Джэк Дорсі запусціў размеркаваную альтэрнатыву Twitter у App Store
У App Store з’явілася праграма сацсеткі Bluesky, якая працуе па запрашэннях. Гэта дэцэнтралізаванай праект, які зарадзіўся ўнутры Twitter і дызайнам вельмі нагадвае сацсетку.
Праект падтрымлівае сузаснавальнік і экс-гендырэктар Twitter Джэк Дорсі. Яго распрацоўшчыкі некалькі месяцаў займаюцца стварэннем праграмы на базе ўласнага оўпэнсорснага пратакола Authenticated Transfer Protocol. Яго апісваюць як «аб’яднаную сацыяльную сетку», у рамках якой у адным хабе функцыянуюць адасобленыя сеткі.
Структура сацсеткі дазваляе пераносіць даныя ўліковых запісаў унутры Bluesky і дае карыстальніку больш кантролю над тым кантэнтам, які ён бачыць.
Праграма Bluesky стала даступная ў фармаце закрытай бэты для распрацоўшчыкаў у кастрычніку, а цяпер з’явілася ў краме Apple. Карыстальнікі могуць спампаваць яе і запісацца ў ліст чакання, каб апрабаваць яе да рэлізу для шырокай публікі.
Праект аддзяліўся ад Twitter у самастойную кампанію летась па тым, як узніклі асцярогі за яго будучыню пасля ўгоды з Іланам Маскам. Джэк Дорсі ўваходзіць у раду дырэктараў Bluesky.
У праграме ёсць укладкі хатняй старонкі, пошуку і апавяшчэнняў, а таксама функцыя рэпосту. Інфармацыі пра рэліз на Android пакуль няма.
Читать на dev.by