, якой 68 гадоў, карыстаецца Doctorina. Яна ненавідзіць хадзіць па дактарах, таму раней «лячылася» разам з «Доктарам Google». Дзе, дарэчы, можна знайсці спасылкі на вельмі дзіўныя рэкамендацыі па лячэнні.
Патрапіць да доктара складана нават у развітых краінах
— Ці павышае развіццё праектаў з віртуальнымі дактарамі даступнасць медыцыны? Ці, наадварот, гэта стварае няроўнасць у магчымасцях, бо карыстацца сэрвісамі змогуць толькі тыя, у каго ёсць смартфон і платная падпіска?
— Ёсць даследаванне, якое паказвае, што ў бедных рэгіёнах смартфонаў больш, чым прыбіральняў. І гэта сапраўды так: у Гватэмале і на Балі я не бачыла ніводнага чалавека без смартфона — нават самыя бедныя людзі мелі іх.
У М’янме, дзе цяпер вельмі дрэнная сітуацыя з медыцынай, дактары робяць УЗІ дыстанцыйна пры дапамозе спецыяльных праграм на смартфонах. У Лацінскай Амерыцы і Афрыцы з дапамогай тэлефона робяць ЭКГ. Ёсць аплікацыі ў сферы дэрматалогіі, якія, напрыклад, могуць праверыць скуру на наяўнасць меланомы. Таму медыцынскія сэрвісы — гэта дакладна пра павелічэнне даступнасці медыцыны.
Акрамя таго, у бедных рэгіёнах у людзей часта выбар такі: або нічога, або ШІ-доктар. Мы ўбачылі ў Гватэмале, што каля 50% смерцяў звязаныя з тым, што людзі своечасова не звярталіся да доктара, а лячылі сімптомы магіяй і лістамі падарожніка.
Хаця нават простая рэкамендацыя тэрмінова звярнуцца ў хуткую дапамогу або ў фельчарскі пункт значна зніжае ўзровень смяротнасці. Асабліва гэта крытычна для педыятрыі, бо ў гэтых рэгіёнах высокая дзіцячая смяротнасць па вельмі банальных прычынах.
— Ці патрэбныя такія віртуальныя дактары ў Заходняй Еўропе і іншых багатых рэгіёнах свету?
— Медыцына ў развітых краінах моцна перагружаная, бо вялікая колькасць насельніцтва — гэта сталыя людзі. Таму клінікі «пыласосяць» усе B2B-рашэнні, якія хоць неяк скарачаюць час камунікацыі доктара з пацыентамі, бо дактароў не хапае, а іх працоўны час каштуе вельмі дорага.
І людзям нават у багатых краінах даводзіцца карыстацца Google, ChatGPT і іншымі медыцынскімі ШІ-сэрвісамі, каб вырашыць свае нескладаныя тэрапеўтычныя пытанні.
Такім чынам, такія рашэнні патрэбныя ўсім, проста прычыны для іх выкарыстання могуць быць рознымі.
Рынку хопіць на ўсе стартапы
— Ці шмат канкурэнтаў у вашай сферы?
— З пункту гледжання B2B-прадуктаў гэта сапраўдны «чырвоны акіян».
Але ён быццам бы бездонны, бо нават на маю пошту прыйшло больш за дваццаць прапаноў ад клінік з запытам на аптымізацыю, а яшчэ некалькі мы прывезлі з вэб-саміту.
Аднак мы свядома не ідзем у B2B, бо гэта ўсё адно праца на ўмацаванне пазіцый дактароў, а нам хочацца стварыць прадукт для звычайных карыстальнікаў, якія не маюць медыцынскіх ведаў.
З заснавальнікамі падобных прадуктаў, што ўжо ёсць на рынку, мы амаль з ўсімі знаёмыя. І я не магу сказаць, што мы канкуруем, бо аўдыторыі хопіць на ўсіх — мы ўсе вельмі ўпэўнена адчуваем сябе на рынку, які насамрэч бязмежны: усяго на планеце больш за 8 мільярдаў людзей, і кожнаму з іх час ад часу патрэбна дапамога доктара.
А прыкладна 4 мільярды людзей цяпер, на жаль, не маюць доступу да медыцыны.
