Долар у Беларусі таннее, і хутка. Што адбываецца

Ад пачатку студзеня ў Беларусі ўсталяваўся прыкметны курс на ўмацаванне нацвалюты да долара. Ці надоўга гэта? Спыталі эксперта.

34 каментарыяў

Трэнд на хуткае падаражанне долара ў Беларусі, які доўжыўся ад жніўня да канца лістапада мінулага года, не проста растраціў сілы, але і развярнуўся ў процілеглы бок. Ужо больш за месяц долар таннее, асабліва прыкметна гэта апошні тыдзень.

Так, ад 4 да 12 лютага USD патаннеў на 2,1%, ад 3,4310 да 3,3596 BYN. У параўнанні з вынікамі першых у 2025 годзе таргоў (3,4955) долар патаннеў ужо на 4%.

Нацбанк РБ

Спыталі ў старшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтра BEROC Змітра Крука, што адбываецца. 

Паводле слоў эксперта, цяперашняя сітуацыя — гэта пераважна вонкавая гісторыя, звязаная з дынамікай курса расійскага рубля.

Зміцер Крук:
— Ужо год з нечым сітуацыя на ўнутраным валютным рынку ўстойлівая і якасна аднастайная. У сегменце юрыдычных асоб (рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў) назіраецца валютны дэфіцыт, які паступова нарастае. Але ён з лішкам перакрываецца чыстым продажам валюты насельніцтвам.

Насельніцтва пазбаўляецца замежнай валюты — гэты працэс ішоў увесь 2024 год і захоўваецца ў 2025-м.

Суадносіны дэфіцыту валюты на рынку юрыдычных асоб і прафіцыту на рынку фізічных асоб нараджаюць парытэт, прапанова ад фізічных асоб нават троху пераважвае.

Чаму насельніцтва актыўна прадае валюту

Захоўванне валюты на банкаўскіх дэпазітах значная частка насельніцтва ў святле санкцый больш не ўспрымае як надзейнае.

Акрамя таго, гэта яшчэ і вельмі нізкадаходны інструмент, так як стаўкі па валютных дэпазітах наўмысна заніжаюцца. Таму за апошнія некалькі гадоў многія забралі валюту з банкаў і шукаюць шляхі яе задзейнічаць.

З наяўнай валютай нямала складанасцяў. Праз санкцыі скарыстацца ёю няпроста, а колькасць паездак у еўрапейскія краіны прыкметна знізілася. Таму шмат хто лічыць за лепшае прадаваць валюту, укладваючыся, напрыклад, у нерухомасць як інструмент зберажэння. А хтосьці і зусім вырашае пусціць валютную заначку на спажыванне, напрыклад, куплю тавараў працяглага карыстання.

Як кіруюць парытэтам

Якія задачы ў эканамічных уладаў для захавання балансу? Па-першае, падтрымліваць ручаёк чыстай прапановы валюты насельніцтвам, каб ён не вычарпаўся. Насельніцтва вастрэй за ўсё рэагуе на курс долара, таму важна пазбягаць рэзкіх ваганняў курса BYN да USD. Сур’ёзныя скачкі курса долара ў лістападзе — на пачатку студзеня былі не трагічнымі, але даволі непрыемнымі для Нацбанка падзеямі.

Па-другое, трэба абмяжоўваць рост дэфіцыту валюты ў сегменце юрыдычных асоб, што шмат у чым раўнасільна задачы аслабляць нарастанне дэфіцыту гандлю. Галоўны інструмент для гэтага — курс беларускага рубля да расійскага, бо ўвесь гандаль сфакусаваны на Расіі.

Кароткатэрміновая задача ў сувязі ў гэтым — пазбягаць умацавання BYN да RUB, а лепш абясцэньваць беларускі рубель да расійскага.

На гэтыя дзве задачы — з аднаго боку, пазбягаць моцнага абясцэнення беларускага рубля да долара, з другога — жаданне хоць крыху абясцэніць беларускі рубель да расійскага — моцна ўплываюць паводзіны расійскага рубля да асноўных сусветных валют, у прыватнасці, да долара.

Сур’ёзныя скачкі расійскага рубля да долара пры канцы лістапада — у снежні 2024 года былі непрыемныя для беларускіх уладаў, бо ўскладнялі пошук балансу паміж курсамі BYN да USD і RUB.

