«Сустракаліся ў парку Горкага, на «Панікоўцы». Настальгуем па FidoNet (а вы?)
Інтэрв’ю, ад якога ў некаторых чытачоў можа навярнуцца сляза настальгіі (або звесці «алдскулы»). Успамінаем пра Фіданэт часоў росквіту разам з Сяргеем — сістэмным адміністратарам з Мінска, які быў актыўным карыстальнікам сеткі FidoNet пры канцы 90-х — на пачатку 2000-х.
Ноды, эхаканферэнцыі і «пойнт не чалавек». Што такое FidoNet
Фіданэт (FidoNet) — гэта глабальная аматарская неананімная камп’ютарная сетка, якую стварыў праграміст, анархіст і змагар за правы меншасцяў Том Джэнінгс.
Пік папулярнасці Фідо здарыўся ў сярэдзіне 90-х гадоў (асабліва на тэрыторыі былога СССР). На некаторы час сетка стала для юзераў асноўнай платформай для зносін. Таксама мы абавязаныя Фіданэту шырокім распаўсюджваннем смайлікаў і зваротам адно да аднаго на «ты», што шмат у чым паўплывала на стандарты камунікацыі ў інтэрнэце (на жаль ці на шчасце).
— Фіданэт уяўляў сабой сетку вузлоў, якія называліся «нодамі», — тлумачыць наш суразмоўца — сісадмін Сяргей. — Да нодаў выстаўляліся пэўныя патрабаванні, асноўнае з якіх — неабходнасць захавання так званага ZMH, Zone Mail Hour. У пэўную гадзіну вузел абавязкова меўся адказваць па мадэме і прымаць прамой нэтмэйл (асабістую карэспандэнцыю). То-бок патрабавалася, каб на вузле ў прызначаны час быў уключаны камп’ютар з мадэмам, які б адказаў на званок іншага мадэма.
У нас гэтая гадзіна прыпадала ад дзвюх да трох ночы. Не ўсе маглі пакінуць камп’ютар працаваць праз усю ноч, так што гэта было даволі значным абмежаваннем.
Акрамя нодаў, у сетцы яшчэ былі пойнты — простыя карыстальнікі. Афіцыйна ў пойнта не было ніякіх правоў (як тады казалі, «пойнт не чалавек»). То-бок, вядома, яны пісалі паведамленні, але не былі ўдзельнікамі сеткі. Усю адказнасць за іх, у тым ліку і за іх парушэнні, нёс нод.
Пойнтаў магло быць вельмі шмат. Хтосьці набіраў іх сярод знаёмых; былі людзі, якія бралі ўсіх запар — па мінімальных патрабаваннях, галоўнае, каб быў наладжаны софт. Нярэдка пойнты мелі адрасы адразу ў некалькіх нодаў. У некаторых выпадках гэта дапамагала атрымліваць вялікі аб’ём пошты альбо аптымізаваць яе хаджэнне.
Пошта ўнутры сеткі дзялілася на два тыпы. Першая — нэтмэйл, асабістая карэспандэнцыя; і другая — эхамэйл, гэта якраз агульныя перапіскі, якія потым ператварыліся ў форумы.
Як праходзіла камунікацыя: пойнты адпраўлялі паведамленні ў розныя канферэнцыі свайму ноду, а той, адпаведна, перасылаў іх разам са сваёй поштай іншаму (або іншым). І ўсё гэта паступова разыходзілася па вялікай колькасці карыстальнікаў. Зразумела, што ў эхаканферэнцыях (сукупнасць паведамленняў пэўнай тэматыкі ў Фіданэце. — Заўв.) прыватнасць карэспандэнцыі нікога не цікавіла. Але нават у асабістай перапісцы любы з прамежкавых вузлоў мог распакаваць архіў, у якім знаходзіліся тэкставыя паведамленні, і прачытаць.
