У Беларусі затрымлівалі псіхатэрапеўтаў. Абмяркоўваем бяспеку на сеансах

Спыталіся ў чытачоў, ці карыстаюцца яны паслугамі псіхатэрапеўтаў і ці адчуваюць сябе ў бяспецы на сеансах на тле навін пра затрыманні такіх спецыялістаў.

У адказ наш бот літаральна завалілі паведамленнямі: хтосьці з’ехаў, і так — усё акей, хтосьці «адной крыві» са сваім тэрапеўтам, а хтосьці не абмяркоўвае палітыкі на сеансах.

14 каментарыяў
Змест

Паводле інфармацыі аўтараў канала беларускіх медыкаў, псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў забіралі на «гутаркі». Удзельнікі ініцыятывы мяркуюць, што гаворка можа ісці пра затрыманне не менш як 20 медыкаў. Паводле даных канала, падчас «гутарак» ад дактароў патрабуюць дакладваць пра «нядобранадзейных» пацыентаў, якія прыходзілі на прыём.

Варыянт 1: Выбіраюць псіхатэрапеўта паводле прынцыпу «мы адных поглядаў»

«Выбіраеш паводле прынцыпу даверу — інакш сэнсу ў сеансах мала»

— Мой псіхатэрапеўт вельмі дапамагае мне даць рады бягучай напрузе і праблемам, якія збіраліся гадамі. На прыёме я адчуваю сябе ў бяспецы, але праз навіны хвалююся: сумна, што людзей затрымліваюць, і зусім не важна, хто яны паводле прафесіі.

Ты выбіраеш спецыяліста паводле прынцыпу поўнага даверу — калі яго няма, то і сэнсу ў сеансах мала. Калі людзі страцяць давер да адных спецыялістаў, яны хутчэй будуць шукаць іншых, чым недагаворваць нейкія свае думкі. Сэнс тэрапіі — быць сумленным з сабой праз размову з доктарам, іншых опцый проста няма.

«Інфармацыя застанецца паміж мной і тэрапеўткай, — я ёй давяраю»

Карыстаюся паслугамі доктаркі-псіхатэрапеўткі: праца з ёй, безумоўна, вельмі дапамагае — якасць майго жыцця змянілася на лепшае. Падчас сеансаў і па-за імі я пачуваюся ў бяспецы, так як у нас выбудаваны давер. 

Мая псіхатэрапеўтка не была затрыманая, але я думаю, любая інфармацыя пра мяне застанецца толькі паміж мною і ёй, — я ёй давяраю.

«Мне важная пазіцыя псіхолага наконт вайны і падзей 2020 года»

Апошнія 4 месяцы хаджу да псіхолага, А ўчора якраз хадзіла на прыём да псіхатэрапеўта ў «ЛАДЭ». 

Праца з псіхолагам дапамагае мне даць рады трывозе, а таксама праблемам у адносінах, якія паўстаюць у сям'і і на працы. Гэта крута, што ўсё больш людзей у Беларусі не саромеюцца звяртацца да спецыялістаў. Не так даўно мая маці вымушаная была звярнуцца да псіхатэрапеўта — ёй прызначылі антыдэпрэсанты.

У кампаніі, дзе я працую, ёсць нават штатны псіхолаг — лічу, гэта найвышэйшы клопат пра супрацоўнікаў. 

Я заўсёды гляджу, да каго іду, — мне важная пазіцыя псіхолага наконт вайны ва Украіне і падзей 2020 года. Балазе большасць вядзе сацсеткі — так што нескладана зразумець, хто якіх поглядаў прытрымліваецца. 

«Дапамагае, што я сам цікавіўся псіхатэрапіяй і праходзіў курсы»

Хаджу да псіхатэрапеўта раз на тыдзень, калі няма асаблівых запытаў, мы разбіраем з ім складанасці, што паўсталі за гэтыя дні. Такая праца вельмі дапамагае мне.

Так, у мяне ёсць пачуццё бяспекі, і ёсць давер да спецыяліста. Дапамагае, што я сам 10 гадоў таму цікавіўся псіхатэрапіяй і праходзіў курсы — то-бок я разумею яго метады, размовы і адхіленні ад тэмы не здаюцца мне пустой балбатнёй, як некаторым, і ў выніку я прыходжу да нечаканых для сябе развязанняў сітуацый.