У той перыяд улады спрабавалі мінімізаваць адмоўныя наступствы: замест жаданага паслаблення BYN да RUB адбывалася яго ўмацаванне, бо Нацбанк не мог сабе дазволіць абясцэніць BYN да USD настолькі, наколькі абясцэньваўся RUB. Да долара беларускі рубель усё ж абясцэньваўся (і гэта было непрыемна, бо супярэчыла зыходнай задачы), але ўсё ж не так моцна, як RUB.

Такім чынам, з кароткатэрміновай стабілізацыяй унутранага валютнага рынку Нацбанк пакуль спраўляецца, балансуючы паміж курсамі беларускага рубля да расійскага і да долара. Але гэта не скасоўвае доўгатэрміновай пагрозы: што будуць рабіць эканамічныя ўлады, калі ручаёк чыстага продажу валюты насельніцтвам вычарпаецца? 

Чаму долар развярнула

Апошнія тры тыдні мы назіраем не столькі новы станоўчы шок (умацаванне BYN), колькі паслабленне старога адмоўнага шоку (скачкоў RUB у лістападзе — на пачатку студзеня). У гэтых умовах Нацбанк можа сабе дазволіць вярнуцца да камфортнага рэжыму, патроху ўмацоўваючы нацвалюту да долара і аслабляючы яе да расійскага рубля.

То-бок на ўнутраным рынку няма ніякіх новых фактараў, якія можна было б назваць станоўчымі — проста скончыліся скачкі расійскага рубля. У сувязі з гэтым ідзе вяртанне да кароткатэрміновай нормы. 

Пакуль RUB паводзіць сябе спрыяльна, можна вярнуцца да жаданага дыяпазону па абодвух інструментах — RUB і USD. Ад пачатку студзеня па каціроўках продажу паміж пікам і дном BYN абясцэніўся адносна RUB на 6-6,5% (па курсах Нацбанка падзенне на 3,8%), гэта дазваляе палепшыць пазіцыі экспарцёраў на расійскім рынку і, магчыма, нейтралізаваць трывогі ў сувязі з падаражэннем долара пры канцы 2024 года. Каб пагасіць жаданне насельніцтва купляць долары, але не адбіць жаданне іх прадаваць.

Нацбанк РБ

Ці надоўга гэта

Не вазьмуся прагназаваць тэрміны. Але з улікам назапашаных унутраных рызык (дэфіцыт гандлю расце, ручаёк продажу валюты насельніцтвам не бясконцы), а таксама вонкавых (расійскі рубель зноў можа пайсці ў скокі) — трэнд хутчэй за ўсё не надоўга. Хіба што расійскі рубель, які ўмацоўваецца да долара, можа пацягнуць за сабой і беларускі рубель, але імавернасць гэтага адносна невысокая.

Чым небяспечнае цяперашняе «добра»

Так, бягучая сітуацыя спрыяльная для эканамічных уладаў. Аднак жа ёсць і лыжка дзёгцю. Калі ў ліпені–снежні 2024 года беларускі рубель умацоўваўся да расійскага, гэта служыла перашкодай для распаўсюджвання паскоранай расійскай інфляцыі.

Цяпер гэты буфер губляе свае ахоўныя ўласцівасці, таму ў найбліжэйшыя месяцы можна чакаць сур’ёзнейшае ўздзеянне разагнаных расійскіх цэн на цэны ў Беларусі.

Улічваючы, што ў Беларусі і так склаўся інфляцыйны навес (рост цэн стрымліваецца пераважна 713-й пастановай урада аб рэгуляванні цэн), гэта важная рызыка.

Беларусь у топе эканомік Еўропы, якія растуць. Эканаміст: прычыны — у дутым расійскім попыце і дэфіцыце працаўнікоў
Па тэме
Беларусь у топе эканомік Еўропы, якія растуць. Эканаміст: прычыны — у дутым расійскім попыце і дэфіцыце працаўнікоў
Зарплаты в Беларуси бьют рекорды. Экономист объяснил причины — и они вовсе не радостные
По теме
Зарплаты в Беларуси бьют рекорды. Экономист объяснил причины — и они вовсе не радостные

Читать на dev.by