Яшчэ адзін: OpenAI пакінуў дарадца Альтмана
Адзін са «старажылаў» стартапа, даследчык і старшы дарадца OpenAI Майлз Брандэйдж заявіў пра сыход з кампаніі. Раней OpenAI пазбавілася адразу некалькіх топ-менеджараў.
У сваёй заяве Брандэйдж адзначыў, што нягледзячы на высокую ацэнку яго працы ў OpenAI, ён прыняў рашэнне сысці, каб мець больш магчымасцяў для незалежных даследаванняў і публікацый.
Брандэйдж працаваў у OpenAI ад 2018 года: дапамагаў з рознымі палітычнымі пытаннямі, а таксама з пытаннямі бяспекі. Таксама ён узначальваў даследчыя праекты па падрыхтоўцы да стварэння агульнага АІ (AGI), развіваў праграмы «чырвоных каманд», удзельнічаў у стварэнні справаздач «сістэмных карт» пра моцныя і слабыя бакі мадэляў OpenAI.
З сыходам Брандэйджа эканамічнае даследчае падраздзяленне OpenAI, якое раней падпарадкоўвалася камандзе AGI, цяпер будзе пад кіраваннем новага галоўнага эканаміста кампаніі Роні Чатэрджы — былога супрацоўніка адміністрацыі Байдэна і дарадцы Абамы. Астатнія задачы каманды AGI будуць пераразмеркаваныя паміж іншымі падраздзяленнямі кампаніі.
За апошнія месяцы OpenAI пакінула некалькі топ-менеджараў, уключаючы тэхнічную дырэктарку Міру Мураці, кіраўніка даследаванняў Боба МакГру і віцэ-прэзідэнта па даследаваннях Барэта Зофа. СМІ пісалі, што гэта стала вынікам рознагалоссяў адносна стратэгіі кампаніі. У жніўні адзін з заснавальнікаў, Джон Шульман, таксама абвясціў аб сваім сыходзе.
Читать на dev.by