Варыянт 2: «Мы з’ехалі, тэрапеўты — не: трывожна»

«Пасля паведамленняў пра затрыманні тэрапеўтаў мне стала трывожна» 

— Ужо больш за год працую з псіхатэрапеўтам: спачатку ў кабінеце ў Мінску, а цяпер — анлайн з Вільні. Сеансы мне вельмі дапамагаюць, асабліва перад і пасля пераезду ў іншую краіну.

Размаўляючы са спецыялістам, я адчуваю сябе бяспечна, бо ў нас адразу склаліся даверныя адносіны. Дый медычная таямніца існуе. Але пасля паведамлення пра затрыманні псіхатэрапеўтаў мне стала трывожна — і за сябе, і за майго тэрапеўта. 

Не задумвалася пра гэта раней, але сапраўды такія спецыялісты могуць знаць падрабязнасці, якія не мусяць стаць вядомымі следчым. Калі б мне гэта раней прыйшло да галавы, верагодна, нейкіх рэчаў я б не расказвала або расказвала інакш.

«Гэта паўплывала б на тое, якія тэмы я ўздымаў у працэсе»

Нядаўна скончыў свае сесіі з псіхатэрапеўтам. Бясспрэчна, праца з ім мне дапамагла — мой стан палепшыўся. Першым часам я стараўся не падымаць вострых для Беларусі тэм, але праз пару сесій зразумеў, што майму доктару можна давяраць. 

Я сам знаходжуся за мяжой, таму не столькі асцерагаюся за сваю бяспеку, колькі за родных пераймаюся. Думаю, калі б цяпер паўстала пытанне, ці наведваць псіхатэрапеўта, навіны не паўплывалі б на маё рашэнне, — псіхалагічнае здароўе я стаўлю на першае месца. Але гэта паўплывала б на тое, якія тэмы я б падымаў у працэсе тэрапіі. 

«Стаўленне да псіхатэрапіі будзе як у СССР»

Мой дыягназ — «дэпрэсія», я ў тэрапіі ўжо некалькі гадоў: наведваю псіхолага, а ў выпадку неабходнасці — псіхатэрапеўта. Аснова псіхатэрапіі — давер: калі яго няма, выніку не будзе ні ад гутарак, ні ад медыкаментаў. Са сваімі дактарамі я пачуваюся бяспечна.

Я наведваю групу падтрымкі. Там мы ўжо абмеркавалі паміж сабой паведамленні аб затрыманнях дактароў-псіхатэрапеўтаў. 


У нашай групе толькі адзін чалавек лечыцца ў дзяржклініцы, астатнія — альбо ў прыватнікаў у Мінску, альбо іхнія дактары з’ехалі і ўсё праходзіць аддалена.

Абодва мае дактары вядуць прыватную практыку: то-бок у аніводнай дзяржустанове няма інфармацыі пра маю хваробу. Але яны ў Беларусі, а ніхто з тых, што знаходзяцца ў Беларусі, не можа быць у бяспецы — гэта ўсведамляю і я, і яны самі.

Думаю, для тых, хто не мае магчымасці наведваць псіхатэрапеўтаў платна, па-за беларускімі клінікамі, апошнія навіны будуць важкай падставай спыніць лячэнне або наогул не звяртацца. Будзе як у СССР. Я памятаю заняпад «саветаў». Памятаю, як сама ставілася да псіхатэрапіі яшчэ 8 гадоў таму, — менавіта таму не атрымала лячэння своечасова, і дэпрэсія стала хранічнай.

Варыянт 3: «Мы з’ехалі, тэрапеўты — таксама: бяспечна»

«Сябры патлумачылі, што трэба знайсці „свайго“ псіхатэрапеўта»

— Звяртаўся па дапамогу да беларускіх псіхатэрапеўтаў, але ж не дапамагло. Аднак сябры, якія таксама хадзілі — i болей за мяне, — патлумачылі, што трэба знайсці «свайго» псіхатэрапеўта.
На сеансах адчуваў i зараз адчуваю сябе бяспечна, аднак гэта таму, што я па-за межамі Беларусі — як і яны. Я ведаю пра затрыманні сярод псіхатэрапеўтаў у Беларусi i стаўлюся да гэтага безумоўна негатыўна: гэта нейкі каменны век.