Фармальна прыватнасць і як бы закрытасць гэтай перапіскі вызначалася правіламі — што няможна атрымліваць доступ, чытаць і ўжо тым больш цытаваць (хоць калегі мне падказваюць, што ў некаторых правілах, здаецца, у маскоўскім рэгіёне, наадварот — было дазволена чытаць транзітную пошту, каб мець магчымасць выяўляць парушэнні правілаў сеткі). Ужо потым, пры канцы 90-х, з’явілася магчымасць шыфраваць перапіску праз PGP — Pretty Good Privacy.
Таксама правіламі Фіданэту забаранялася камерцыя ў відавочным выглядзе. Таму некаторыя эхаканферэнцыі, напрыклад, звязаныя з гандлем ужываным альбо новым камп’ютарным абсталяваннем, маглі дзейнічаць толькі ў якасці рэгіянальных.
Тэмы канферэнцый маглі быць любымі. Груба кажучы, можна было завесці новую «эху» (эхаканферэнцыю) на сваё жаданне, галоўнае, каб у ёй потым былі карыстальнікі, і яна трапіла на бэкбон (Бэкбон — гэта вузлы і эхаканферэнцыі, якія ўтвараюць «каркас» сеткі. — Заўв.). Там абмяркоўваўся мільён тэм, пачынаючы ад знаёмстваў і сустрэч і заканчваючы пытаннямі камп’ютарнага абсталявання, праграмавання, літаратуры (асабліва фантастыкі) і гэтак далей. Вельмі часта ствараліся як бы паралельныя канферэнцыі на адну і тую ж тэму. Напрыклад, хтосьці быў незадаволены асноўнай эхаканферэнцыяй, ствараў сваю і пачынаў прыцягваць туды прыхільнікаў.
Практычна ва ўсіх эхаканферэнцыях былі правілы. Іх захаванне забяспечвалі мадэратары, якія сачылі за парадкам і спынялі асабістыя перапіскі, калі там былі персанальныя нападкі. Увогуле, кантралявалі ўсё, што, на іх думку, выбівалася з правілаў.
Асноўным пакараннем за парушэнне (звычайна пасля некалькіх «плюсаў» — папярэджанняў, якія пазначаліся як [+]) быў перавод у рэжым «толькі для чытання», read only ([!]). Тэрмін — на меркаванне мадэратара. Прычым у рэжым read only пераводзіўся канкрэтны вузел. То-бок не маглі пісаць усе пойнты гэтага вузла.
У некаторых сур’ёзных выпадках, напрыклад, пры раскрыцці асабістых даных, даходзіла аж да механізму экскамунікацыя, то-бок выключэння вузла з сеткі ў прынцыпе. Такіх выпадкаў было няшмат, але яны былі.
Ну і ў Фідо існавала такое паняцце як «файл эхі». Гэта нешта накшталт механізму файлавых рассылак — ты мог падпісацца на нейкую тэму, і табе перыядычна прыходзілі прысвечаныя ёй файлы. Гэта маглі быць як фатаграфіі, так і архівы з праграмамі. Напрыклад, у адной з папулярных «файлэх» распаўсюджваліся фатаграфіі карыстальнікаў сеткі нашага рэгіёна, у прыватнасці, фатаграфіі з сустрэч.
«Айцішнікаў у асяроддзі фідошнікаў была большасць». Як наш суразмоўца трапіў у FidoNet?
— Я зарэгістраваўся ў FidoNet у 1996-м, калі вучыўся на першым ці другім курсе ў БДУІРы. Атрымаў ноду ў 2000-2001-м, калі ўжо быў канец Фідо. На той час я ўжо не быў актыўным удзельнікам. А потым у 2003-м з’ехаў з Беларусі працаваць у Расію, і для мяне Фідо скончылася.
