«Праграміст з дыпломам не трушнейшы за самавука». Як беларус працуе ў англійскай Microsoft
Фёдар Сазанавец — праграміст-самавук, ён не мае дыплома па Computer Science. І тым не менш ён працуе ў Microsoft, жыве ў Вялікабрытаніі, піша кнігі і курсы па праграмаванні, а яшчэ курыруе навучанне ў буткэмпах у ЗША.
Ён лічыць, што распрацоўшчыку не патрэбны дыплом аб вышэйшай адукацыі — чым выклікае на сябе гнеў дыпламаваных праграмістаў. Пагутарылі з Фёдарам пра тое, як ён будаваў кар’еру ў ІТ.
«Мне здавалася, калі яны скончаць вучыцца, на рынку праграмістаў будзе больш, чым вакансій»
— Камп’ютары мне падабаліся ад дзяцінства — у асноўным праз гульні. У мяне быў клон Sinclair Zx Spectrum — з клавіятурай, якая падключалася да тэлевізара і да «касетніка».
У камп’ютары была ўбудаваная мова Basic, і я пісаў на ёй просценькія гулькі: памяці было каля 47 кБт, калі я правільна памятаю, — нічога асаблівага не напраграмуеш. І нават невялікая праграмка загружалася з касетнага магнітафона на камп’ютары хвілін пяць.
…У 2001 годзе мы з бацькамі пераехалі ў Вялікабрытанію — мне тады было 15 гадоў. Я скончыў адзін клас школы і два класы каледжа. Потым паступіў ва ўніверсітэт — у якасці спецыялізацыі абраў Environmental Biology, а пасля скончыў яшчэ і магістратуру па Environmental Іnformatics.
Хоць у назве курса і ёсць слова інфарматыка, маё навучанне з гэтым звязанае было ўскосна. Нас вучылі выкарыстоўваць розныя камп’ютарныя сістэмы для фізічнай геаграфіі і экалогіі — а не пісаць код.
Вы спытаеце, чаму я выбраў біялогію, а не праграмаванне. У маім асяроддзі амаль усе выбралі Computer Science і штосьці падобнае, і мне чамусьці здавалася, што калі яны скончаць вучыцца, на рынку будзе вельмі шмат праграмістаў — значна больш, чым вакансій. Вось такім я быў наіўным!
«Складскія рабочыя ў начную змену зараблялі больш»
Працу па спецыяльнасці па заканчэнні ўніверсітэта я знайшоў на працягу паўгода. Яна была звязаная з выкарыстаннем геаінфармацыйных сістэм для мадэлявання рызыкі паводак. У Вялікабрытаніі гэта балючая тэма — асабліва ў 2012 годзе, калі я толькі пачаў працаваць: тым годам у выніку паводак у розных рэгіёнах краіны былі затопленыя сотні вуліц і дамоў.
Праца мне падабалася. Але вельмі не падабаўся заробак — у той час сярэдні брытанскі заробак складаў блізу £25 тысяч на год, у мяне ж было £18,5. Неяк я даведаўся, што складскія рабочыя ў начную змену зарабляюць больш за мяне, — а ім не спатрэбілася сканчаць магістратуру.
…Як я пачаў праграмаваць — раскажу: мая кампанія была трохі звязаная з тэхналогіямі, і ў нас была каманда распрацоўшчыкаў. Так атрымалася, што я з імі пасябраваў — і пачаў патроху дапамагаць. У працэсе вучыўся. Адзін з калег стаў маім ментарам — ён падказваў мне, што трэба вывучыць, асвоіць.
Спачатку я рабіў простыя рэчы — багі фіксаваў, потым складанейшыя штукі стаў пісаць. А пазней мяне перавялі ў іншы офіс, дзе распрацоўшчыкаў не было. І я ўсё больш і больш займаўся менавіта праграмаваннем, пісаў на мове Visual Basic.NET.