Варыянт 4: «Палітыкі не абмяркоўваем»

«На сеансах размаўляю выключна наконт свайго стану»

— У мяне бываюць панічныя атакі, агарафобія, маю праблемы са сном, таму хаджу да псіхатэрапеўта — і мне дапамагаюць лекі, якія ён выпісвае.

На сеансах я размаўляю з доктарам выключна наконт свайго стану, ніякіх больш тэм мы не закранаем, таму я адчуваю сябе ў бяспецы. Пра затрыманні чытаў, але на мяне гэта ніякім чынам не ўплывае. Адзінае — шкада ў гэтай сітуацыі затрыманых і іх блізкіх.

«Заўсёды можна апісаць сітуацыю ў агульных рысах»

Я працаваў з рознымі псіхатэрапеўтамі ў Беларусі. Цяпер выехаў па-за межы краіны, але працягваю працаваць з псіхолагам аддалена. Ці дапамагае мне гэтая праца — так, вельмі. Я прайшоў праз клінічную дэпрэсію, цяпер адчуваю сябе нашмат лепш. Але давялося перабраць нямала спецыялістаў, большая частка, як мне здаецца, была абсалютна непрыдатная для гэтай працы.

На сеансах я пачуваюся бяспечна, з істотнымі парушэннямі канфідэнцыйнасці не сутыкаўся. Пра затрыманні сярод псіхатэрапеўтаў чытаў, але палітычных тэм мы ніколі не закраналі.

Я ніколі не расказваў чагосьці, што можа быць выкарыстана супраць мяне — напрыклад, не раскрываў ніякай фінансавай інфармацыі. 

Мне здаецца, псіхатэрапія — гэта ўсё ж больш пра эмоцыі, а не парады, таму заўсёды можна апісаць сітуацыю ў максімальна агульных рысах, і далей працаваць ужо з перажываннямі.

«З псіхолагам гутарым на іншыя тэмы. Хоць адных поглядаў»

Хаджу на кансультацыі да псіхолага ўжо другі месяц. Сеансы мне вельмі дапамагаюць, і падчас іх я адчуваю сябе бяспечна. 

Чуў пра затрыманні, але за сябе не пераймаюся — мы з маім псіхолагам гутарым на іншыя тэмы. Хоць я ведаю, што мы адных палітычных поглядаў: мімаходзь у гутарцы ён неяк пазначыў сваю пазіцыю. 

«Тэрапеўта можа замяніць сябар»

Ужо паўгода хаджу да псіхатэрапеўта, датуль на працягу такога ж тэрміну наведвала псіхолага. Скажу, што гэта вельмі дарагое задавальненне: у сярэднім сеанс каштуе ад 60 да 100 рублёў. Але каб тэрапія стала прыносіць карысць, ты мусіш зблізіцца са спецыялістам, расказаць пра сябе ўсё. На гэта трэба пара месяцаў (пры ўмове, што ты наведваеш спецыяліста колькі разоў на тыдзень) — і толькі потым ты пачынаеш працу над праблемамі. 

Я вырашыла сваю праблему праз паўгода. Спецыяліст настойваў на працягу тэрапіі і далей, але я адмовілася, спаслаўшыся на вонкавыя абставіны.

А наогул часта пра сябе жартавала, што мне неўзабаве спатрэбіцца другі тэрапеўт — каб абмяркоўваць з ім расцэнкі першага. 

І яшчэ я абсалютна ўпэўненая, што тэрапеўта можа замяніць блізкі сябар, які за келіхам віна можа выслухаць цябе і быць заўсёды на тваім баку. Але чалавек гэты мусіць быць безэмацыйным і не зацікаўленым у тым, каб зрабіць тваё жыццё лепшым або горшым. Бо ў тэрапіі галоўны прынцып, што спецыяліст не мусіць уплываць на твае рашэнні — ты мусіш сам прыходзіць да адказу і знаходзіць сваю дарогу. Тэрапеўт не можа даваць табе парады або ацэньваць твае дзеянні. Гэта, дарэчы, выдатны маркер прафесіянальнасці: калі тэрапеўт дае табе прамыя парады — гэта дрэнны спецыяліст.

