ЕС патрабуе ад Apple адкрыць iOS для прылад іншых кампаній
Еўрапейская камісія вылучыла шэраг патрабаванняў да Apple, каб забяспечыць сумяшчальнасць iOS з прыладамі іншых вытворцаў. Гэта выклікала занепакоенасць кампаніі з нагоды канфідэнцыйнасці і бяспекі карыстальнікаў.
ЕС настойвае на тым, каб Apple перапрацавала сваю аперацыйную сістэму iOS, зрабіўшы яе больш адкрытай для прылад іншых вытворцаў. Гэтыя патрабаванні з’яўляюцца часткай намаганняў ЕС па забеспячэнні выканання закона пра лічбавыя рынкі (DMA).
Еўракамісія мяркуе, што Apple мае даць распрацоўшчыкам больш інфармацыі пра тое, як запытваць доступ да функцый iPhone. У прыватнасці, гаворка ідзе пра такія функцыі, як падключэнне па Wi-Fi, перадача файлаў, патокавая перадача відэа і іншыя.
Брусэль патрабуе паляпшэння сумяшчальнасці з іншымі прыладамі, такімі як разумныя гадзіннікі, навушнікі і гарнітуры. Таксама Apple мае забяспечыць больш празрыстае ўзаемадзеянне з распрацоўшчыкамі, уключаючы даванне інфармацыі пра ўнутраныя функцыі. Акрамя таго, кампаніі неабходна павысіць празрыстасць працэсаў запыту доступу да функцый iOS і iPadOS для іншых распрацоўшчыкаў.
Apple выказала сур’ёзныя асцярогі з нагоды гэтых патрабаванняў, сцвярджаючы, што яны могуць парушыць канфідэнцыйнасць карыстальнікаў і падвергнуць іх рызыцы. Кампанія лічыць, што канкурэнты, такія як Meta, могуць выкарыстоўваць адкрыты доступ да прылад iOS для атрымання асабістых даных карыстальнікаў.
Meta ў сваю чаргу абвінавачвае Apple у антыканкурэнтных паводзінах, сцвярджаючы, што кампанія выкарыстоўвае аргументы пра канфідэнцыйнасць як падставу для абароны сваіх інтарэсаў. Прадстаўнік Meta заявіў, што «Apple не верыць у сумяшчальнасць, і кожны раз, калі кампанію абвінавачваюць у антыканкурэнтных паводзінах, яна спасылаецца на неабгрунтаваныя меркаванні канфідэнцыйнасці».
Еўрапейская камісія збірае меркаванні ад кампаній, зацікаўленых у сумяшчальнасці з Apple, да 9 студзеня 2025 года. У залежнасці ад атрыманых прапаноў рэкамендацыі могуць быць змененыя. Чакаецца, што канчатковыя юрыдычна абавязковыя меры будуць зацверджаныя да сакавіка 2025 года. Калі Apple не выканае патрабаванняў, ЕС можа пачаць афіцыйнае расследаванне і накласці на кампанію штраф у памеры да 10% ад гадавога сусветнага абароту.
Читать на dev.by