Microsoft: пашукавікі і браўзеры вымруць найбліжэйшымі гадамі
Кіраўнік Microsoft AI Мустафа Сулейман лічыць, што ўжо праз некалькі гадоў пашукавікі і браўзеры будуць анікому не патрэбныя — іх выцесніць штучны інтэлект. Такім бачаннем будучыні ён падзяліўся ў інтэрв’ю The Verge. Зрэшты, з тым, што ўжо вельмі хутка карыстальнікі стануць дэлегаваць пошук чат-ботам і генератыўным АІ-агентам, а не клікаць па спасылках выдачы ўручную, згодныя ў Google і OpenAI.
Сулейман сцвярджае, што дзякуючы распаўсюджванню дыялогавых інтэрфейсаў на базе генератыўнага АІ традыцыйныя вэб-браўзеры могуць стаць непатрэбнымі. Аднак перш чым гэта здарыцца, тэхналогія мае пераадолець шэраг бар’ераў.
Працэс працы з сучаснымі пошукавымі рухавікамі ўяўляецца Сулейману занадта грувасткім — замест гэтага ён аддае перавагу выкарыстанню асістэнта Microsoft Copilot са смартфона. Паводле яго прагнозу, АІ-асістэнты заменяць звыклыя нам пашукавікі і браўзеры на працягу 3-5 гадоў. У перспектыве АІ-агенты змогуць узаемадзейнічаць з АІ-сістэмамі сайтаў, каб лепш выконваць карыстальніцкія запыты.
Таксама гендырэктар Microsoft AI адзначыў, што кампанія робіць вялікія поспехі ў працы па збавенні АІ ад галюцынацый — цяпер гэта галоўная праблема, якая падрывае надзейнасць генератыўнага АІ.
Агульны АІ, які зможа замяніць чалавека ў большасці задач, паводле прагнозу Сулеймана, з’явіцца на працягу 2-10 гадоў.
Читать на dev.by