Як даведаўся пра сетку? Праз аднаго з выкладчыкаў трапіў у лабараторыю ўніверсітэта, якая затым перарасла ў невялікую ІТ-кампанію. І мой калега па лабараторыі, студэнт старэйшых курсаў, пазнаёміў мяне з Фіданэтам.
У нас было некалькі працоўных камп’ютараў. Мы купілі да іх мадэм — каб была электронная пошта, тым больш што мы працавалі за мяжу, і патрэбная была камунікацыя з партнёрамі. І нейкі час гэты мадэм выкарыстоўваўся, груба кажучы, у асабістых мэтах. Хоць усюды лічыўся толькі я, але пад адным адрасам сеткай карысталіся некалькі чалавек.
У 90-х айцішнікаў у асяроддзі фідошнікаў была большасць — так было і ў нас, і ва Украіне, і ў Расіі, увогуле, па ўсім былым Савецкім Саюзе.
Дарэчы, у той час адной з прычын распаўсюджвання FTN-сетак (Фідо і не толькі) было тое, што канкрэтна ў Беларусі банкаўскі софт працаваў на тых жа тэхналогіях. То-бок міжбанкаўскі абмен ажыццяўляўся тымі ж праграмамі, на тых жа пратаколах, што і перадача пошты.
Так што пры канцы 90-х у Беларусі асноўнымі вузламі Фіданэту, якія перадаюць пошту, у тым ліку і па міжгорадзе, былі банкі. У іх былі камп’ютары з вялікай колькасцю мадэмаў (бывалі пулы і на 100-200 мадэмаў). Адміністратары, якія з’яўляліся сябрамі Фідо, заводзілі на іх фідошныя адрасы, і карыстальнікі Фіданэту маглі падключацца да іх у любы час паралельна з працоўнымі працэсамі.
«Некаторыя потым бралі шлюб». Як праходзілі сустрэчы
— Магу сказаць, што фідошнікі вельмі часта сустракаліся ў афлайне. Невялікія лакальныя сустрэчы, якія яшчэ называлі «пайнтоўкі», маглі здарацца мінімум раз на тыдзень, а то і часцей.
Адныя і тыя ж людзі ўдзельнічалі ў розных сустрэчах. Не было жорсткага падзелу па інтарэсах — проста агульная сустрэча ўдзельнікаў сеткі, дзе размаўлялі на розныя тэмы, пілі піва, ездзілі на нейкія канцэрты як у Беларусі, так і за мяжой. Часта збіраліся ў цёплы час года і з намётамі выязджалі куды-небудзь на прыроду.
У Мінску сустракаліся ў банальных для таго часу лакацыях — парк Горкага, «Панікоўка» (Аляксандраўскі сквер ля тэатра ім. Я. Купалы), плошча Свабоды, «Філа» (Філармонія) і гэтак далей. Груба кажучы, гэта быў пункт збору, пасля якога можна было пайсці яшчэ куды-небудзь. Ну і ў тым жа парку Горкага было не так проста трапіцца на вочы міліцэйскаму патрулю падчас распівання піва, без якога не абыходзіліся такія сустрэчы.
Вельмі часта людзі пры сустрэчы абменьваліся дыскамі, касетамі з музыкай і фільмамі. Нуй банальна размаўлялі. Некаторыя потым пачыналі сустракацца, будавалі адносіны, бралі шлюб. То-бок гэта быў звычайны зрэз грамадства.
Я пачаў удзельнічаць у такіх сустрэчах практычна адразу, літаральна на першым жа тыдні, як атрымаў адрас (для гэтага не трэба было кудысьці ісці, дастаткова наладзіць софт і атрымаць пароль ад свайго боса-нода).
Тады Фіданэт меў неафіцыйную назву «Сетка сяброў». Для мяне гэта рэальна быў асноўны круг зносін. Я знайшоў там сяброў ва ўсіх сферах, пачынаючы ад асабістага жыцця і заканчваючы прафесійнымі пытаннямі. І дагэтуль размаўляю са многімі фідошнікамі — толькі цяпер у чатах і сацсетках. Заставацца ў Фіданэце сёння асаблівага сэнсу не бачу — хіба толькі каб панастальгаваць.
