Гендырэктар пачаў даваць фідбэк саіскальнікам проста на сумоўі — рашэнне прымае па рэакцыі
Звычайна кандыдаты атрымліваюць зваротную сувязь пасля сумоўя (калі наогул атрымліваюць). Кіраўнік адукацыйнай пляцоўкі Maven і суаснавальнік Udemy Гаган Біяні вырашыў не марнаваць час і выказваць крытыку проста ў твар саіскальнікам, нават на панэльных інтэрв’ю.
Ён назваў рэакцыю саіскальніка на фідбэк у прамым эфіры «самай паказальнай часткай» сумоўя, а часта і вырашальным фактарам таго, атрымае чалавек працу ці не.
Для саіскальніка гэта можа быць сапраўдным кашмарам. Некаторыя, напрыклад, упадаюць у ступар ці крыўдзяцца — а значыць, «не падыходзяць» кампаніі. У людзей, якія зацікаўлены ў крытыцы, шанцаў быць прынятымі значна больш.
Біяні звычайна пакідае гэты тэст на дэсерт — для тых саіскальнікаў, у якіх бачыць патэнцыял. Але часам закідвае і тым, хто яму спадабаўся, хоць не вельмі падыходзіць на пазіцыю. Правільнага ці няправільнага адказу тут няма і не можа быць — Біяні нават вітае, калі кандыдаты схопліваюць фідбэк на ляту і змяняюць адказы.
Меркаванні каментатараў пад постам Біяні падзяліліся. Адным такая ідэя спадабалася, бо гэта выдатны спосаб праверыць, наколькі чалавек успрымальны да крытыкі і ці прыжывецца ў культуры з празрыстай камунікацыяй. Іншыя пярэчылі, што гэта правярае толькі здольнасць чалавека падаўляць свае рэакцыі на прыніжэнне і стрэс у абмен на працу, а не псіхічную ўстойлівасць і імкненне расці. Трэція заўважылі, што чалавек можа рэагаваць на крытыку зусім па-рознаму ў штодзённай працы і ў момант, калі стаўкі высокія, і што часам патрэбны час, каб абдумаць крытыку і адэкватна адказаць.
Кар’ерныя коўчы настроены скептычна, бо ў сітуацыі, калі паміж людзьмі яшчэ не наладжаны адносіны і на кану офер, такі тэст наўрад ці дапаможа справядліва ацаніць кандыдата як працаўніка. Яны адзначаюць, што такі тэст падыдзе кампаніі, дзе псіхалагічная бяспека нічога не значыць і дзе любяць ставіць людзей у няёмкае становішча і трыгерыць траўмы. У адваротным выпадку працэс сумоўя павінен адлюстроўваць штодзённае працоўнае асяроддзе кандыдата.
Іншыя эксперты лічаць, што тэст цалкам ужывальны ў тых выпадках, калі пазіцыя прадугледжвае пастаянны фідбэк, уменне хутка адаптавацца пад яго і працаваць у стрэсавых умовах. Але ўсё роўна можа быць жорсткім — гледзячы як праводзіць, бо нават добры спецыяліст можа разгубіцца, калі яго пачнуць разбіраць па костках, асабліва перад чужымі людзьмі.
Читать на dev.by