Але заробку мне ніхто не падвышаў — хоць я і размаўляў з начальствам на гэтую тэму (пасля аплаты арэнды і камуналкі ў мяне заставалася на жыццё £170 да канца месяца — што наогул ні пра што). Таму аднойчы я проста напісаў у рэзюмэ, што ўмею кодзіць — і адправіў яго ў «свабоднае плаванне». Мне пачалі тэлефанаваць працадаўцы — і я сышоў. Заробак адразу ж атрымаў x2.
«Я вельмі хутка вывучыў C#, SQL»
Хоць мая новая кампанія была і невялікай, яна не толькі вырабляла свой софт і прадавала яго, але таксама аказвала паслугі па яго мадыфікацыі пад канкрэтныя задачы іншых прадпрыемстваў — у асноўным трэйдынгавых і хэдж-фондаў.
У той час аддаленая праца не была яшчэ паўсюдна прынятая. І атрымалася так: калі я ехаў на сумоўе з Рэдынга ў Гілфард, дарога ў офіс заняла ў мяне 30 хвілін. А потым дарога туды і назад па заторах у сама розрух займала да трох гадзін. Мяне гэта не задавальняла — столькі часу марнаваць. Праз гэта я і сышоў.
Я вельмі хутка вывучыў C#, SQL. Сыходзіў я ўжо ў CGI, якая ўваходзіць у дзясятку самых вялікіх кансалтынгавых кампаній.
…Тут выйшла цікавая гісторыя: я падаўся ў новую кампанію, бо іх офіс знаходзіўся недалёка ад майго дома. На інтэрв’ю шчыра прызнаўся, чаму сышоў з папярэдняй кампаніі: «ездзіць далёка — 3 гадзіны ў абодва бакі». Але на другі дзень працы мне сказалі: «У нас няма праектаў у гэтым офісе — мы адправім цябе ў іншы…» і вось калі раней я ездзіў у Гілфард, то цяпер мне трэба было ездзіць праз Гілфард — яшчэ далей… (смяецца).
І тым не менш я прапрацаваў там 1,5 года, бо ў гэтай кампаніі было заведзена так: калі ты не працуеш у офісе, куды аформлены па кантракце, — табе аплачваюць выдаткі на дарогу і плюс плацяць за час, праведзены ў дарозе. І 2 гадзіны туды і 2 гадзіны назад ужо не здаваліся мне змарнаванымі — бо мне за іх плацілі.
«Сышліся 2 фактары: што я даволі вядомы быў у .NET-асяроддзі і ў Microsoft бачылі мае кнігі»
У Microsoft самі прапанавалі мне працу.
А гісторыя такая: мне было мала працаваць праграмістам — недзе ад 2018 года я пачаў ствараць кантэнт: вёў блог, публікаваў курсы — спачатку на Udemy, а потым і на іншых пляцоўках.
Вядомае сярод праграмістаў выдавецтва Packt пабачыла мае курсы на Udemy і прапанавала «халтурку» — я запісваў для іх навучальныя відэа. А потым яны прапанавалі зрабіць кнігу.
І я напісаў кнігу. А пакуль чакаў, калі яе апублікуюць, падумаў, а ці не напісаць мне яшчэ адную — самастойна, без пасярэднікаў. І зрабіў.
Я посціў свае фота з кнігай у LinkedIn — і адзін з самых хуткарослых стартапаў Каліфорніі, Empower, прапанаваў мне працаваць на іх аддалена. Проста таму, што хтосьці ў іх убачыў мой пост з кнігай — «а нам такія патрэбныя».
Мне падабалася працаваць там: стартап дазваляў супрацоўнікам працаваць адкуль заўгодна — я 2 месяцы правёў на Балі. Але засмучала, што некаторыя сустрэчы былі зусім нязручныя для мяне па часе — бо ў мяне заканчваўся працоўны дзень, калі ў іх толькі пачынаўся. Часцей за ўсё гэтыя сустрэчы праходзілі апоўначы па брытанскім часе.
…Праз гэта я пачаў задумвацца пра сыход. Вось тут мне і патэлефанаваў рэкруцёр: «У Microsoft на праекце якраз побач з табой патрабуюцца людзі. Мы бачылі, што ты Microsoft MVP (гэта ўзнагарода, якую даюць людзям, якія робяць істотны ўнёсак у прасоўванне тэхналогіі Microsoft), і ты працуеш на Empower», — то-бок сышліся 2 фактары: што я даволі вядомы ў .NET-асяроддзі і што гэтыя людзі бачылі мае кнігі.