А вось навіны пра затрыманні не паўплывалі б на мяне, бо палітыку на сеансах я ні з кім не абмяркоўвала.

Пра досвед з «дзяржаўным» псіхатэрапеўтам

Пяць хвілін на кліента

— Я хадзіў да псіхатэрапеўта ў дзяржпаліклініку каля двух месяцаў. Ад 24 лютага мінулага года ў мяне з’явіліся сімптомы, якія, я думаю, заўважалі ў сябе многія здаровыя людзі — ад трывожнасці і нават страху да думскролінгу і праблем з канцэнтрацыяй на працы. 

Магчыма, я мог бы «ператрываць» або звярнуцца да прыватнага псіхатэрапеўта па страхоўцы. Але на той момант я якраз сканчаў апошні курс універа, — і на гарызонце маячыла перспектыва пайсці аддаваць доўг радзіме. Тым больш, што паводле ўсіх паказчыкаў я быў прыдатны і здаровы — калі не лічыць псіхічнага здароўя.

Таму я вырашыў здацца ў рукі псіхатэрапеўта ў паліклініцы па месцы жыхарства: бо ў ваенкамаце ў выпадку чаго не ўзялі б пад увагу заключэнне ад платнага доктара.

Я патэлефанаваў на патрэбны нумар, жанчына на тым канцы сказала: «Праз два тыдні, а палове на другую. Пры сабе мець пашпарт і выпіску з карткі. І яшчэ… Ці служылі вы ў войску? Не? Ну тады прыпісное яшчэ».

Ісці было страшна: увесь ранейшы досвед паходаў у паліклініку быў у асноўным негатыўным — і я баяўся, што мне, хутчэй, яшчэ мацней надломяць псіхіку, чым падлечаць. Але ўсё выявілася інакш: доктарка была зычлівай і тактоўнай, мне ніхто не нахаміў, не накрычаў. 

У фільмах пацыенты доўга ляжаць на кушэтцы, а побач сядзіць доктар — уважліва натуе ў нататнік, а потым аналізуе іх дзіцячыя траўмы. Але ў мяне ўсё, вядома, было не так — звычайна доктарка распытвала мяне пра самаадчуванне і давала новы рэцэпт на таблеткі для радасці (магчыма, змяняючы дозу прэпаратаў у залежнасці ад маіх адказаў).

Неяк я прыйшоў зранку — а пад дзвярыма ўжо нейкая бабуля: «На які ў вас час?» У мяне быў запіс на 8:10. «Ну тады за вамі буду, у мяне 8:15». Уяўляеце — пяць хвілін выдзелена на чалавека. 

Дарэчы, здзівіла вялікая колькасць бабуль у чэргах. Датуль я лічыў, што старэйшае пакаленне думае так: «Да якога яшчэ псіхатэрапеўта?! Раней вунь у вёсках жылі і дэпрэсій не зналі! Лепш на лецішча паеду, бульбу пракапаю — і ўсю хандру як рукой здыме».

Па выніках двух месяцаў тэрапіі магу сказаць, што доктарка выдатна давала рады ў сілу сваіх магчымасцей, хоць і адчувалася моцная перагрузка і недахоп персаналу. Я давяраў доктарцы, і калі б мае перажыванні былі выкліканыя пратэсным мінулым, то тады я б яшчэ мог сказаць ёй пра гэта наўпрост. Цяпер, пасля навін пра тое, што іх просяць дакладваць пра нядобранадзейных пацыентаў, — наўрад ці. Хоць на маё рашэнне, ці ісці да доктара, ці не, гэта, пэўна, не паўплывала б. 

Некалькі чалавек напісалі нам, што яны хацелі б звярнуцца да псіхатэрапеўта, але так і не зрабілі гэтага. Спыталіся ў іх, у чым справа.

