Дураў запусціў Cocoon — уласную сетку Telegram для ШІ-вылічэнняў
Месэнджар абвясціў пра запуск Cocoon (Confidential Compute Open Network) — дэцэнтралізаванай сеткі для бяспечнай апрацоўкі запытаў штучнага інтэлекту.
Заснавальнік месэнджара Павел Дураў заявіў, што першыя ШІ-аперацыі карыстальнікаў ужо праходзяць праз новую інфраструктуру з «100-працэнтнай канфідэнцыйнасцю».
Паводле словаў Дурава, Cocoon дазваляе выконваць ШІ-вылічэнні без удзелу цэнтралізаваных пастаўшчыкоў накшталт Amazon або Microsoft, якія, на яго думку, робяць паслугі даражэй і менш прыватнымі.
У новай сетцы распрацоўшчыкі змогуць атрымліваць доступ да вылічальных рэсурсаў па больш нізкіх цэнах, у той час як уладальнікі графічных працэсараў будуць атрымліваць узнагароду ў Toncoin (TON). Частка ўнутраных запытаў Telegram — напрыклад, аўтаматычны пераклад паведамленняў — ужо апрацоўваецца праз Cocoon.
Дураў падкрэсліў, што праект пабудаваны на прынцыпах дэцэнтралізацыі і празрыстасці: даступна дакументацыя, адкрыты зыходны код, а маштабаванне сеткі будзе адбывацца за кошт падключэння новых GPU-пастаўшчыкоў і ШІ-распрацоўшчыкаў.
Ён таксама нагадаў, што ідэя Cocoon звязана з узрастаючымі асцярогамі наконт страты лічбавых свабод: на думку прадпрымальніка, дэцэнтралізаваныя тэхналогіі — адзіны спосаб вярнуць карыстальнікам кантроль над сваімі дадзенымі.
Лагатыпам Cocoon стаў «ШІчка» — так Дураў назваў сімвал праекта. На працягу бліжэйшых тыдняў каманда Telegram плануе пашыраць сетку і павялічваць аб’ём вылічэнняў, якія праходзяць праз новую платформу.
Читать на dev.by