І я лічу, што мы ўсе, хто працуе ў медыцынскай B2C-тэматыцы, зацікаўлены ў з’яўленні як мага большай колькасці падобных прадуктаў. Бо гэта дазволіць мацней уплываць на рэгулятараў і хутчэй змяняць заканадаўства. На жаль, менавіта з-за пытанняў рэгулявання медыцынскія стартапы сёння ідуць у B2B — бо гэта бяспечна. А працаваць у B2C — наўпрост з карыстальнікамі — гэта ўжо рызыкі.
— Як на вас уплывае заканадаўчае рэгуляванне?
— З цяперашнім наборам функцый пакуль ніяк, бо мы займаемся інфармаваннем пра здароўе, а не, напрыклад, выпісваннем рэцэптаў.
Усе палохаюць рэгулятарамі, але калі сутыкаешся з гэтым — усё не так страшна. Але важна разумець, на якой ты пазіцыі: цяпер мы знаходзімся ў сегменце AI technology information, health tech and fitness, а не healthcare. У бліжэйшы час будзем атрымліваць патэнт на тэхналогію, а праз год-паўтара — ліцэнзію medical device. Для гэтага трэба будзе клінічна пацвердзіць дакладнасць нашай дыягностыкі, і гэта дасць нам права казаць, што мы дыягназ-tool, а не проста інфармацыйны сэрвіс.
Я ўжо бачу, што рэгулятары пачынаюць гаварыць пра дэмакратызацыю ў сферы medical devices, але тут усё моцна залежыць ад палітычных рашэнняў. Бо медыцына — гэта велізарныя грошы, і эканомікі краін могуць не вытрымаць хуткіх зменаў у гэтай сферы.
— У якіх напрамках медтэху цяпер больш за ўсё стартапаў?
— Мне здаецца, што цяпер шмат класных стартапаў у самых розных сферах. Як прадпрымальніца, я б дакладна не пайшла ў бізнэс на wearable дэвайсах для здароўя. Іх цяпер вельмі шмат, але большасць гіне, бо яны не змаглі «па жалезе» дацягнуць да клінічнай валіднасці.
Яшчэ да з’яўлення LLM вельмі папулярнымі былі сімптом-чэкеры, дзе трэба выбіраць са спісу, што ў цябе баліць і як ты сябе адчуваеш. Іх дагэтуль шмат, але якасць такой дыягностыкі вельмі нізкая. Дарэчы, менавіта з-за гэтага нам пастаянна даводзіцца тлумачыць, чым Doctorina адрозніваецца ад падобных праграм.
Стартап-тусоўка ў Берліне круцейшая, чым у Варшаве
— Паколькі вы жывяце ў Берліне, падзяліцеся ўражаннямі пра ўмовы для стартапаў у гэтым горадзе: што адбываецца ў мясцовым стартап-ком’юніці?
— Увогуле, Doctorina зарэгістраваная на Кіпры, у Гватэмале і ў Германіі, то бок у нас тры краіны.
Што тычыцца Германіі, то з пункту гледжання рэгулятараў умовы для стартапаў тут не вельмі добрыя. Але стартап-тусоўка выдатная: вельмі шмат магчымасцяў, хабаў, канферэнцый, сустрэч. Дакладна больш, чым у Польшчы, Літве ці Латвіі. Аднак мы амаль ні ў чым не ўдзельнічаем, бо адразу ідзем у манетызацыю: цягам месяца-двух ужо пачнем зарабляць самі.
— Як вы плануеце манетызавацца?
— Не магу пакуль гэта распавядаць, бо гэта наша моцная канкурэнтная перавага, і мне б не хацелася даваць ідэі аналагічным праектам на рынку.
Магу толькі сказаць, што ўвесь функцыянал будзе даступны бясплатна, бо ў нас вельмі моцная гуманістычная місія: мы не можам абмяжоўваць людзям доступ да асноўных функцый.
— Што яшчэ ў бліжэйшых планах?
— Закрыццё seed-раўнда інвестыцый, атрыманне ліцэнзіі medical device і шырокі выхад на рынак Лацінскай Амерыкі.
Проста зараз мы працуем над зваротнай сувяззю ад першых сапраўдных юзераў, аналізуем дынаміку і думаем, як паляпшаць ужо не тэхналогію, а сам прадукт.
Читать на dev.by