CEO Amazon: вяртанне ў офіс — не скарачэнне пад прыкрыццём
Супрацоўнікі Amazon і вонкавыя назіральнікі ўпэўненыя, што жорсткім патрабаваннем вярнуцца ў офіс кампанія спрабуе пазбавіцца часткі штату, не праводзячы афіцыйных масавых звальненняў. Гендырэктар тэхнагіганта сцвярджае, што гэта не так.
На ўчорашнім усеагульным сходзе Эндзі Джэсі заявіў, што гэта вялікае «пераўтварэнне» для Amazon, якое ёй неабходна правесці. «Для нас гэта было не пра выдаткі. Гэта ў значнай ступені пра нашую карпаратыўную культуру і яе ўмацаванне», — сказаў ён, дадаўшы, што сумесная праца таксама важная для прадукцыйнага развіцця інавацый.
Ён выказаў надзею, што менеджарам не прыйдзецца сачыць за бэйджамі супрацоўнікаў і іншымі спробамі абысці яе RTO-палітыку. І дадаў, што ў выпадку хваробы або неабходнасці рамантаваць штосьці дома супрацоўнікам будзе можна працаваць аддалена.
Таксама ён адзначыў, што ненавідзіць бюракратыю. Менавіта таму кампанія вырашыла зладзіць чысткі сярод менеджараў і перавесці частку з іх на індывідуальныя праекты без падначаленых.
У верасні кампанія абвясціла, што ад наступнага года большасць карпаратыўных супрацоўнікаў павінны будуць хадзіць у офіс пяць дзён на тыдзень. Гэта выклікала бурны супраціў з іх боку і падазрэнні ў сапраўдных матывах Amazon. Хоць CEO воблачнага падраздзялення Amazon Web Services паспеў заявіць, што 9 з 10 супрацоўнікаў, з якімі ён меў зносіны, горача вітаюць навіну.
Нядаўнюю петыцыю з пратэстам падпісала больш за 500 чалавек. Да леташняй на гэтую ж тэму далучылася 30 тысяч чалавек, але іх не пачулі.
Читать на dev.by