Так я і апынуўся ў Microsoft.
«Паводле апісання, у Amazon — пекла, а не сумоўе»
Мне сказалі, што сумоўе са мной было спрошчаным — усяго ў два этапы.
Зрэшты, я і сам гэта знаю: за 3 гады да гэтага мне прапаноўвалі працу ў Microsoft у Дубліне — і я праходзіў сумоўе, «як для ўсіх», але… не прайшоў!
Другі раз у мяне было даволі простае тэхнічнае інтэрв’ю і проста размова — як behavior-інтэрв’ю.
Стандартны ж працэс у Microsoft — гэта калі табе спачатку даюць тэставае заданне на платформе Codility (гэта штосьці накшталт LeetCode), а далей да пандэміі чалавека запрашалі ў офіс Microsoft, і там ён праходзіў 4 этапы — адзін за адным — на працягу дня, на кожны этап па 45-50 хвілін плюс невялікі перапынак паміж этапамі.
Свой цыкл сумоўяў у Microsoft я праходзіў у пандэмію — таму ён быў анлайн. І там, наколькі я памятаю, былі 3 розныя тэхнічныя інтэрв’ю — даволі складаныя… Але не такія складаныя, як у Amazon.
Мяне запрашалі ў Amazon і распісалі загадзя, з чаго будзе складацца сумоўе. А далей я пагутарыў са знаёмымі, якія там працавалі, і яны расказалі, як там. Паводле апісання — пекла, а не сумоўе.
У Microsoft табе проста даюць тэхнічныя задачы даволі адэкватныя. Чалавек, які практыкуе LeetCode пастаянна на ўзроўні medium, справіцца з іх рашэннем.
У Amazon жа на інтэрв’ю заўсёды ёсць чалавек — гэтая пасада называецца bar raiser, — задача якога пераканацца, што ты лепшы за 50% работнікаў кампаніі. Гэта каласальны ціск!
Але я адмовіўся ад інтэрв’ю ў Amazon не праз гэта, а таму што мае знаёмыя, якія там ужо працавалі, агучылі заробак, які там плацяць — і гэта не вышэй, чым было ў мяне. А яшчэ, атрымай я офер, — я мусіў бы ездзіць у лонданскі офіс, а гэта гадзіну ў адзін бок.
Плюс у Amazon ёсць такая рэч, як to be on call: раз на 4 тыдні кожны распрацоўшчык мусіць быць даступны 24/7. Супрацоўнікаў на дзяжурстве могуць падняць сярод ночы — і прымусіць фіксіць праблемы. У нас жа ў кампаніі такога не было. Таму вырашыў, што аўчынка вырабу не вартая.
У Microsoft я пішу код на .NET — падрабязнасцяў, вядома, раскрываць не магу. Мы распрацоўваем сістэму, якая пераносіць вялікую колькасць даных, звязаных з кліматам і зменамі надвор’я, — так што можна сказаць, што я працую па спецыяльнасці (смяецца). Іронія лёсу!
«У Амерыцы не цярпяць адгаворак, нават калі яны адэкватныя. А ў Брытаніі адкажуць: акей!»
Спачатку я жыў у Рэдынгу, а цяпер — у Брэкнеле (гэта гарадок на паўднёвы захад ад Лондана). Ён знаходзіцца пасярод кластара ІТ-кампаній. І заробкі там амаль такія ж, як у сталіцы (не лічачы FAANG і хэдж-фондаў, дзе плацяць больш).
Побач з Брэкнелам ёсць сасновы лес, што для Англіі вялікая рэдкасць, — і мне гэта нагадвае Беларусь. Тут я пачаў бегаць, хоць раней у мяне гэта не атрымлівалася, — і раблю гэта з задавальненнем, бо вакол настолькі прыгожа і паветра свежае.
