Эйчар назвала 4 памылкі на сумоўі, якія вам не даруюць

Эйчар з 30-гадовым стажам Мелані Шонг Хелм узначальвае ўласную кансалтынгавую фірму HR Common Sense Solutions у Фларыдзе. Яна заўважыла, што саіскальнікі на пазіцыі любога ўзроўню — джуны, мідлы, сеньёры — робяць адны і тыя ж памылкі. І некаторыя могуць каштаваць вам працы.

3 каментарыя

У першую чаргу Шонг Хелм называе спазненні. Напрыклад, адзін кандыдат на сеньёрскую пасаду з’явіўся на першае інтэрв’ю да яе на некалькі хвілін пазней, а на другое на наступны дзень — з дырэктарам кампаніі — спазніўся на паўгадзіны. Офер ён не атрымаў.

Шонг Хелм не просіць і не выслухоўвае апраўданні. Усё проста: калі вы нават на сумоўе не можаце прыйсці своечасова, тое ж самае будзе і на працы.

Другое — казаць гадасці пра былых або цяперашніх калег. Проста не рабіце так: уменне наладжваць і падтрымліваць добрыя адносіны з калегамі складана пераацаніць. Напрыклад, на нядаўнім сумоўі саіскальнік распісваў, якая гультаяватая і некампетэнтная ў яго была каманда. Добрых слоў у яго не знайшлося ні для аднаго калегі. А ў кампаніі не знайшлося для яго офера.

Трэцяя памылка — занадта шмат казаць пра праблемы па частцы здароўя і неабходнасці клапаціцца пра сваякоў. Шонг Хелм звычайна не пытаецца пра такія рэчы, але саіскальнікі часам уплятаюць іх у адказы на пытанні па зусім іншых тэмах. Дарэчы, яна праводзіць для сваіх кампаній-кліентаў больш за тысячу сумоўяў у год.

Рэкрутар павінен ведаць толькі тое, ці падыходзіце вы на ролю. Таму сканцэнтруйцеся на тым, што робіць вас лепшай кандыдатурай, а асабістыя пытанні лепш адкласці.

Калі пазіцыя на 40 гадзін працы ў тыдзень, з якіх 20 гадзін на працягу дня вам трэба надаваць блізкім, не варта падавацца на вакансію. Як варыянт, можна палічыць, ці дазволіць зарплата наняць пабочнага чалавека для догляду. Калі гэта нешта нячастае — напрыклад, трэба адвесці дзіця да доктара раз на месяц, — то нават пасля атрымання офера пра гэта можна дамовіцца.

Чацвёртая памылка можа прагучаць дзіўна, але Шонг Хелм бачыць праблему ў тым, што многія кандыдаты не дзякуюць сваім інтэрв’юерам за выдаткаваны час. Па яе словах, гэта дэманструе добрыя манеры і можа дапамагчы вам вылучыцца.

Экспертка аднойчы працавала ў карпарацыі на 26 тысяч чалавек, і ў яе віцэ-прэзідэнта інжынернага напрамку была цэлая паліца для нататак з падзякамі ад людзей, якіх ён сумовіў. Казаў, што яго гэта вельмі ўражвае, таму хочацца захаваць. Якой бы ні была пазіцыя, на якую вы хочаце трапіць, такое паведамленне зойме ўсяго некалькі хвілін, адзначае Шонг Хелм.

Google вяртаецца да асабістых сумоўяў, і не толькі яна
Па тэме
Google вяртаецца да асабістых сумоўяў, і не толькі яна
ШІ зламаў ІТ-рэкрутынг. Але з’явілася нечаканае рашэнне
Па тэме
ШІ зламаў ІТ-рэкрутынг. Але з’явілася нечаканае рашэнне

Читать на dev.by