У расійскіх кампаніях пачалі скарачаць айцішнікаў, часам аддзеламі: «Грошай няма. Але ўсе гэта хаваюць»

У Расіі пра канцы года пачаліся актыўныя скарачэнні ІТ-спецыялістаў — як у тэхналагічных кампаніях, так і ў ІТ-падраздзяленнях кампаній у іншых сферах. Пра гэта гаворыцца ў профільнай рассылцы The Bell, паведамляе «Медуза».

25 каментарыяў

Самі кампаніі імкнуцца не раскрываць гэтай інфармацыі або ўвогуле адмаўляюць, што ў іх ідуць скарачэнні, расказалі The Bell спецыялісты па рэкрутынгу ў ІТ. Адзін з іх сказаў, што «ціхія скарачэнні» плаўна ішлі на працягу ўсяго 2024 года, але апошнімі месяцамі іх стала больш: «У паблік такое ніхто выносіць не гатовы. Кажуць: „Ну так, звольнілі, ну так, увесь аддзел, ну так, увесь праект, але гэта не скарачэнні, што вы“». Паводле яго слоў, скарачэнні сталі звыклымі: «Да нас прыходзяць цэлыя каманды».

Пра скарачэнні 11 снежня пісаў галіновы тэлеграм-канал «Нялічбавая эканоміка». Адная з ягоных крыніц сказала, што «вельмі дарагіх супрацоўнікаў» скарачаюць «ва ўмовах дарагіх грошай». Іншы суразмоўца канала адзначыў, што кампаніі імкнуцца ўвайсці ў 2025 год «з палегчанымі зарплатнымі ведамасцямі». 

Паводле даных The Bell, скарачэнні ідуць у VK і МТС, прычым абедзве кампаніі гэта адмаўляюць. Сярод іншых кампаній суразмоўцы выдання назвалі дэвелаперскую групу «Самалёт», але там паведамілі, што ў 2024 годзе ўтварылі ў сваёй структуры асобны кірунак «Самалёт тэхналогіі», каб не дубляваць функцый, а «штат распрацоўшчыкаў быў захаваны».

Выдаткі на распрацоўку таксама скарачае Сбербанк: ён вырашыў адмовіцца ад супрацоўніцтва з распрацоўшчыкамі ІТ-прадуктаў на аўтсорсе. Таксама скарачэнні ідуць у кампаніі «МойОфіс», якая вырабляе офісны софт на замену Microsoft Office. Скарачэнні праводзяцца і ў іншых кампаніях, паведаміў «Прафсаюз працаўнікоў IT».

Кампаніі пачалі скарачаць айцішнікаў праз фінансавыя цяжкасці, гаворыцца ў рассылцы The Bell. У «Самалёта» ўпалі продажы нерухомасці, у МТС рэзка скараціўся чысты прыбытак, у VK і кампаніі «МойОфіс» — вялікія чыстыя страты, у «Сберы» скараціўся чысты прыбытак і запаволілася спажывецкая актыўнасць кліентаў праз высокую ключавую стаўку.

The Bell назваў высокую ключавую стаўку галоўнай праблемай расійскага бізнэсу — яна расце ад лета 2023 года і цяпер складае 21%. Кампаніі адмаўляюцца ад дарагіх праектаў з невідавочнай акупнасцю, кажуць суразмоўцы The Bell: «У выніку „пад нож“ ідуць цэлыя каманды, а скарачаюць не толькі маркетолагаў, але і распрацоўшчыкаў».

Адзін з суразмоўцаў выдання на рынку сказаў, што распрацоўшчыкаў «перакуплялі задорага, а заробкі кампаній так моцна не раслі». Акрамя таго, паводле ягоных слоў, многія праекты «не стрэльнулі». Ён лічыць, што раней рынак быў перагрэты, а «цяпер ідзе аптымізацыя»: «Эканоміка ў дупе. Быццам бы айцішнікі ўсім вельмі патрэбныя былі, дэфіцыт кадраў, усе дзялы. Але грошай на развіццё ў рынку няма, маркетынгавыя інструменты склаліся. Хоць патрэбныя і маркетолагі, і айцішнікі, але грошай няма. Але ўсе гэта хаваюць — бо ў Расіі эканоміка не можа быць у дупе».

Российские программисты боятся перемен и не меняют работу, хотя зарплаты почти не растут
По теме
Российские программисты боятся перемен и не меняют работу, хотя зарплаты почти не растут
Forbes: VK уволит пару тысяч сотрудников, но от них всё скрывают
По теме
Forbes: VK уволит пару тысяч сотрудников, но от них всё скрывают
Заробкі будаўнікоў і рабочых у Расіі растуць хутчэй, чым у айцішнікаў
Па тэме
Заробкі будаўнікоў і рабочых у Расіі растуць хутчэй, чым у айцішнікаў
У расійскіх кампаній развальваецца ІТ-інфраструктура, але чыніць яе няма каму
Па тэме
У расійскіх кампаній развальваецца ІТ-інфраструктура, але чыніць яе няма каму
Российский софт оказался хуже иностранного, предприятия страдают
По теме
Российский софт оказался хуже иностранного, предприятия страдают

Читать на dev.by