Гэта вельмі зялёны, ціхі горад — без сталічнай мітусні, тут пад вокнамі птушкі спяваюць. Але калі трэба, я саджуся на цягнік і праз гадзіну я на станцыі «Ватэрлоа» — у самым цэнтры Лондана.
У сталіцы шмат фінансавых кампаній — трэйдынгавых і хэдж-фондаў. І гэта зразумела: Лондан трымаецца на тым, што там ёсць біржа, а многія мясцовыя ІТ-кампаніі абслугоўваюць лонданскую біржу.
А так у прынцыпе — як усюды: сярэднестатыстычныя кампаніі ствараюць софт для розных індустрый.
Стаўленне да працы спакойнае. Калі мы параўнаем з Амерыкай, то там, напрыклад, не цярпяць адгаворак, нават калі яны адэкватныя: у цябе не атрымліваецца штосьці задэліверыць да дэдлайну — і ты маеш на тое важкія прычыны. У ЗША скажуць: «Вох, зноў гэтыя прабачэнні!» А ў Брытаніі адкажуць: «Акей!» — гэта лічыцца нармальным, калі толькі ты не пачынаеш гэтым злоўжываць і ўся твая праца не складаецца з такіх адгаворак.
«Ніхто не імкнецца хутка пагасіць іпатэку — гэта нявыгадна»
Поўнач нельга параўноўваць з поўднем Англіі — гэта як быццам бы ўжо іншая краіна.
Калі я жыў на поўначы (у Скрыптане), я плаціў £370 на месяц за здыманне кватэры з двума пакоямі і залай. Але калі я пераехаў на поўдзень, мне давялося выкласці £700 за невялікую студыю. Вось так адрозніваюцца цэны на арэнду жылля. У Лондане цяпер адзін пакойчык каштуе амаль £1000 на месяц.
Так што цэны залежаць ад рэгіёна. Заробкі — таксама. Я не буду называць суму, якую атрымліваю, скажу, што яна шасцізначная.
Падатак у Вялікабрытаніі прагрэсіўны: калі ў цябе даход да £12 тысяч на год — ты не плаціш зусім нічога. Той, хто зарабляе ад £12 да £50 тысяч, праходзіць першы парогавы падатак — ён плаціць 20% ад таго, што зарабляе звыш £12 тысяч на год.
Пасля £50 тысяч табе даводзіцца плаціць ужо 40%. А калі твой гадавы даход даходзіць да £125 тысяч — ты будзеш плаціць ужо 45% (а яшчэ пасля £100 тысяч даходу ў цябе памяншаецца той першы парог у £12 тысяч).
Што яшчэ: людзі, якія працуюць як кантрактнікі, шукаюць спосабы, як плаціць менш падаткаў. Ёсць розныя схемы: напрыклад, мой калега адкрыў фірму і працаўладкаваў туды сваю непрацуючую жонку, налічвае ёй мінімальную зарплату — і падатак за гэта не плаціць.
Тут мала хто купляе кватэры — ва ўсіх дома. Купляць іх да нядаўняга часу было вельмі выгадна, так як тут іпатэка маленькая. Тыя, хто ўзяў цяпер, плацяць ад 6 да 8%, але, напрыклад, яшчэ нядаўна стаўка Цэнтрабанка была каля 1% — і ўсё плацілі 2% за іпатэку. І гэта значна менш, чым ты б плаціў за арэнду.
Ніхто не імкнецца пагасіць іпатэку — гэта нявыгадна. Напрыклад, я гэтага дакладна не буду рабіць: у мяне яшчэ стары працэнт — 2%, я яго зафіксаваў.
Я гляджу, колькі каштуюць дамы на маёй вуліцы — яны выраслі ў цане нашмат больш, чым той працэнт па іпатэцы, які я заплаціў і яшчэ заплачу. Таму я не бачу сэнсу расставацца з грашыма адразу. Іпатэку тут звычайна бяруць на 25-30 гадоў.