  • Грошай няма і страшна трапіць не да таго спецыяліста. Баюся, што хтосьці пачне «лячыць» мяне не ад таго — і так толькі створыць новыя праблемы і комплексы, а я нават не адразу зразумею гэта. А яшчэ я і да навін меркаваў, што са спецыялістамі з гэтай сферы маглі праводзіцца «тлумачальныя гутаркі». Але, магчыма, гэта паранойя…
  • Спыняе адсутнасць кампетэнцыі: як узяць і параўнаць спецыялістаў — як CCD на маркетплэйсе. На жаль, такога сэрвісу няма. Я баюся даверыцца некампетэнтнаму спецыялісту. З сябрамі такіх праблем няма — а тут проста не ведаеш: ці будзе псіхатэрапеўт талковым, ці не пойдзе праца з ім табе на шкоду.
  • Вось ужо некалькі месяцаў ёсць жаданне звярнуцца да псіхатэрапеўта. Я адчуваю, што не «вывожу»: пры з’яўленні любой новай таскі спачатку на пару хвілін кідае ў пот і пачынае нудзіць. Пры гэтым задача можа быць ізі, але ёсць адчуванне, што за мной назіраюць усе ліды свету і, паглядаючы кожныя 7 хвілін на гадзіннік, чакаюць, калі скончу. Была думка спытацца праз сторыз, хто меў станоўчы досвед псіхатэрапіі, і пацікавіцца, да якога спецыяліста звярталіся. Але страшна, што гэта ўбачаць калегі. А яшчэ я думаю пра тое, як складана раскрывацца перад чужым чалавекам, і ёсць надзея, што я змагу і сама разабрацца са сваёй праблемай. 

Вы дачыталі гэты матэрыял да канца. Калі вы тут апынуліся, значыць, хутчэй за ўсё, вас штосьці зачапіла. Выдаткуйце яшчэ 30 секунд, калі ласка.  

Беларускае ІТ нельга ўявіць без dev.by.

Мы ўжо амаль 15 гадоў робім важныя і сумленныя матэрыялы, дапамагаем кожнаму з вас дзяліцца прафесійным досведам і думкамі, робім беларускую версію. Мы радаваліся поспехам індустрыі разам, звярталі ўвагу на несправядлівасць, даем слова кожнаму.

Сёння рэдакцыя dev.by — каманда аддаленых беларусаў з 10 чалавек. Яшчэ ў нас ёсць менеджмент, бэкофіс і, вядома, тэхнічныя спецыялісты. У нас 600+ тысяч чытачоў штомесяц і дзясяткі тысяч у тэлеграм-каналах і сацыяльных сетках. Мы выпускаем 300+ навін і вялікіх тэкстаў, накшталт таго, што вы толькі што чыталі. Усе беларускія медыя цытуюць dev.by.

Ва ўсіх цёмныя часы. І мы ідзем праз ідэальны шторм разам з кам’юніці. Нашыя рэкламныя даходы, якія былі крыніцай фінансавання рэдакцыі, скараціліся ў некалькі разоў.

Пры гэтым мы ўпэўненыя, што тым больш важна працягваць заставацца месцам сустрэчы беларускай ІТ-супольнасці — усіх, хто застаецца і з’язджае.

Вы можаце нам дапамагчы. Пры канцы мінулага года мы запусцілі падпісную кампанію — пачалі збіраць данаты ад чытачоў. Мы хочам у 2023 сабраць 1000 чытачоў-падпісчыкаў. Цяпер іх 170.

Дапамагчы нам можна праз Patreon. Цяпер сярэдні чэк — каля 10$, але мы радыя любой суме. Штомесячныя плацяжы робяць нашыя планы больш прадказальнымі, але вы самі глядзіце, як вам зручна :) 

У Беларусі Patreon заблакаваны. Мы будзем дадаваць іншыя спосабы.

Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.

«Накинет на себя упряжку — и гонит рысью». Минский психотерапевт о том, как выгорают айтишники
По теме
«Накинет на себя упряжку — и гонит рысью». Минский психотерапевт о том, как выгорают айтишники

Читать на dev.by