У чым быў сакрэт папулярнасці Фідо, і чаму яго выцесніў інтэрнэт
— Так ці йнакш у сярэдзіны — пры канцы 90-х да Фідо мелі дачыненне наогул усе беларускія ІТ-кампаніі. З такіх відавочных прыкладаў можна ўспомніць кампанію «Высокія тэхналогіі», «Датастрым», «NTT», «ASBIS». Тады толькі пачалі зараджацца вядомыя сёння SaM Solutions, EPAM, IBA, ScienceSoft. З правайдараў у Фідо ўдзельнічалі — «Адкрыты кантакт», быў яшчэ такі NSYS (Network Systems)… Насамрэч спіс бясконцы, вельмі рэдка ў якой кампаніі не прысутнічалі фідошнікі.
Сярод карыстальнікаў былі дзейныя супрацоўнікі дзяржаўных устаноў (у тым ліку сілавых структур). Многія карыстальнікі Фідо пасля сталі топ-менеджарамі буйных беларускіх і міжнародных ІТ-кампаній, музыкамі, палітыкамі і да т. п.
— Як думаеце, чаму Фіданэт быў настолькі папулярны ў постсавецкіх краінах?
— Бо выбару не было. На маю думку, асноўнай прычынай тагачаснай папулярнасці Фідо была яго бясплатнасць. Калі я толькі пачынаў, тэлефоны аплачваліся толькі абаненцкай платай. Не было нават «пачасоўкі», якую ўвялі пазней.
Нуй, вядома, доступ да інфармацыі. Да Фідо даведацца нешта новае можна было з часопісаў накшталт «Радыё», «Тэхніка моладзі», «Мадэліст-канструктар», якія выпісваліся за грошы і прыходзілі раз на месяц. А тут, хоць з пэўнай затрымкай, можна было пагутарыць з людзьмі, якія цікавяцца або маюць досвед у патрэбнай тэме, у тым ліку і з тымі, хто пісаў у гэтыя часопісы.
Ну і хоць я быў не асоба актыўны на міжнароднай арэне, але ведаю людзей, якія выкарыстоўвалі Фідо ў якасці такога каўчсёрфінгу, каб знайсці месца для начлегу. Людзі падарожнічалі такім чынам па ўсім Савецкім Саюзе.
Некаторыя цэлымі суткамі перапісваліся па Фідо — як у чатах. І гэта пры тым, што адпраўка перапіскі была нерэгулярнай. Гэта трэба было напісаць, падрыхтаваць пакет, адправіць яго, ініцыяваўшы мадэмнае злучэнне. Але людзі нават у такім рэжыме прымудраліся будаваць адносіны, кожныя пяць хвілін адпраўлялі адно аднаму пошту.
А потым усё гэта паступова спынілася з распаўсюджваннем інтэрнэту — у першую чаргу праз яго прастату і выгоду. Бо для Фідо ўсё ж такі трэба было наладжваць софт, выкарыстоўваць тэлефон (хоць потым з’явілася магчымасць транспарту праз інтэрнэт). У выпадку з сайтамі і файлаабменнікамі усё было нашмат прасцей. Людзі проста сышлі з Фідо, каб займацца тыя ж самым, але ўжо ў інтэрнэце.
dev.by, як і іншым сумленным медыя, сёння вельмі складана: рэдакцыя працуе па-за межамі краіны, а нашыя рэкламныя даходы скараціліся ў некалькі разоў. Але мы даем рады — з вашай дапамогай. Гэта вы дзеліцеся з намі інфанагодамі, думкамі, досведам, часам, увагай і данатамі.
І яшчэ крыптой, тут кашалькі.
Дзякуй, што прачыталі гэтае паведамленне.
Читать на dev.by