Але ўжо калі вельмі хочацца, то гадоў за дзесяць сеньёр-распрацоўшчык пагасіць іпатэку (можа быць, за пяць). Залежыць зноў жа ад рэгіёна: у якім-небудзь Брэдфардзе, дзе дамы можна знайсці менш чым за £100 тысяч, — там можна і за пару гадоў выплаціць іпатэку. Асабліва калі ўмоўны распрацоўшчык толькі жыве ў Брэдфорде, а працуе аддалена на лонданскую кампанію. На поўдні Англіі яму будзе цяжэй, бо тут дамы каштуюць каля £300-500 тысяч, але таксама пад’ёмна.
«Нейкі час я нават не згадваў у сваім рэзюмэ, якая ў мяне адукацыя. І ніхто не пытаўся»
Фёдар часта піша ў Threads пра тое, што ў ІТ можна прыйсці, абыходзячы ўніверсітэт, і што вышэйшая адукацыя ў прынцыпе праграмісту не трэба, — і за гэта сутыкаецца з хэйтам (у асноўным, ад распрацоўшчыкаў з постсавецкіх краін).
У Еўропе ніхто не лічыць праграміста з дыпломам «трушнейшым» за самавука. Нейкі час я нават не згадваў у сваім рэзюмэ, якая ў мяне адукацыя. І ніхто не пытаўся. Звычайна ў вакансіях у Брытаніі пішуць: degree or equivalent, і пад другім яны разумеюць досвед у гэтай прафесіі — і калі ён ёсць, то ўжо не так важна, у якой вобласці ў цябе адукацыя.
Сам я ў ролі наймальніка таксама звяртаю ўвагу на 2-3 месцы працы або чытаю апісанне, што яны рабілі. Уніз — туды, дзе напісана, якая ў іх адукацыя — нават не прагортваю. І іншыя людзі робяць гэтак жа сама — я дакладна гэта знаю.
У мяне ёсць знаёмы распрацоўшчык з Украіны — без спецыяльнай адукацыі робіць выдатную кар’еру тут. Я ўвесь час працую з амерыканцамі, а акрамя гэтага дапамагаю ўніверсітэтам і буткэмпам у ЗША ствараць адукацыйны кантэнт — і ні ў Амерыцы, ні ў Англіі я не бачыў розніцы паміж праграмістамі з дыпломамі і без іх.
Універсітэт не дае нейкіх сакрэтных ведаў — ты можаш навучыцца з дапамогай інтэрнэту, а ўсё, што праграміст практыкуе, можна практыкаваць на любым камп’ютары.
Усе веды ёсць у кнігах і ў інтэрнэце, а не толькі ў галовах двух-трох абраных (то-бок выкладчыкаў). І нават курсы такіх топавых універсітэтаў як MIT ёсць на YouTube і на Coursera — бяры і вучыся! Мне здаецца, проста некаторым распрацоўшчыкам крыўдна, што яны змарнавалі столькі гадоў на тое, на што марнаваць было не абавязкова.
Дарэчы, дзеля цікавасці я паглядзеў праграму аднаго з вядучых тэхвузаў Беларусі — не буду казаць якога. Вы таксама можаце ўзяць і параўнаць з праграмай любога еўрапейскага ўніверсітэта — там куча прадметаў, якія вам як спецыялісту не спатрэбяцца наогул ніколі ў жыцці.
Усебаковае развіццё — ну, можа быць. Але я даўно выкладаю, а таксама ментару распрацоўшчыкаў, — і ведаю: чаго чалавек не выкарыстоўвае, тое ён забывае. Я не памятаю біялогіі, якую калісьці вывучаў.
Але я згодны з адным: праграмісту, які саманавучаецца, патрэбны ментар, інакш яму будзе складана зразумець, што яму спатрэбіцца, а што — не. Без падтрымкі можна зайсці ў тупік. І гэта плюс структураванага навучання — як у ВНУ. Але, з іншага боку, буткэмпы даюць тое ж самае.
Фінальнае. Чаму вучыцца джунам?
Я б парэкамендаваў вывучаць C# і .NET. На пачатку свайго шляху я думаў: можа, мне паглядзець Java або нейкія іншыя мовы і платформы, але на C# было шмат вакансій, а пасля 2016 года — яшчэ больш. Таксама вы не памыліцеся, калі возьмеце JavaScript — гэтая мова вельмі запатрабаваная.
Читать на dev.by